Евгений Ильинец мечтал, чтобы в Приозёрном была церковь

Духоўнае Общество

Яўген Ільінец марыў, каб у вёсцы Прыазёрнай была свая царква

Яўген Ільінец жыў у Латвіі, у Краславе. З’ехаў туды даўно, здавалася, і карані там пусціў, але апошнім часам яго ўсё больш і больш цягнула ў родныя краі, у Беларусь.
Душа прагнула гэтых сустрэч з роднай вёскай Прыазёрная, дзе прайшло яго дзяцінства, і ён пры кожным зручным моманце ехаў на Шуміліншчыну. Хадзіў па знаёмых вуліцах, сілкаваў сябе гэтым асаблівым водарам і ўсё больш прырастаў душой.
І неяк сама сабой з’явілася мара зрабіць у вёсцы храм для душы – цэркаўку. Гэтая мара завалодала ўсімі ягонымі думкамі. А тут якраз трапіўся на вочы домік – гаспадары з’ехалі ў горад, а дом пуставаў. Яўген Якаўлевіч купіў дом і пачаў перабудоўваць яго пад царкву. Работа прыносіла яму асалоду, ён за ўсё браўся сам: выразаў налічнікі, будаваў алтар і нават ікону шматпакутніка Феадора Страцілата (у гонар якога названа царква) пачаў пісаць сам, потым, праўда, яму дапамог знаёмы мастак. І званы рабіў з майстрамі, іх ён прывёз з Латвіі.
Для сябе ён паставіў непадалёк ад царквы маленькі, нібы цацачны, домік з адным акенцам, насупраць – лазеньку з невялікай майстэрняй, побач выкапаў невялікую сажалку.
Шумілінскі благачынны айцец Фёдар успамінае, як Яўген Якаўлевіч прыйшоў з просьбай надаць пераабсталяванаму доміку статус царквы. Вядома ж, гэтую просьбу задаволілі.
Вяскоўцы спачатку дзівіліся са свайго земляка, потым узяліся дапамагаць. Асаблівую падтрымку ён адчуваў ад Любові Шастаковай, Людмілы Хайрулінай і яе сына Ільі, іншых вяскоўцаў.
І вось ужо царкоўныя званы клічуць на першую службу. І людзі ідуць, спачатку нясмела, а потым і дзетак павялі, і знаёмым расказалі. У вялікія святы цяпер тут бывае цеснавата, але ж галоўнае, што ёсць прастор душы.
Восенню мінулага года Яўгена Ільінца не стала. Ён спачыў з лёгкім сэрцам, з пачуццём выкананай работы. Няхай і не да канца зрабіў усё, як  хацеў, але ў яго ёсць паплечнікі, якія будуць працягваць богаўгодную справу. А яго жыццё, адзначыў протаіерэй Фёдар Пучынскі, сустракаючыся з прыхаджанамі вёскі Прыазёрнай, – гэта прыклад таго, што і адзін чалавек можа зрабіць вельмі многа для людзей, для ўмацавання іх веры ў Бога.
14 лютага, падчас усяленскай памінальнай бацькоўскай суботы, у сваіх малітвах імя Яўгена Ільінца ўспомнілі яго сябры з таварыства беларусаў у Латвіі “Вясёлка”, а таксама землякі, якія сабраліся на службу пад дахам царквы Феадора Страцілата.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №14 ад 20.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *