Семья собралась на совещание

Семья

Сямейная нарада
Многія псіхолагі як адзін з самых эфектыўных сродкаў бацькоўскага выхавання аддаюць перавагу сямейнай нарадзе. Гэту думку падтрымлівае і педагог-піхолаг Н. М. Кліменцьева з Цэнтра карэкцыйна-разіваючага навучання і развіцця аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. І не толькі таму, што практычна ўсе праблемы можна рашыць, проста сабраўшыся за “круглым сталом”.  Справа ў тым,  піша ў лісце ў рэдакцыю Наталля Мікалаеўна, што менавіта ў сям’і дзіця з пялёнак атрымлівае першае ўяўленне аб свеце, вучыцца мастацтву гаварыць, адносінам да навакольных прадметаў, здольнасці ствараць, адчуваць, спачуваць і радавацца. Пры гэтым яму даецца магчымасць вучыцца на ўласных памылках, якія даруюцца бацькамі, нягледзячы на якія бацькі ўсё роўна малое любяць. І што самае каштоўнае: на сямейных нарадах нараджаецца сапраўдная блізкасць.
Многіх бацькоў здзівіць, наколькі лёгка рашаюцца самыя складаныя праблемы, калі сямейнікі збяруцца на сваю нараду хаця б раз на тыдзень. А для таго, каб сустрэчы праходзілі плённа, з карысцю, трэба перад гэтым усё прадумаць як след. Напрыклад, выбраць час, зручны для ўсіх сямейнікаў, загадзя вывешваць “парадак дня” нарады, у які кожны можа ўпісаць свае прапановы. Пачынаць трэба з разгляду добрых учынкаў і не трэба скупіцца на пахвалу.
Выберыце старшыню нарады і сакратара. Старшыня вядзе яе, сакратар запісвае прынятыя рашэнні і адзначае рознагалоссі. Калі не ўдаецца дамагчыся кампрамісу, выслухайце думку кожнага. Бацькі як больш умудроныя жыццёвым вопытам  павінны прывесці да згоды. Можна адкласці рашэнне да наступнай сустрэчы. А часцей за ўсё дастаткова проста выслухаць усіх. Дарослыя часта лічаць, што іхняя думка самая правільная, а рашэнне – самае справядлівае. Так бывае далёка не кожны раз, і дарослым трэба навучыцца палемізаваць, даказваць, адстойваць сваю думку.
Не трэба баяцца мяняць, калі гэта трэба, сямейны расклад, улічваючы і вандроўкі, якія раней не планаваліся, і паходы ў тэатр, кіно.  Пераканайцеся, што ў сямейных планах хапае месца для вясёлых святаў.
Некаторыя сем’і заканчваюць  нараду сумеснымі гульнямі або “салодкім сталом”. Аднак нельга забываць, што разам з весялосцю гульні павінны несці і дзелавы характар.
Многія бацькі чакаюць ад рашэння на сямейных нарадах высокага эфекту. Не трэба цешыць сябе ілюзіямі. Толькі настойлівая работа нарады, паслядоўная пазіцыя саміх бацькоў прынясуць жаданы эфект. Выберыце ідэю і паглядзіце, як яна “працуе” на працягу тыдня.  Калі трэба, выносьце яе на парадак дня нарады да таго часу, пакуль не зразумееце, што дамагліся свайго.
Помніце: тое, што сееце на будучае, значна больш важнае за тыя няўдачы і расчараванні, якія напаткаюць часам у працэсе выхавання. Няўдачы проста загартоўваюць, даюць патрэбны жыццёвы досвед.
Падрыхтаваў
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *