Как прошли в Шумилино новогодние корпоративы

Общество

Навагодні карпаратыў па-шумілінску
Вось і закончыліся самыя вялікія і ўсімі любімыя святы. Цяпер самы час падлічваць: каму — даходы і прыбыткі, а каму — расходы і выдаткі. У прыватнасці, гандлёвыя арганізацыі ў такія святы ў вялікім плюсе. Людзі дзеля таго, каб як след сустрэць Новы год, выкладваюць часам і апошнія зберажэнні. Існуе ж у народзе такая прыкмета: як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш.
Колькі пакінулі грошай шумілінцы, якія пажадалі адсвяткаваць Новы год на карпаратыўных вечарынках, якія ўстановы карысталіся асаблівай папулярнасцю, – гэта мы і паспрабавалі высветліць. І вось што атрымалася.
Самым папулярным было кафэ “Метан”. Тут у пераднавагоднія дні адпачыла каля 15 арганізацый. Самая масавая вечарына налічыла пад 70 чалавек. Фірменнымі стравамі “Метана” сталі салата “Папараць-кветка” і смажаніна “Прыбужжа”.
Між іншым, у гэтай установе повары — прыхільнікі нацыянальнай беларускай кухні.
Другім па папулярнасці стала кафэ “Фартуна”. Тут з 22 па 30 снежня на карпаратыўных вечарынах пабывала 11 арганізацый. Самай шматлюднай стала святочная вечарына будаўнічай арганізацыі (пад 80 чалавек). Даспадобы прыйшлася адпачываючым салата “Навагодняя” ад повара Марыі Лебедзевай.
Прыкладна аднолькавыя, як кажуць, бонусы аказаліся ў кафэ “Блюз” і кафэ “Караван”. Па 6 арганізацый “пагулялі” перад Новым годам у гэтых установах. У “Блюзе” самай папулярнай была салата “Навагодняя” (рэцэпт у повара Наталлі Быкавай іншы, чым у “Фартуне”), у “Караване” — іх фірменныя “свініна з грыбамі” і “шашлык па-армянску”.
Дарэчы, пад поўную завязку “Караван” прыняў шумілінцаў і гасцей непасрэдна ў навагоднюю ноч. Кафэ працавала да 6 раніцы.
Засталося ўзгадаць, колькі ў сярэднім выклаў з кішэні за культурны адпачынак кожны адпачываючы. Як высветлілася, вялікіх разыходжанняў у цэнах не было: у сярэднім пераднавагодні карпаратыў пацягнуў на 30-35 тысяч рублёў. Здаецца, дзёшава і сярдзіта. І верыцца, што запамінальна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №4 ад 18.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *