Шумилинская райветстанция отметила своё 55-летие

Главное Новости Экономика

Жадалі поспехаў, удачы, дабрабыту

Музыка і песні гучалі ў мінулую пятніцу ў раённай ветстанцыі. Работнікі раённага цэнтра культуры падрыхтавалі для спецыялістаў ветэрынарнай службы сапраўднае свята. А нагода для гэтага была важкай – 55 год з дня ўтварэння раённай ветэрынарнай станцыі.

«Урач лечыць чалавека, а ветэрынар – чалавецтва» – гэтыя словы акадэміка Паўлава сталі крылатымі. Сапраўды, прафесія ветэрынарнага работніка адна з самых высакародных і гуманных, адзначыў у сваім віншаванні старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. Яе выбіраюць людзі па прызванні, таму выпадковых тут не бывае. І ў Шумілінскай ветстанцыі працуюць адказныя і сумленныя людзі, якія любяць сваю прафесію. Іх роля ў сельскагаспадарчай вытворчасці надзвычай важная – ад ветэрынарных спецыялістаў напрамую залежаць надоі і прывагі. Мікалай Аляксеевіч пажадаў калектыву райветстанцыі поспехаў у рабоце, удачы і дабрабыту.
За плённую працу і асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны вядучаму ветэрынарнаму ўрачу райветстанцыі Ірыне Нікіценка і ветэрынарнаму ўрачу-біяхіміку Любові Кляцковай, Падзяку старшыні райвыканкама атрымала эканаміст Валянціна Клюева.
Са шчырымі віншаваннямі на свята прыйшлі першы намеснік старшыні-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Руслан Яскевіч і яго першы намеснік Наталля Дубіневіч. Яны адзначылі, што ветэрынарная служба лічыцца адной з самых складаных, бо, акрамя прафесіяналізму, патрабуе шмат фізічнай сілы, самааддачы, інтуітыўнай чуласці да сваіх пацыентаў і ўсведамлення глыбокай адказнасці за здароўе жывёлы. Наталля Чаславаўна падкрэсліла, што ветстанцыі пашанцавала на начальніка Ларысу Ціханенку – талковага кіраўніка, душэўнага і разумеючага чалавека, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якая з’яўляецца дэпутатам раённага Савета.

Ганаровыя граматы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы атрымалі лепшыя работнікі райветстанцыі, а Ларысе Ціханенка была ўручана грамата райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Ларыса Ісаеўна расказала пра работу райветстанцыі, пра закупленае абсталяванне, пра абнаўленне адміністрацыйнага будынка. «Наш працоўны калектыў самы лепшы, – адзначыла кіраўнік. – Работнікі вылучаюцца прафесіяналізмам і адданасцю справе, яны прыходзяць на дапамогу жывёле ў любы час сутак. У нашым калектыве заўсёды дзейнічаюць узаемаразуменне і выручка».
Начальнік райветстанцыі дзякавала за работу былым кіраўнікам арганізацыі – Мікалаю Юдзянкову, Паўлу Шустрову, Івану Галузу, Аляксею Жыгунову.

Асаблівыя словы прызнання ветэранам, якіх багата сабралася на свяце, – былым ветурачам, вірусолагам, лабарантам, бухгалтарам, фельчарам. Ад ветэранаў слова трымала Зоя Фадзеева, якая доўгі час працавала дырэктарам Шумілінскай ветлабараторыі. Зоя Іванаўна пажадала сваім былым калегам, а таксама сённяшнім работнікам здароўя і поспехаў.
Цёплыя словы казалі ў гэты дзень ветэрынарныя ўрачы сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія таксама прыехалі на свята.
Закончылася мерапрыемства вясёлымі песнямі ў агульным выкананні самадзейных артыстаў і глядзельнай залы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

З гісторыі
Загадам ад 12 ліпеня 1966 года Віцебскага абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі зацвер-джана ўтварэнне Шумілінскай раённай ветэрынарнай станцыі. Да гэтага часу абслугоўванне жывёлы праводзілася спецыялістамі Шумілінскай участковай лячэбніцы, якая знаходзілася ў падпарадкаванні Віцебскай раённай ветэрынарнай станцыі (яе загадчыкам быў Ястрабаў).
У структуру ветэрынарнай службы ўваходзілі Шумілінская, Обальская, Дубраўская, Каўлякоўская, Дабейская і Мішкаўская ўчастковыя лячэбніцы. Асноўным транспартным сродкам былі коні. І толькі ў 80-ыя гады (ў гэты час участковыя лячэбніцы, акрамя Шумілінскай, былі ліквідаваны) у райветстанцыі з’явіліся аўтамабілі.
Першым начальнікам райветстанцыі была Арловіч. Затым установай кіравалі Аляксандр Іванавіч Марцінкевіч, Станіслаў Адамавіч Старыковіч, Іван Фёдаравіч Фокін, Уладзімір Васільевіч Аксёнаў, Мікалай Маісеевіч Юдзянкоў, Павел Мікалаевіч Шустроў, Іван Уладзіміравіч Галуза, Аляксей Анатольевіч Жыгуноў. З 2018 года начальнікам ветстанцыі працуе Ларыса Ісаеўна Ціханенка.
Апублікавана ў №59 ад 03.08.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *