Криминальная ответственность за наркотики — до 20 лет

Закон

Узмацняецца адказнасць за наркотыкі
У Беларусі ўзмацняецца крымінальная адказнасць за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, а таксама меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з іх ужываннем. Гэта прадугледжана Дэкрэтам №6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2015 года.
Дэкрэт накіраваны на абарону жыцця і здароўя беларусаў, стварэнне ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спыненне наркаманіі як пагрозы для дэмаграфіі і здароўя нацыі. Уводзіцца комплекс неадкладных мер па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў. Прадугледжваецца максімальная актывізацыя намаганняў дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, дабравольных дружын, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый. Прадугледжаны дадатковыя паўнамоцтвы МУС па каардынацыі дзейнасці.
Узмацняецца  крымінальная адказнасць за злачынствы, якія звязаны з незаконным абаротам наркотыкаў. Так, павялічваецца максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці абцяжарваючых прыкмет (напрыклад, здзейсненыя групай асоб, ці ў буйным памеры, ці на тэрыторыі школы і г. д.), – з 13 да 15 год; збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму – з 8 да 15 год; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, здзейсненыя арганізаванай групай, – з 15 да 20 год, а таксама за выраб ці перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах – з 8 да 20 год.
Уводзіцца крымінальная адказнасць за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека у выніку ўжывання ім наркотыкаў (пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 15 год); незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу Беларусі пры адсутнасці прыкмет кантрабанды (да 12 год); паўторнае на працягу года (пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж  парушэнне) ужыванне наркотыкаў у грамадскім месцы, ці з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення, ці знаходжанне ў такім стане на рабочым месцы ў рабочы час (максімальнае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады).
Зніжаецца ўзрост наступлення крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 год.
Узмацняюцца меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з ужываннем наркотыкаў. Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення (штраф – ад 5 да 10 базавых велічынь (БВ)); непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам ці юрыдычнай асобай мер па недапушчэнні на дыскатэках, у культурна-забаўляльных (начных) клубах, гульнявых установах ужывання наркотыкаў ці іх збыту, а таксама за неінфармаванне органаў унутраных спраў пра падобныя факты (штраф – ад 20 да 50 БВ).
Павялічваюцца максімальныя памеры штрафаў за знаходжанне на рабочым месцы ў рабочы час у стане наркатычнага ап’янення (з 10 да 12 БВ); ужыванне наркотыкаў без назначэння ўрача ў грамадскім месцы (з 8 да 15 БВ).
Замацоўваюцца палажэнні, якія дазваляюць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесяў, “спайсаў”) і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюджвальнікаў. Прадугледжваецца ўдакладненне паняцця аналагаў наркотыкаў, якое дазваляе адносіць да іх больш шырокі спектр хімічных рэчываў. Максімальна спрашчаецца працэдура аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў і ўвядзення тым самым забароны на іх незаконны абарот у Беларусі.
У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджання наркотыкаў з дапамогай інтэрнэту замацоўваецца механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інтэрнэт-рэсурсаў, якія ўтрымліваюць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Уладальнікі інтэрнэт-паслуг цяпер абавязаны аналізаваць змест сваіх інтэрнэт-рэсурсаў, не дапускаць іх выкарыстання для распаўсюджання матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў, а таксама інфармаваць органы ўнутраных спраў пра спробы распаўсюджання такіх матэрыялаў.
Таксама на пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг ускладаюцца абавязкі забяспечыць з 1 студзеня 2016 года фарміраванне і захоўванне актуальных звестак аб наведванні карыстальнікамі інтэрнэту інтэрнэт-рэсурсаў у парадку, што вызначыць Мінсувязі.
З 1 сакавіка гэтага года ствараецца адзіная сістэма ўліку асоб, якія ўжываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх аналагі.
Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя ўладальнікаў электронных кашалькоў, створаных у электронных плацежных сістэмах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.
А. ГАСАНАЎ, памочнік пракурора Шумілінскага раёна.
Надрукавана ў №5 ад 20.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *