Каштоўная спадчына земляка Уладзіміра Белавусава

Культура Людзі і лёсы

Адкрываем рубрыку: музейны экспанат

Сёлета Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей адзначае сваё 30-годдзе. За гэтыя гады яго збор перавысіў 11,5 тысячы адзінак. Для наведвальнікаў выстаўлена толькі невялікая частка, што адпавядае канонам музейнай практыкі. Таму супрацоўнікі музея вырашылі праз газету пазнаёміць нас з найбольш каштоўнымі экспанатамі. І першая публікацыя прысвечана юбіляру, знакамітаму земляку, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, заслужанаму дзеячу мастацтваў БССР, лаўрэату дзяржаўнай прэміі БССР у галіне кінематаграфіі, члену Саюза мастакоў Беларусі Уладзіміру Пракоф’евічу Белавусаву, 95-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася 1 студзеня 2016 года. Работы мастака складаюць аснову калекцыі жывапісу Шумілінскага музея.

Каштоўная спадчына земляка
Нарадзіўся Уладзімір Пракоф’евіч у вёсцы Слабодка Дабейскага сельсавета тады яшчэ Сіроцінскага раёна. У 1941 годзе закончыў Віцебскае мастацкае вучылішча. Яго настаўнікамі былі вядомыя мастакі І. В. Ахрэмчык, В. К. Дзежыц, У. Я. Хрусталёў. Вялікая Айчынная вайна перарвала ўсе планы, і малады мастак адправіўся на фронт. Радавы, кулямётчык Уладзімір Белавусаў удзельнічаў у вызваленні Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі.   Вярнуўшыся з вайны, ён працягнуў вучобу ў Маскве ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі (1948-1954). Пасля заканчэння інстытута, які стаў добрай школай на шляху станаўлення мастака, ён паступіў на работу на кінастудыю “Беларусьфільм” у якасці мастака-пастаноўшчыка. 30 год свайго жыцця (да 1983 г.) ён прысвяціў служэнню нацыянальнаму кіно. Многія з кінафільмаў, у стварэнні якіх Уладзімір Белавусаў прымаў непасрэдны ўдзел, увайшлі ў залатую калекцыю беларускага кіно: “Палеская легенда”, “Чырвонае лісце”, “Строгая жанчына”, “Першыя выпрабаванні”, “Вуліца малодшага сына”, “Доўгія вёрсты вайны”, “Справа для сапраўдных мужчын” і іншыя. Асаблівае месца ў творчасці мастака заняла работа над шматсерыйным тэлевізійным фільмам “Руіны страляюць”, за якую ў 1974 годзе яму і была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. За 30-гадовы перыяд работы на кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Пракоф’евіч прыняў удзел у стварэнні 27 фільмаў.
Багатую творчую спадчыну У. Белавусаў пакінуў і як жывапісец. Быў удзельнікам шматлікіх рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў. Мастак працаваў у станковым жывапісе ў жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта, тэматычнай карціны. Яго творы вылучаюць кампазіцыйная ўраўнаважанасць, тонкі каларытны настрой, рэалістычная трактоўка сюжэту. Шэраг карцін мастака прысвечаны трагічным і гераічным  падзеям вайны. Моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на гледача аказваюць палотны “Прапаў без вестак”, “Партызанская магіла”, выкананыя амаль з дакументальнай дакладнасцю.
Вядомасць мастаку Белавусаву прынеслі шматлікія пейзажы. Для яго пейзаж – сімвал радзімы, ён зразумелы і любімы ўсімі. У прыродзе, бы ў люстэрку, адбіваецца душа народа і самога пейзажыста. Ён аўтар карцін “Залатая восень”, “Спелыя хлябы”, “Ледаход на Заходняй Дзвіне”, “Канец зіме”, “У Белавежскай пушчы”, якія склалі аснову калекцыі мастака. У пейзажах жывапісца можна пазнаць не толькі куткі роднага беларускага краю, але і Расіі, Украіны і іншых рэспублік былога СССР (“Развадны мост у Калінінградзе”, “Оперны тэатр у Львове”). Жывапісная палітра У. П. Белавусава прыцягвае тонкім уменнем лаканічна выкарыстоўваць колер, дакладнай пабудовай малюнка, настроем. У сваіх творах ён імкнуўся адлюстраваць не толькі знешнія рысы людзей, але праз іх твары выказаць сваё ўяўленне пра час і эпоху (“Жыццё сяла”, “Рамонт лодкі”). Пэндзалю майстра належаць таксама партрэты “Гусар з гітарай”, “Паранены салдат”, “Аголены мужчына”, «Аўтапартрэт» (на здымку).
Нацюрморт у творчасці мастака, пранікнуты лірычным н
астроем жыццялюбства і аптымізму, наводзіць гледача на развагі і пагружае ў свет цудоўнага. У фондах музея захоўваюцца нацюрморты “Флёксы” і “Чаромха”. Створаныя Уладзімірам Пракоф’евічам пейзажы, партрэты, жанравыя сцэны, няхай у большасці сваёй гэта эцюды, – маляўнічыя, напоўненыя глыбокім сэнсам. У іх само жыццё.
Жыў У. П. Белавусаў у Мінску. Памёр 24 кастрычніка 2006 года.  Лёс большасці сваіх работ мастак вырашыў яшчэ пры жыцці. За перыяд з 1985 па 2006 год ён бясплатна перадаў 68 жывапісных палотнаў і 295 эскізаў дэкарацый і касцюмаў да кінафільмаў у фонды Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. У 2015 годзе карціны мастака былі прызнаны асабліва каштоўнымі музейнымі прадметамі і перададзены ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Работы майстра захоўваюцца таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі гісторыі беларускага кіно, фондзе Беларускага саюза мастакоў, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Шматгадовая плённая творчая дзейнасць прынесла мастаку заслужаную павагу, удзячнасць яго сучаснікаў і шчырае захапленне патомкаў.
Святлана ІВАНОВА, дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Марыя ПРЫХОДЗЬКА, навуковы супрацоўнік музея.
Надрукавана ў №9 ад 02.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *