В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

У Камітэце Дзяржкантролю
Вал зваротаў не змяншаецца

Работа са зваротамі грамадзян – адно з самых важных звёнаў у дзейнасці Камітэта. Недаацэнка гэтага накірунку прыводзіць  да дыскрэдытацыі, падрыву аўтарытэту мясцовых  органаў улады.
За 2014 год у Камітэт вобласці паступіла 539 пісьмовых зваротаў грамадзян (у 2013 годзе было 444) і 69 зваротаў юрыдычных асоб (2013 г. – 104). Прынята 369 грамадзян (2013 г. – 275). Нямала паступіла і электронных зваротаў.  Найчасцей звароты датычыліся камунальна-бытавых пытанняў, прыватызацыі жылля, дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый.
Большасць зваротаў паступала ад жыхароў г. Віцебска, колькасць іх павялічылася. Такая ж тэндэнцыя ў многіх раёнах вобласці (зменшыўся паток зваротаў толькі з Ушацкага, Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лёзненскага і Талачынскага раёнаў).
Камітэт вобласці самую пільную ўвагу ўдзяліў паўнаце і якасці адказаў, эфектыўнасці мер па абароне законных інтарэсаў грамадзян. За праколы ў рабоце адзначанага накірунку за 2014 год прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 18 чалавек, 38 службовых асоб пакараны ў дысцыплінарным парадку.

Пасля  “Дажынак-2014” у  Гарадку
У верасні 2014 года ў Гарадку быў праведзены абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2014”. У цэлым дзякуючы значным фінансавым інвестыцыям тут удалося выканаць вялікія аб’ёмы будаўнічых работ. Аднак імкненне рашыць усе набалелыя праблемы па рамонце  старых і стварэнні новых дарагіх сацыяльных аб’ектаў не былі ўвязаны з магчымасцямі мясцовага бюджэту. У выніку на снежань 2014 г. утварылася пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць у суме амаль 35 мільярдаў рублёў. Па многіх аб’ектах работы не былі пачаты, а бюджэтныя сродкі пайшлі на аплату праектнай дакументацыі.
Напрыклад, па лініі ЖКГ з запланаваных для рэканструкцыі 66 вуліц да работы прыступілі ўсяго на 37, пры гэтым на 35 з іх праведзены бягучы рамонт. Не закончаны капрамонты на будынках цэнтральнай раённай бальніцы, РЦГЭ, з 15 аб’ектаў аддзела адукацыі  своечасова ўведзены  ўсяго адзін – рамонт будынка майстэрні каледжа. Многія аб’екты аддзела перанесены на 2015 год.
Пры праверцы ўпраўлення капітальнага будаўніцтва  Гарадоцкага раёна ўстаноўлены факты неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў у суме 1591,6 мільёна рублёў (яны пайшлі на аплату за праектна-каштарысную дакументацыю, якая так і засталася незапатрабаванай).
У ходзе кантрольных мерапрыемстваў Камітэтам вобласці накіравана прапанова Гарадоцкаму райвыканкаму па скарачэнні бюджэтных выдаткаў па непачатых будаўнічых аб’ектах. У выніку забяспечана скарачэнне расходаў мясцовага бюджэту на 3 мільярды рублёў.

Што ў продажы і якой якасці?
Камітэт дзяржкантролю ў студзені 2015 года правёў кантрольныя мерапрыемствы па стану спажывецкага рынку  Віцебскага і Гарадоцкага раёнаў. Адзначана, што ў Віцебскім раёне  ў 6 абследаваных гандлёвых аб’ектах  КГУП “Віцебская ўніверсальная база” ўстаноўлены выпадкі адсутнасці ў продажы многіх тавараў, у адным з магазінаў пакупнікам прапаноўваліся 24 найменні тавараў з прайшоўшым тэрмінам прыгоднасці на суму 2 мільёны рублёў, у другім магазіне  – на суму 0,7 мільёна рублёў.
Пры аглядзе сховішчаў Гарадоцкага райпо, размешчаных у г. Гарадку, устаноўлена, што бульба, расфасаваная  ў сеткі, мела шматлікія ачагі гнілі (да 10% адбракоўвалася).
Падрыхтаваў Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў № 9 ад 03.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *