Татьяна Мазганова прошла всю войну медсестрой

Беларусь помніць Главное Новости Общество


Франтавыя дарогі Таццяны Мазганавай

Таццяна Аляксандраўна Мазганава – медыцынская сястра 157-га медыцынскага санітарнага батальёна – была прызвана ваенкаматам у першы дзень вайны, а Перамогу сустрэла ў Германіі.


Таццяна Мазганава нарадзілася 1 красавіка 1920 года ў вёсцы Наротава Сіроцінскага сельсавета ў сялянскай сям’і. Закончыла школу медыцынскіх сясцёр. Вайну сустрэла ў Віцебску – там працавала медсястрой у паліклініцы імя Леніна, што знаходзілася на той час на вуліцы Талстога. «Помню, як у той дзень, 22 чэрвеня 1941 года, я павінна была пайсці на апошнюю прымерку ў атэлье – вельмі хацелася хутчэй мець новую сукенку, – захаваліся яе ўспаміны ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. – Там і пачула, што пачалася вайна».
У роспачы Таццяна пабегла дадому, там яе чакала павестка: трэба было прыбыць у ваенкамат у 8 гадзін вечара. Замест новай сукенкі апранула ваенную гімнасцёрку, была залічана ў 157-мы медсанбат. Людзей пагрузілі ў эшалон і павезлі ў бок Смаленска. Ехалі ў асноўным ноччу, але і ў гэты час некалькі разоў трапілі пад бамбёжку. Некалькі чалавек атрымалі раненне.

Цягнік спыніўся дзесьці ў лесе, усім сказалі выходзіць. Выгрузілі медыкаменты і абсталяванне. Паставілі палаткі. А на наступны дзень прымалі параненых. Уколы, перавязкі, стогны… Трэба было знаходзіць сілы і добрыя словы, каб супакоіць, напісаць лісты дадому ад імя салдат, якія не маглі трымаць у руцэ аловак.
Працавалі не толькі днём, але і ноччу. Медсёстры рабілі перавязкі, дапамагалі хірургам у аперацыйнай. Палаткі асвятляліся каганцамі са снарадных гільзаў, ад якіх быў чад. Калі працавалі ўсю ноч, твары медыкаў ажно блішчэлі ад сажы. На ўвесь медсанбат быў адзін рухавік, яго бераглі – асвятлялі толькі аперацыйныя палаткі.
Калі савецкія войскі пачалі адступаць пад шалёным націскам ворага, 157-му медсанбату таксама было загадана адступаць. Пакінулі Смаленск, Гжацк, Мажайск, іншыя гарады.
Бадай, самы страшны дзень давялося перажыць Таццяне Мазганавай на так званай Салаўёвай пераправе праз Днепр. Немцы бесперапынна бамбілі, нізка над пераправай кружылі нямецкія самалёты – вакол страшэнны грохат, кулямётныя чэргі, выбухі бомбаў. «Калі людзі, коні, нагружаныя медыкаментамі, узышлі на пантонны мост, над галавой праляцеў нямецкі самалёт, – чытаем ва ўспамінах Таццяны Мазганавай. – Я нават убачыла з’едлівую ўсмешку нямецкага лётчыка. З прарэзлівым свістам бомба трапіла на канец пантоннага моста. На нас рынулася гара вады, і мы апынуліся ў рацэ. А я плаваць не ўмела. Нехта з байцоў крыкнуў: “Трымайся! Хапайся за хвост каня, тады выплывеш”. Я так і зрабіла. Вось так конь мяне выратаваў».

Пад Вязьмай медсанбат трапіў у акружэнне. Паступіў загад знішчыць санітарныя аўтобусы, аўтамабілі, абсталяванне. Ішлі на прарыў пешшу. Дзесьці побач чуліся водгукі бою. Галодныя і брудныя, знясіленыя медыкі выносілі на сабе цяжка параненых. З акружэння выйшлі каля чыгункі, дзе і сустрэліся з чырвонаармейцамі. У жывых засталося толькі 30 дзяўчат. На дрызінах іх даставілі на Беларускі вакзал у Маскву. Пасля расфарміравалі па розных шпіталях. Таццяна Мазганава трапіла ў інфекцыйны шпіталь – у яго складзе прайшла франтавымі дарогамі ад Масквы да Германіі. Там і сустрэла Перамогу.

За мужнасць і гераізм, ратаванне савецкіх салдат падчас Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Мазганава ўзнагароджана двума ордэнамі Айчыннай вайны, 8 медалямі.
З успамінаў родных. Вядома, што Таццяна Мазганава нарадзіла траіх дзяцей. Мы знайшлі яе старэйшую дачку Жанну Уладзіславаўну Назараву, якая зараз жыве ў Астроўне. «Маці выйшла замуж яшчэ ў час вайны за майго бацьку Уладзіслава Розембурга. Але ён загінуў, – расказала яна. – Пасля Перамогі маці прыехала ў Шуміліна, выйшла другі раз замуж за Васіля Мазганава, нара­дзіла дачку Люду і сына Васю. Сям’я пабудавала ў Шуміліне дом. Больш за сорак гадоў маці працавала медсястрой у інфекцыйным аддзяленні райбальніцы, шчодра дзялілася з хворымі сваёй душэўнай цеплынёй і міласэрнасцю».

Т. А. Мазганава пайшла з жыцця ў 2008 годзе.

Ларыса ЗАЙЦАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *