Обольское комсомольское подполье: страницы истории через судьбу человека

Край шумілінскі Людзі і лёсы

Обелиск в память об обольских подпольщиках

Была вайна, было каханне…
Гаспадыня была ў качагарцы, выглянула, усміхнулася шчыра, гасцінна, па-добраму. Запрасіла ў хату, вінавацячыся за сваю рабоча-гаспадарскую вопратку.
Я расказаў ёй, Яўгеніі Сцяпанаўне Лапавухавай, па якой справе, і тая вынесла з залы свой медаль “Вязню нацызму”, яшчэ не распакаваны з цэлафанавага мяшэчка, некалькі юбілейных.
— Вы не носіце свае медалі?
— А навошта? І так усе ведаюць, кім і дзе была ў вайну…
Добра ведаюць у Обалі гэтую сціплую жанчыну, якую лёс ніколі не песціў. Асобная вяха яе біяграфіі — каханне да Жэні Езавітава. Падпольшчыка, актывіста маладзёжнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”. Адразу ўспомніўся займальны сюжэт фільма “Жэня, Жэнечка і “кацюша”. Там, праўда, справа была на фронце, тут жа сюжэт разгортваўся ў правінцыяльным мястэчку Обаль, дзе на пачатку 42-га было створана падполле.
На той час Жэні Калошкінай (дзявочае прозвішча) не было і сямнаццаці. У групу падпольшчыкаў яна не трапіла, аднак воля лёсу звяла яе з Яўгенам Езавітавым. На танцах, на вячорках. Ладзіліся тады вячоркі па чарзе, “пераходзілі” з хаты ў хату, дзе былі маладыя танцоры. Не абмінулі яны і хаты Сцяпана Калошкіна ў вёсцы Масцішча. Жэня Езавітаў жыў у Зуях. Пакахалі яны адно аднаго, і 11 мая 1943-га згулялі вяселле. Жэнька Калошкіна перайшла жыць у мужаву сям’ю. Хата была прасторная, з трысценам, і прынялі нявестку шчыра і ветліва.
Але ж ішла вайна. Дзяўчына, згадзіўшыся на вяселле з Езавітавым, не ведала тады, што Яўген быў ужо “заручоны” з падполлем. З яго тайнамі, сакрэтамі і начнымі вылазкамі. Жэнька не пыталася ў мужа, куды знікае ён часта, нават не па рабоце (працаваў ён па заданні кіраўніцтва падполля на заводзе імя Даўмана). Яна наогул не даймала мужа пытаннямі такога кшталту. А ўведала пра яго дзейнасць тады, як прывезлі ўсіх арыштаваных у засценкі Шумілінскай турмы-катавальні.
Дваццаць восьмы дзень жніўня 1943-га выдаўся гожым. Да іх пад’ехала нямецкая машына, і Жэньцы сказалі: ”Збірайся!” Яе мужа забралі прама на заводзе. У Полацку, куды завезлі яе разам з іншымі зняволенымі, яна адбыла недзе з тыдзень, потым пагналі іх у працоўны лагер станцыі Грамы, пад Полацкам, дзе цэлымі днямі загружалі ў вагоны пясок. Тут яна пабачыла самыя страшныя на яе жыцці жахі. І гаворка не пра бясхлеб’е, не пра галодны лагерны паёк.
Аднойчы з лагера ўцяклі жанчына з маладой дзяўчынай. Стаяла восень, капалі бульбу, і яны змаглі шмыгнуць у кусты. Назаўтра ж на пляцы лагера з’явіліся шыбеніцы. Усіх пастроілі, і нямецкі афіцэр, падзываючы да сябе пальцам, гаварыў кароткае, як стрэл: “Ком!”. Ад гэтага воклічу рабілася жудасна. Жэнька стаяла другой у страі і з заміраннем сэрца сачыла за афіцэрам. Першая жанчына, якую павялі на ўзвышэнне, пад шыбеніцу, ісці адмовілася, яе расстралялі на месцы.
Так са строю выбралі адзінаццаць ахвяр. Сярод іх і сёння помніць Яўгенія Сцяпанаўна двух хлапчукоў, якія прасіліся дараваць ім жыццё, але іх не пашкадавалі…
Тым часам яе бацька, Сцяпан Іванавіч, які славіўся добрым краўцом, абшываў немцаў амаль бясплатна, бегала ў камендатуру свякроў — яны прасілі адпусціць з лагера Жэньку. На той час яна чакала ўжо дзіця. І намаганні не прайшлі марна: яе выпусцілі на волю перад самым новым, 1944 годам. А 7 красавіка нарадзіла хлопчыка, якога назвалі Валеркам.
— Увесь у бацьку быў, — гаворыць яна.
Але ягоны тата, Яўген Яфімавіч Езавітаў, быў расстраляны раней, у лістападзе 43-га…
Валерый Езавітаў памёр зусім нядаўна, у кастрычніку 2010 года. Жыў і працаваў у Віцебску і як мог дапамагаў матулі. Ён зрабіў у яе хаце паравое ацяпленне, абяцаў паправіць топку, якая рассыпалася, — не паспеў…
У 1951 годзе Я. С. Калошкіна выйшла замуж за Ф. С. Лапавухава. Ён працаваў на торфазаводзе, як сказала Яўгенія Сцяпанаўна, “зімой ездзіў на балота, пісаў нарады”. Пражылі разам 50 гадоў.
Рассыпаліся па сваіх “гнёздах” дочкі і ўнукі. Сёння Яўгенія Сцяпанаўна жыве ў хаце адна. Хаця чаму адна — у яе на “ўтрыманні” ажно пяцёра катоў і двое сабак. Бываюць у яе часта дочкі, прыязджаюць унукі, і двое з іх — ад сына Валеры. Нашчадкі Яўгена Езавітава, які ў свае дваццаць ступіў у неўміручасць…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №4 ад 18.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *