В рамках акции «Семья без насилья» прошёл рейд по неблагополучным семьям

Общество

“Дыягназ – “лянота”
На мінулым тыдні ў рамках акцыі “Сям’я без насілля” адбыўся рэйд па нядобранадзейных сем’ях. Разам з дырэктарам раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. В. Бельчыкавай, участковым інспектарам РАУС Д. М.  Зубаравым карэспандэнт раённай газеты пабывала ў некаторых сем’ях, якія пражываюць на тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета.
Гэтыя сем’і наведваем не першы раз, і чакалі, што сустрэнем нецвярозых бацькоў – нядаўна ж у мясцовай сельгасгаспадарцы была зарплата. Але “пад шафэ” нікога не ўбачылі. І гэта парадавала. Можа, бацькі пачалі выпраўляцца?  Так можна сцвярджаць пра большую частку  наведаных сем’яў, кажуць настаўнікі мясцовых школ. Вось сям’я з Сіроціна: бацькі ўзяліся за розум, калі дзяцей забралі ў прытулак. Дарослыя зрабілі, здаецца, немагчымае для іх, каб толькі вярнуць дзяцей. Кватэру пасля рамонту не пазнаць, сцвярджаюць тыя, хто тут бываў раней, і іх вярнулі.  Але праз некаторы час бацькі ўсё ж пачалі “расслабляцца”: гаспадыня нідзе не працуе, хаця ёсць мажлівасць уладкавацца ў мясцовую гаспадарку.
Увогуле дыягназ пад назвай “лянота” можна паставіць многім наведаным сем’ям. Сям’я з Зямцоў: па захламленым падворку было зразумела, якія тут жывуць гаспадары. У доме голыя сцены і чорнае павуцінне на столі. Участковы інспектар сцвярджаў, што гаспадары тут не алкаголікі. Проста прывыклі жыць у такім непарадку. Таму і шторы чорныя, і на дыване, што на падлозе, ад смецця не бачна ўзораў, і рэчы валяюцца прама пасярод пакоя. Да чаго бацькі прывучаюць сваё дзіця? Пры тым, што нядаўна сям’ю выключылі са спісу сацыяльна небяспечных. Відаць, паспяшаліся, прыходзіць да вываду камісія. Будзе разглядацца пытанне, каб сям’я зноў была аднесена да гэтай катэгорыі. Бо, акрамя бруду, у доме яшчэ існуе небяспека для жыцця дзіцяці: у дзіравай грубцы вывальваюцца дзверцы. У спальні ўсюды акуркі. Гэта гаспадар курыць, дзе яму ўздумаецца. Хаця гаспадаром  яго назваць цяжка, бо падлога ў сенцах неадрамантаваная, запасу дроў на зіму няма.
Пасля наведвання сям’і ў Мазурыне засталося добрае ўражанне. Бачна было, што тут жывуць працаўнікі: на дварэ сушылася вымытая бялізна, дровы акуратна складзены, печка пабеленая, дзіця дагледжанае. Здалося, што вось гэтую сям’ю магчыма выключыць са спісу нядобранадзейных.
У а.-г. Слабада  не было вялікіх прэтэнзій да бацькоў. Адны з іх закадзіраваліся – пайшлі на такі сур’ёзны крок дзеля дзяцей, абы іх не забралі ў прытулак. Другія адрамантавалі печку, трэція ўладкаваліся на работу, чацвёртыя давялі да ладу дзіцячы пакой.
Удзельнікі рэйду наведалі 11 сем’яў, у якіх пражываюць 22 дзіцяці.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №13 ад 17.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *