Пригласили на комиссию по делам несовершеннолетних

Закон Общество

“Да мамкі не хачу, лепш у прытулак
На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, якую правёў яе кіраўнік намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Усіх запрошаных на камісію можна было раздзяліць на дзве катэгорыі: тых, хто трапіў сюды першы раз (і, спадзяемся, апошні) па свайму ж глупству, і тых, хто тут пастаянныя “кліенты”. На жаль, апошніх было значна больш.  І практычна ўсе яны прайшлі выправанне саракаградуснай вадкасцю. Некаторыя вырашылі паспрабаваць смак цвярозага жыцця, але атрымалася не ва ўсіх. Калі дакладна: “Перашкодзілі навагоднія святы. Ну, як жа не адзначыць, як не выпіць?” І гэта нягледзячы на тое, што дзяцей забралі ў прытулак. Многія з абавязаных бацькоў на папярэднім пасяджэнні кляліся і ў хаце прыбраць, і шпалеры паклеіць, і дзяцей у прытулку наведваць. А яшчэ – спраўна хадзіць на работу, бо гэта абавязкова, калі хочаш вярнуць дзіця. Але тыя клятвы былі так даўно – ажно ў мінулым годзе.
А вось для некаторых дзетак Новы год і зусім не быў святам.  Бо перад самым Новым годам дзеці аказаліся ў прытулку. Гэта быў немалы стрэс, асабліва для падлеткаў. Як паказвае жыццё, ніводнае дзіця не хоча апынуцца ў гэтай установе. Яно лепш будзе з бацькамі-п’яніцамі, абы дома. Выключэнне складае адна 13-гадовая дзяўчына. Пасля чарговых матчыных пабояў яна збегла з дому. І калі быў выбар, вярнуцца дадому ці ехаць ў прытулак, дзяўчынка сказала: “Да мамкі не хачу, лепш у прытулак”.
Што ж такое павінна здарыцца ў сям’і, каб дзіця не хацела туды вяртацца? Сацыяльныя педагогі і псіхолагі сцвярджаюць, што ў дзяўчынкі душэўная траўма: некаторы час яна жыла ў дзіцячым доме, бо мамку калісьці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Узнавілася ў бацькоўстве, адумалася, але ненадоўга: праз некаторы час дзяўчынка аказалася ў прытулку. І цяпер кажа, што дадому не хоча вяртацца. Там б’юць, там не разумеюць, там пра яе не клапоцяцца.
“Так, дачка не начавала дома, таму я пабіла яе шнуром ад праса”, – расказала маці. Яна назвала сваю дачку лайдачкай, якая “і ў сваім пакоі ні разу не падмяце”. А вось настаўнікі і работнікі прытулку характарызуюць дзяўчынку як спакойную, працалюбівую і старанную. Больш таго, маці патэлефанавала ў прытулак і сказала сваёй дачцэ страшнае: “Ты мне не патрэбна. Я ад цябе буду адмаўляцца”.  Такі ўдар ад роднага чалавека.
Работнікі прытулку былі сведкамі гэтай размовы, доўга не маглі супакоіць дзяўчынку, якая  зараз нават і чуць не хоча слова “мама”. Напэўна, гэтай жанчыне наўрад ці ёсць сэнс нагадваць пра мацярынскі доўг. Тым не менш з маці і з дачкой працуюць псіхолагі. Яны стараюцца ўрэгуляваць бацькоўска-дзіцячыя ўзаемаадносіны.
Пасля пасяджэння камісіі ў адных бацькоў, якія любяць заглядваць у чарку,  дачка была змешчана ў прытулак. Але яе цёця збірае дакументы, каб аформіць над дзяўчынкай апякунства.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *