Родительское собрание №3

Семья

Бацькоўскі сход № 3
Дзіця-гарэза

Дзеці – народ рухавы. І гэта добра, гэта правільна, калі  дазваляць дзецям гуляць, бегаць,  скакаць – словам, выплюхваць з сябе лішнюю энергію. А яе, гэтай энергіі, у іх бясконца шмат. Здаецца, колькі можна снаваць, як мурашкі, дурэць, часта ў дарослых здаюць нервы, і тыя асаджваюць малых, цыкаюць на іх, тузаюць за руку, каб вялі сябе стрымана. Як дарослыя.
А дзеці – не дарослыя. Гэта трэба зразумець перш за ўсё. Асабліва крыкліва-гарэзлівае племя – дзеці да васьмі-дзесяці гадоў. У пару так званага цяжкага ўзросту,  у падлеткавыя гады, паводзіны ў дзяцей іншыя, не менш складаныя, аднак пагаворым пра тое, як усё ж паводзіць дарослым з дзіцём-гарэзай да школы і калі ён стане вучнем пачатковых класаў.
Спярша трэба засвоіць адну прапісную ісціну: не крычаць на дзіця, калі яно гарэзуе. Крычаць – толькі шкодзіць. Пасля таго, як бацькі забароняць нешта рабіць, малы на нейкі час сапраўды супакоіцца, а затым зноў пачне сваволіць. Трэба наладзіць з ім гульню, аддаць трохі вольнага часу, затое калі дзіця падрасце, зразумееце, як разумна паступілі. Напрыклад, гульня “Што грузілі на параход?”, “Што пакладзём у кузаў?” або гульня у магазін, у бальніцу (пераважна для дзяўчынак). Трэба загадзя падрыхтавацца да гульні-занятку: мець пад рукою ўсё, што трэба. Калі пачняце шукаць, увага ў дзіцяці рассеецца. Прычым калі ў гульні трэба бегаць, то гэта давядзецца рабіць і арганізатару гульні. І што важна: лепш заняткі па пяць хвілін, але на дні па тры разы, чым штотыднёва па паўгадзіны.
Многія бацькі прызнаюцца: яны горш за ўсё баяцца істэрык у магазіне кшталту: “Купі-і-іі!”. Маці  тузае дзіця за руку, зрываецца на крык або наадварот, бярэ ў карзінку ўсё, што малы ні папросіць. І тое, і другое – з пункту гледжання выхавання, дрэнна. З малых гадоў важна да дзіцяці давесці думку, што шмат салодкага – гэта кепска. Для зубоў, наогул для здароўя. Лепш купіць цукерак ці зефіру загадзя, трымаць гэтыя ласункі дома і даваць іх час ад часу. Можна заахвочваць. Хаця і захапляцца гэтым не трэба. Псіхолагі  сцвярджаюць: калі будзеш гаварыць: “З’ясі супчык або катлету, дам табе цукерку”, гэта “схема” можа ўвайсці ў звычку. Дрэнную звычку: дзіця павінна есці не таму, што напрыканцы полудня яго чакаюць прысмакі. Лепш зрабіць так, як зрабіў загадчык дзіцячага садка ў фільме “Джэнтльмены ўдачы”. Ён папрасіў малышоў узяць у рукі лыжкі і, перш чым паляцець на касмічным караблі, як мае быць падсілкавацца. Такое заахвочванне вітаецца.
Дзіця-непаседа не так ужо і дрэнна. Галоўнае, каб не вырас з яго які-небудзь басяк, нягоднік. Для гэтага трэба вучыць дзіця, старанна і настойліва, добрым манерам,  вучыць дзяліцца з сябрам цукеркамі, не рабіць шкоду. А нашкодзіць у кватэры ён можа ў час свавольства нямала. Таму перад гульнёй (пажадана пад кантролем дарослых, а лепш – з іх удзелам) трэба схаваць усё, што б’ецца, зачыніць усе куфры і шуфлядкі, не купляць у ягоны пакой мэблі з вострымі вугламі. Калі ўсё ж такая мэбля ўжо куплена, трэба змякчыць вуглы мяккай тканінай. Не забываць, што сыну ці дачцэ трэба некуды дзяваць сваю энергію, а калі набегаецца, стоміцца, ён лепш паспіць і паесць. Вядома, лепш гуляць яму на вуліцы, на чыстым паветры. З сябрамі ці зноў-такі з удзелам дарослых. Не трэба баяцца, што гарэзлівасць дарослых няправільна зразумеюць усе, хто акружае ці праходзіць міма.
Тое самае і з гіперактыўным дзіцём. Не стрымліваць ягоныя парыванні, ягоную актыўнасць, а накіроўваць яе ў правільнае рэчышча. Каб дзіця, гуляючы,  адрознівала паняцці: дабро – зло, шчодрасць – скупасць, лагоднасць – жорсткасць, карыснае – шкоднае, сумленнае – няшчырае ці ганебнае.
І апошняе. Гарэзлівасць у дзіцячыя гады – не загана, яе баяцца не трэба. Наадварот, трэба баяцца і трывожыцца, калі дзіця ціхае, нейкае замаруджанае і самотнае. Калі такое заўважылі, бацькам пажадана звярнуцца да псіхолага, да іншых спецыялістаў з тым, каб пераканацца, што дзіця не хворае, што адзінота – гэта стан яго душы. Бываюць жа па тэмпераменце не толькі сангвінікі, а і флегматыкі і нават меланхолікі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў № 3 ад 13.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *