Парни мужественной профессии

Актуалии Общество

Прафесія, прызванне і лёс
19 студзеня – Дзень выратавальнікаў. Гэта свята мужных, свята тых, хто ратуе людзей, дапамагае ў розных надзвычайных сітуацыях.
У гэтую прафесію ідуць самыя смелыя і рашучыя, упэўнены начальнік РАНС А. І. Сасновіч. І такіх у райаддзеле паўсотні чалавек. Гэта камандзіры аддзяленняў, пажарныя, вадзіцелі, дыспетчары. Дзеля бяспекі жыхароў раёна яны дзяжураць па зменах кругласутачна. У распараджэнні выратавальнікаў 9 адзінак тэхнікі, прычым чатыры з іх знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці.  “За мінулы год нашы супрацоўнікі патушылі 24 пажары,  – расказаў намеснік начальніка РАНС Д. А. Красоўскі. – Выратавалі дзве адзінкі тэхнікі, 33 будынкі і матэрыяльныя каштоўнасці больш як на 467 мільёнаў рублёў. Выязджалі ў мінулым годзе на чатыры дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх выратавалі аднаго вадзіцеля. Летась нашы супрацоўнікі больш за 400 разоў выязджалі да месцаў вучэнняў, для забеспячэння пажарнай бяспекі на святочных мерапрыемствах і на ліквідацыю надзвычайных сітуацый. Правялі 86 прафілактычных рэйдаў, устанавілі ў дамах пенсіянераў і мнагадзетных сем’яў больш за паўсотню пажарных апавяшчальнікаў”.
Адным з лепшых кіраўніцтва РАНС назвала каравул № 1. Тут падабраліся вопытныя, вынослівыя і кемлівыя хлопцы. Яны лічаць, што выратавальнік – гэта не проста прафесія, а стыль жыцця, прызванне і лёс. І пацвярджэннем гэтаму служыць нядаўні выпадак. Начальнік каравула Аляксей Грыгор’еў у выхадны дзень у Віцебску выпадкова стаў сведкам дарожна-транспартнага здарэння. Да прыезду віцебскіх выратавальнікаў Аляксей дапамог пацярпелым выбрацца з кабіны аўтамабіля, аказаў першую медыцынскую дапамогу. “Проста не змог паступіць інакш і праехаць міма”, – усміхаецца Аляксей.
Пра сваю прафесію расказалі і іншыя работнікі каравула. “Работа выратавальнікаў патрабуе хуткай рэакцыі і практычнай поўнай адсутнасці страху ў барацьбе з агнём, у ліквідацыі надзвычайных сітуацый”,  – лічыць камандзір аддзялення Віктар Полацкі.
“Тыя, хто працуе ў РАНС – людзі з добрымі  і смелымі сэрцамі, – дадае камандзір аддзялення Іван Цітоў. – Толькі такія могуць быць неабыякавымі да чужой бяды і болю іншых людзей”.
Дарэчы, за значны ўклад і папярэджанне надзвычайных сітуацый і высокія вынікі аператыўна-службовай дзейнасці напярэдадні свята шумілінскім выратавальнікам уручаны памятныя нагрудныя знакі “15 год органам і падраздзяленням, падначаленым МНС Рэспублікі Беларусь”. Такой ўзнагароды ўдастоены начальнік аварыйна-выратавальнага паста № 11 Віктар Баганаў,  начальнікі каравулаў Аляксей Грыгор’еў і Аляксандр Стрыжнёў, камандзіры аддзяленняў Іван Цітоў, Валянцін Калугін і Юрый Скорынаў, дыспетчар Аляксей Шамшура, вадзіцелі Іван Бяззубенка, Андрэй Гардзіенка, Міхаіл Дзяцел, Сяргей Лукша, Пятро Марчук і Міхаіл Дземідзенка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 16.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *