Бисерное увлечение Ларисы Сафончик

Людзі і лёсы

А родныя васількі – у Казахстан
У дом Ларысы Пятроўны Сафончык часта прыходзяць суседзі, родныя, знаёмыя. Прыходзяць нібыта на экскурсію. І хоць тут зусім не музей, але ўнікальных вырабаў, зробленых рукамі гаспадыні, багата. Гаворка пойдзе пра  бісерапляценне.
Раней, калі Ларыса Пятроўна працавала загадчыцай склада на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, на захапленні не хапала часу. “Неяк на вочы трапіўся часопіс з рознымі вырабамі з бісеру, – згадвае Л. П. Сафончык. – Зацікавілася. Але, калі шчыра, нават і не думала, што ўсё гэта змагу зрабіць сама. Дапамаглі дочкі Вольга і Наташа –  знайшлі ў інтэрнэце схемы па бісерапляценні”.
Гэта так захапіла, што заседжвалася да поўначы. І раніцай зноў карцела хутчэй узяцца за работу. Паступова ўсе паліцы ў шафе напоўніліся яркімі каляровымі вырабамі. Бісерынкі-каралі, лісточкі, вішанькі, кветачкі… Каляровы россып ва ўмелых руках ператварыўся ў прыгожыя кампазіцыі. А паступова яна стала прыдумваць і свае ўзоры з роднымі сэрцу матывамі. Убачыла жабку на лузе сярод кветак – хутчэй за работу. Ну, а родныя сэрцу васількі рабіла па памяці. Дарэчы, менавіта іх і бярозкі падрыхтавала ў якасці сувеніраў родзічам у Казахстан. “Думаю, такі падарунак нагадае пра прыгажосць нашай шумілінскай прыроды”, – гаворыць Ларыса Пятроўна.
Усяго за год калекцыя Сафончык пашырылася да дзвюх соцень работ. З па-ліцы весела ўсміхаюцца архідэі, мімозы і клематысы, на дрэва за мёдам узбіраецца мядзведзь, побач размясцілася грашовае дрэва…
Пытаюся ў гаспадыні пра сакрэт яе захаплення. “Уседлівасць і цярпенне – галоўнае”, – кажа яна. А яшчэ для работы трэба добра падрыхтавацца – накупляць рознага колеру і формы бісеру, ніткі, гіпс, флораленты, знайсці патрэбнай таўшчыні дрот, назбіраць прыроднага матэрыялу.
У зімовыя часіны няспешна цікае гадзіннік. Майстравітыя рукі Ларысы Пятроўны цягнуцца да бісеру. “Мае вырабы – для душы, – гаворыць гаспадыня. – З задавальненнем удзельнічала ў рабоце горада майстроў на Дзень Незалежнасці, што была наладжана ў гарадскім парку”. Дарэчы, Ларыса Пятроўна дзеліцца схемамі сваіх вырабаў з сябрамі і знаёмымі, а для навічкоў у бісерапляценні можа і майстар-клас даць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 18.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *