Об офицерской династии Шинкевичей

Актуалии Людзі і лёсы

Афіцэрская дынастыя Шынкевічаў
Палкоўнік у адстаўцы Генадзь Канстанцінавіч Шынкевіч не проста галава сям’і. Ён – галава афіцэрскай дынастыі. Узброеным Сілам аддаў больш чым 30 год, шчаслівы тым, што афіцэрскую сцежку ў жыцці абралі яго сын Аляксей і ўнук Сяргей.
Бацька Г. К. Шынкевіча загінуў на фронце ў 1945 годзе, мужчынскім выхаваннем у сям’і займаўся дзед.  Любоў да Айчыны, абвостранае пачуццё справядлівасці і адказнасці за свае словы і ўчынкі – так выхоўвалі Генадзя Канстанцінавіча і так ён выхоўваў свайго сына і ўнука. І гэта таксама сямейная традыцыя Шынкевічаў.
Г. К. Шынкевіч закончыў Растоўскае вышэйшае камандна-інжынернае вучылішча Ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Служыў у Маскоўскай, Паўночна-Каўказскай і Беларускай ваенных акругах, выконваў ўрадавае заданне па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Узнагароджаны 11-цю медалямі, у тым ліку “За адвагу на пажары”.
Маёр Аляксей Шынкевіч служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь 20 год. Пасля заканчэння Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, пачынаў службу ў 120-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі ў Мінску, быў намеснікам ваеннага камісара ў Лёзне.  Зараз служыць камандзірам кадрыраванага батальёна 19-й гвардзейскай механізаванай брыгады ў Заслонаве.
А вось у Сяргея Шынкевіча афіцэрскі шлях толькі пачынаецца. З восені мінулага года ён вучыцца ў Мінскім сувораўскім вучылішчы. У конкурсе 7 чалавек на адно месца Сяргей змог даказаць і сваёй фізічнай падрыхтоўкай, і разумовымі здольнасцямі, што ён дастойны вучыцца ў гэтай прэстыжнай навучальнай установе.
23 лютага  свята асаблівае для Генадзя, Аляксея і Сяргея Шынкевічаў. Абарона Айчыны для іх не проста словы, а свядома абраная прафесійная сцежка.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №14 ад 20.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *