Новогоднее поздравление жителям района от председателя райисполкома

Актуалии Официально

“Няхай 2011 год прыйдзе з мірам і дабром, верай, надзеяй і любоўю”
Навагодняе пасланне жыхарам раёна ад старшыні раённага выканаўчага камітэта

Паважаныя жыхары Шуміліншчыны!
Дарагія землякі!
Новы 2011 год стукае ў нашы дзверы. Але перш чым сустрэць яго, азірнёмся на хвілінку на год адыходзячы, скажам яму дзякуй за ўсе добрыя справы, за поспехі і набыткі.
Нямала зроблена ў 2010 годзе на Шуміліншчыне. Наш раён развіваўся стабільна і паступальна.
Захаваны ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця. У рамках выканання Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла магутны тэхнічны патэнцыял атрымаў аграпрамысловы комплекс раёна. Маштабнымі можна назваць дасягненні будаўнічай галіны, сёлета ў раёне пабудавана амаль 10 тысяч квадратных метраў жылля. На рэйкі тэхналагічнага аднаўлення пераводзіцца прамысловая галіна.
Стабільная сітуацыя на рынку працы. Толькі за 2010 год у раёне створана  315 новых рабочых месцаў.
Паспяхова рэалізуецца шэраг праграм сацыяльнай накіраванасці. Аднаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база аб’ектаў медыцыны, культуры, аховы здароўя, фізкультуры і спорту. Вялікая работа праводзіцца па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на зямлі.
За гэты год мы сталі больш мудрымі, набылі новы вопыт рашэння праблем, многае зрабілі для таго, каб упэўнена глядзець у будучае.
Я ўдзячны жыхарам Шуміліншчыны за давер да ўлады, разважлівасць і мудрасць.
Словы шчырай удзячнасці хачу выказаць кіраўнікам працоўных калектываў, работнікам сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, урачам, настаўнікам, творчай інтэлігенцыі, ветэранам і моладзі – усім, хто сваёй працай памнажае эканамічны патэнцыял раёна, робіць наш край багацей і прыгажэй.
Навагоднія святы – прыемная магчымасць яшчэ раз сказаць усім вам, дарагія сябры, дзякуй за працу, дзякуй за любоў да нашага краю!
Надыходзячы год ставіць перад намі новыя задачы, звязвае іх з рухам наперад, інавацыйным развіццём краіны. Упэўнены, нам пад сілу выканаць намечанае. Для гэтага ў нас ёсць усё: працалюбівыя і таленавітыя людзі, прадуманая праграма на перспектыву.
Дарагія землякі! Няхай 2011 год прыйдзе ў наш агульны дом з мірам і дабром, верай, надзеяй і любоўю, прынясе ў падарунак радасць, шчасце і ўдачу.
Ад усёй душы жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя і дабрабыту, душэўнай цеплыні, узаемаразумення, многа радасці і светлых дзён. Няхай тое, што вас цешыла ў адыходзячым годзе, абавязкова знойдзе свой далейшы працяг.
Новых поспехаў вам і здзяйсненняў. Няхай у наступным годзе лёс да вас будзе прыхільны і светлы, а шчаслівых людзей у нас будзе больш!
Няхай збываюцца ўсе мары і добрыя жаданні!
З Новым годам! З новым шчасцем!
Надрукавана ў №102 ад 31.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *