Интервью с начальником Шумилинского РУЭС Юрием Москальковымо о качестве и перспективах развития связи

Общество Экономика

А сувязь нам патрэбна якасная і пастаянная
Калі ХХ стагоддзе называлі стагоддзем атама, то XXI – стагоддзем інфарматызацыі.  Сёння інфармацыя з другога канца свету далятае да нас імгненна. Без сучасных спосабаў сувязі проста немагчыма ўявіць існаванне чалавецтва ў наш час.
Забяспечыць бесперабойную работу ўсіх найноўшых каналаў сувязі могуць толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты. Начальнік Шумілінскага раённага вузла электрасувязі Юрый Маскалькоў, якога мы запрасілі на гутарку ў рэдакцыю, перакананы, што ў рабоце сувязістаў важна не толькі добрая прафесійная адукацыя, але і пастаяннае павышэнне кваліфікацыі, мабільнасць мышлення, інакш пры імклівым руху сучасных тэхналогій можна лёгка застацца ў аўтсайдэрах. А калектыў Шумілінскага раённага вузла электрасувязі прывык быць у лідарах, задаваць у рабоце здаровы тон.
З гэтага і пачалася наша размова, дакладней, з вынікаў работы за 2014 год. Юрый Рыгоравіч не мог не расказаць пра тое, што калектыў Шумілінскага РВЭС забяспечыў выкананне асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, выканаў сацыяльныя стандарты, забяспечыў 131%  росту даходаў ад паслуг сувязі ў параўнанні з 2013 годам, асвоіў 1,3 мільярда інвестыцый.
– Інвестыцыі ад “Белтэлекама”? Іх выдзяляюць цэнтралізавана ўсім раёнам?
– Атрымаць інвестыцыі, хоць і ад “Белтэлекама”, на справе вельмі складана. Трэба загадзя, не менш чым за год, распрацаваць праект, падрыхтаваць неабходную дакументацыю. Так, у 2013 годзе мы падрыхтавалі праект мадэрнізацыі сетак сувязі, дзякуючы чаму ў 2014 годзе змаглі ўкараніць новую тэхналогію xPON (пасіўныя аптычныя сеткі) у шматкватэрным жылым квартале г. п. Шуміліна, на гэта і былі выкарыстаны 1,3 мільярда інвестыцый. У выніку больш за тысячы абанентам сталі даступны хуткасці 5, 10, 15, 20 і больш Мбіт/с – гэта тарыфныя планы Рэкорд.
– І такая хуткасць дапамагае глядзець фільмы ў рэжыме рэальнага часу, спампоўваць відэа.
– Не толькі. Можна падключыць паслугу інтэрактыўнага тэлебачання ZALA адразу на некалькі тэлевізараў, можна выкарыстаць дадатковыя паслугі тэлефаніі Clip (вызначэнне нумара тэлефона, які вам звоніць), “Музычны марафон” (замена стандартнага тону выкліку на мелодыі ці фразы), “Мінскі нумар” (арганізаваць сабе нумар тэлефона, як у абанентаў г. Мінска) і іншае.
– Праект па ўкараненні тэхналогіі xPON будзе мець працяг?
– На гэты год у нашых планах будаўніцтва сетак xPON у Обалі магутнасцю 1280 портаў, а калі будзе фінансаванне, і ў Шуміліне – на 1180 портаў.
– А рост даходаў ад паслуг забяспечылі за кошт павышэння іх цэн?
– Даходы ад паслуг сувязі выраслі перш за ўсё за кошт павелічэння колькасці абанентаў. Так, за мінулы год армія карыстальнікаў інтэрнэтам (byfly) павялічылася на 481 абанента (на 1 студзеня 2015 года ў раёне 4061 інтэрнэт-карыстальнік). Больш людзей сталі карыстацца паслугай інтэрактыўнага тэлебачання (ZALA) – на 1158 абанентаў (зараз ZALA карыстаецца 4769 абанентаў). Вырасла (на 306) і колькасць карыстальнікаў эфірнага тэлебачання. Дарэчы, з 1 красавіка гэтага года спыняецца аналагавае тэлевяшчанне, таму ўсіх жадаючых мы запрашаем падключыцца да якаснага лічбавага тэлебачання. Хаця мы, вядома, не выключаем той верагоднасці, што кошт на паслугі сувязі вырасце, бо, як бачыце, цэны растуць на ўсё.
–  Юрый Рыгоравіч, новым карыстальнікам цяжка разабрацца ў хуткасцях і тарыфных планах, у разнастайных пакетах паслуг і іншых нюансах. РВЭС прапануе платныя кансультацыі? І ці можам мы, вашы кліенты, разлічваць на акцыі – зараз жа ўсе сур’ёзныя кампаніі праводзяць акцыі?
–  Кансультацыі па ўсіх пытаннях мы праводзім бясплатна, і для кожнага карыстальніка стараемся падабраць найлепшы менавіта для яго (згодна з запытамі і мэтамі) пакет паслуг. А што датычыць акцый, дык толькі ў мінулым годзе вузел электрасувязі правёў 7 акцый, дзякуючы якім можна было атрымаць скідку на 50-70% на падключэнне паслуг. І многія жыхары раёна скарысталі такі шанс, падключылі дадатковыя пакеты, да прыкладу, “Пазнавальны”, “КІНОмікс”, “Дзіцячы” і іншыя. Карыстальнікі інтэрнэту скарысталі акцыі для замены тарыфных планаў на больш хуткасныя і падключэнне такіх паслуг, як “Бацькоўскі кантроль” і “Антывірус”. Акцыі мы будзем праводзіць і ў гэтым годзе.
– Неяк на задні план адыходзіць звычайны тэлефон. У вас, пэўна, зараз і чаргі няма на ўстаноўку тэлефона?
– Звычайны тэлефон пакуль што рана спісваць. У раёне зараз 9190 тэлефонных абанентаў. У мінулым годзе па заяўках насельніцтва мы ўстанавілі 349 тэлефонных апаратаў. Зараз у нас ёсць 67 заяў на ўстаноўку тэлефона, ва ўстаноўленыя тэрміны мы іх выканаем.
– А які лёс чакае ўстарэлыя АТС у Добрыне і Сіроціне?
– У раёне пяць АТС, якія маральна састарэлі і маральна знасіліся. Апроч названых Вамі Добрына і Сіроціна, такія АТС ёсць яшчэ ў Вялікіх Ляжнях, Дабеі і Пабедзе. Мы іх адназначна будзем дэманціраваць. Абанентам, магчыма, здасца нязручнасцю, што ў іх будуць новыя тэлефонныя нумары, але затое яны атрымаюць якасную сувязь.
– Па перадачах раённага радыё. Паток скаргаў хоць і зменшыўся, але, думаецца, не таму, што людзі слухаюць перадачы раённага радыё на ўльтракароткіх хвалях, відаць, яны проста змірыліся з сітуацыяй.
– Ну што рабіць, назад дарогі не будзе. Правадное радыё ўжо засталося ў мінулым. Сёння можна набыць радыёпрыёмнік, настроіць яго і слухаць перадачы ці падключыць інтэрнэт і слухаць раённае радыё на сайце “Герой працы”.
– Сувязь каштуе немалых выдаткаў. Але як бы ні было туга, мы знаходзім грошы  і на тэлефон, і на інтэрнэт, тым самым робім ваша прадпрыемства  больш трывалым на хвалях няўстойлівага фінансавага мора…
– Вядома, мы ўдзячны ўсім нашым кліентам. У сваю чаргу вузел сувязі пастаянна працуе над павышэннем якасці абслугоўвання. І калі ўжо зайшла размова пра фінансы, звяртаюся з просьбай да ўсіх кліентаў: своечасова аплачваць скарыстаныя паслугі. А толькі за мінулы месяц студзень у нас 256 даўжнікоў. Нагадваю і тое, што з 1 лістапада 2014 года за кожны пратэрмінаваны дзень налічваецца 0,15% пені, плюс выдаткі на паўторнае падключэнне.
Але ж мы не павінны заканчваць размовы на такой мінорнай ноце. Таму дададзім крыху пазітыву. Паведамім нашым чытачам некалькі фактаў, пра якія сціпла змаўчаў Юрый Рыгоравіч. Па-першае, раскажам, што Шумілінскі раённы вузел электрасувязі займае першае месца сярод сельскіх раёнаў вобласці па фінансавай і інавацыйнай дзейнасці. У лідарах шумілінцы і па спартыўных дасягненнях. Раённая газета не аднойчы пісала пра перамогі нашых сувязістаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ім падуладны валейбол і міні-футбол, лёгкая атлетыка і тэніс, плаванне і стральба – усе гэтыя віды спорту ўключаны ў праграму профільных спартакіяд.
Здароўе, мабільнасць, пастаянная адукацыя, дысцыплінаванасць, разумная амбіцыйнасць – усё гэта дапамагае Шумілінскаму РВЭС рабіць сваю справу якасна. І тут ведаюць, што паслуга, якая не мае адпаведнай якасці, нараджае непастаянную сувязь.
Гутарыла Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №15 ад 24.02.2015 г.



1 комментарий по теме “Интервью с начальником Шумилинского РУЭС Юрием Москальковымо о качестве и перспективах развития связи

  1. Нормальная статья с хорошим материалом, приятно прочитать.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *