На торфе предприятие зарабатывает валюту

Экономика

Торф прыносіць валюту
Начальнік участка вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы  торфу ВУ “Полацкгаз” В. М. Серафімовіч з гордасцю зазначае, што прадпрыемства павялічвае аб’ёмы вытворчасці. І пра гэта сведчаць мінулагоднія паказчыкі.
Так, тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі  пры плане 105,7% у 2014 годзе склаў 110,9%,  адкрылі дадаткова сем рабочых месцаў, і зараз тут працуюць 95 чалавек.
“За мінулы год здабылі 21,9 тысячы тон  торфу, у тым ліку 13,2 тысячы  – верхавога, – удакладняе Васіль Мікалаевіч. – Увогуле аб’ёмы здабычы павялічыліся ў параўнанні з 2013 годам на 1,7 тысячы тон”.  Начальнік участка адзначае, што за гэтымі лічбамі  – карпатлівая работа спецыялістаў і рабочых.
“Вельмі задаволены, што наш участак працуе стабільна, без збояў, – адзначае Васіль Мікалаевіч. – Ды і заробак прымальны. Так, сярэднямесячная зарплата за мінулы год склала 5,2 мільёна рублёў (у 2013 годзе была 4,2 мільёна). Людзі трымаюцца за работу, у нас няма выпівох і лайдакоў. Кожны дзень прыходзяць абальчане, каб уладкавацца на работу. Але, на жаль, пакуль вакансій няма. У мінулым годзе да нас прыйшлі трое маладых спецыялістаў: бухгалтар і два майстры па здабычы торфу”.
Разам з начальнікам участка мы наведваем цэх кіпоўкі. Сюды па чыгунцы з радовішчаў Чысцік і Сідзень прывозяць торф.  У яго дадаюць азотныя, калійныя, фосфарныя ўгнаенні, даламітавую муку. Затым на спецыяльным абсталяванні фарміруецца грунт “Дзвіна плюс”, які карыстаецца папулярнасцю не толькі ў мясцовых агароднікаў, але і ў сталічным і віцебскім прадпрыемствах “Сортнасенгародніна”, і нават у замежных пакупнікоў.
Побач стаяць прэсы для вырабу вялікіх біг-боляў па 4,5-5,5 кубічных метраў. Такі торф у асноўным ідзе на экспарт: у Турцыю, Латвію, Расію. Прычым, за мяжой аддаюць перавагу торфу без дабавак і мінеральных угнаенняў. І ў час нашага прыезду на пляцоўцы грузілася фура на Турцыю. Дарэчы, план па экспарце летась перавыканалі. Так, з продажу меркавалі атрымаць  790 тысяч долараў ЗША, а выручылі на 7 тысяч долараў больш, падлічылі эканамісты.
Асобная гаворка пра кавалкавы торф, які з кожным годам карыстаецца ўсё большай папулярнасцю. Калі ў 2013 годзе яго вырабілі 8,1 тысячы тон, то летась – на 600 тон больш. Як адзначаюць спецыялісты, торф разыходзіцца добра, бо ў параўнанні з дрывамі ён больш танны, а каэфіцыент цеплааддачы намнога большы. Кавалкавы торф купляе камунгас, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі Полацкага і Лепельскага раёнаў, г. Горкі, што на Магілёўшчыне.
Спецыялісты  вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы  торфу ВУ “Полацкгаз” з аптымізмам глядзяць у будучае. Спа-дзяюцца, што і сёлета, і наступныя гады вытворчасць будзе пашырацца, прычым, інвестыцыі ў развіццё вытворчасці  ідуць без прыцягнення крэдытных рэсурсаў.  “Віцебскаблгаз” сёлета выдзяляе 5,5 мільярда рублёў на падрыхтоўку пляцовак па здабычы торфу на месцанараджэнні Сідзень, расказаў В. М. Серафімовіч. Тут мяркуюць распрацаваць 340 гектараў балотных угоддзяў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №11 ад 10.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *