Афганцы: «Мы делились последним глотком воды»

Актуалии Общество

“Мы дзяліліся апошнім глытком вады”
Не чырвоны дзень календара – 15 лютага, звычайны рабочы дзень для тых, хто не быў кінуты ў 80-х гадах на вайну ў Афганістан. Праўда, сёлета ён супаў з выхадным, а напярэдадні, 13 лютага, ля раённага ваенкамата раніцой было людна. Праўда,  людна – залішне: у той дзень той-сёй з баявых сяброў прыйсці на ўрачыстасці не змог…
А сярод тых, хто прайшоў праз суровае афганскае гарніла, – шмат знаёмых, пра каго газета не раз пісала, пра людзей шаноўных і паважаных. Яны сцішана размаўляюць,  дзеляцца адзін з адным радасцямі і трывогамі. Ну, чаму не трывожна за Украіну, за нашых славянскіх братоў? Або чаму не пагаварыць пра бацькоў і сваякоў тых “афганцаў”, якіх прывезлі на радзіму спецрэйсам?.. Напрыклад, пра Веру Андрэеўну Угнявёнак – маці старшага лейтэнанта Віктара Угнявёнка, які загінуў на чужыне ў свае няпоўныя 27. Пра ўсё гавораць яны, паяднаныя  ў свой час адной баявой задачай, а пра свой боль, пра свае трывогі гаварыць не прывыклі.
Тым часам на ганку ваенкамата з’яўляецца  намеснік ваенкома, падпалкоўнік Ігар Аляксееў, камандуе строіцца. Уперадзе аркестр, і пад гукі марша калона рушыць да памятнага знака, устаноўленага ў цэнтральным парку Шуміліна. Афганцаў тут сустракае ганаровая вахта з ліку школьнікаў, тут ладзіцца мітынг, гаворацца палымяныя і прачулыя словы. Усё, як і раней, як год ці пяць гадоў назад. У адным розніца: віноўнікі гэтых урачыстасцяў на год пастарэлі.
“Ніводная вайна не нясе радасць, – кажа на мітынгу старшыня раённага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Жандараў. – Гэта заўсёды кроў, сіроцтва, боль матуль і нявест, да якіх не вярнуліся сыны і нарачоныя…”.
“Салдат вайну не выбірае, – сказаў ветэран афганскай вайны Вячаслаў Шчарбіцкі. – Салдат выконваў свой салдацкі абавязак”. І ва ўнісон з гэтымі словамі – словы, высечаныя на каменю ў парку: “И как жить на афганской земле, нам никто не давал указаний”.
Другая частка ўрачыстага мерапрыемства прайшла ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. Перад гэтым група “афганцаў” накіравалася ў  мікрараён СШ № 2, дзе на шматпавярховым доме замацавана мемарыяльная дошка ў гонар Віктара Угнявёнка.
Тэматычная старонка “Нам памяць спакою не дае…”, падрыхтаваная ў цёплай і нязмушанай атмасферы, кранула сваёй  прадуманасцю. На экране –  архіўныя здымкі, на якіх афганцы ў час розных сустрэч і памятных мерапрыемстваў. І ўсхваляваныя  галасы вядучых, і не менш усхваляваныя песні, і выступленні намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Зайцава, Ігара Аляксеева з ваенкамата, ветэрана афганскай вайны Ромаса Юхневічуса  – усё гэта яшчэ раз пераконвала, што афганская вайна, якая доўжылася 9 гадоў і 51 дзень, назаўсёды застанецца ў сэрцах удзячных нашчадкаў. “Мы дзяліліся апошняй цыгарэтай, апошнім глытком вады…” – нагадваў і дзякаваў за салдацкае братэрства палкоўнік Р. Юхневічус.
І нарэшце – традыцыйны аб’езд сямей загінуўшых салдат афганскай вайны.  Прыязджаем у Обальскую бальніцу, дзе на сацыяльным ложку Канстанціна Ульянаўна Скобава. Мужа, Мікалая Аляксеевіча, пасля аперацыі забралі дзеці ў Віцебск, а яе пакінулі тут. Ёй 87-ы год, плача, калі згадваем пра загінуўшага сына Анатоля…
Прыязджаем да Венецыі Рыгораўны Мацулевіч. У Шуміліне яна жыве нядаўна. У яе ў Афганістане ваяваў і загінуў муж Віктар Ціханавіч Мацулевіч.  Камандзір батальёна, ён быў ранены ад узрыву міны, памёр у Кандагары ад атрыманых ран. А на руках у жонкі засталося двое малых дзетак. Яна сама іх ставіла на ногі, выводзіла, як кажуць, у людзі.
Мужа ўзнагародзілі (пасмяротна) ордэнам Чырвонай Зоркі. Акрамя баявой узнагароды, у сямейным архіве Мацулевічаў захаваліся лісты з фронту (так-так, з фронту, хаця яго ў звыклым сэнсе там і не было), напісаныя ягонай рукой…
У вёску Прыазёрная  дачка Валянціна Попелава забрала да сябе маці Веру Андрэеўну Угнявёнак (а жыла яна ў в. Сосніна таго ж Дабейскага сельсавета).  У памятны “афганскі” дзень яны паедуць на магілку да брата і сына, да старшага лейтэнанта Віктара Угнявёнка. Дарэчы, памятную шыльду ў гонар афганца вырабілі і замацавалі на тарцы высокага жылога дома ў Шуміліне летась. Тады ж і назвалі яго імем завулак.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №13 ад 17.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *