Золотой юбилей семейной жизни отметили в военной семье Жандаровых

Людзі і лёсы Общество

Ваенная сям’я Жандаравых

Валерий и Зинаида Жандаровы. Фот о 1974 года из семейного архива.

16 лютага Валерый Іванавіч і Зінаіда Якаўлеўна Жандаравы адзначылі залатое вяселле. Паўстагоддзя прайшлі разам – і ў жыцці, і ў вайсковай службе.

Кардонскі хлопец Валерый Жандараў у 1970-м быў прызваны ў армію, служыў камандзірам танка у Пячах пад Барысавым. Марыў стаць афіцэрам і праз год службы падаў рапарт на паступленне ў Кіеўскае вышэйшае танкавае інжынернае вучылішча.

А ў лютым 1972 года курсант Жандараў, які ехаў на канікулы, сустрэў на чыгуначным вакзале ў Шуміліне студэнтку медвучылішча Зінаіду, якая пасля практыкі ў ЦРБ збіралася ехаць дамоў у Язвіна. Дзяўчына так запала хлопцу

ў сэрца, што ён вызнаў яе адрас і пачаў пісаць ёй лісты. Другая сустрэча адбылася ў жніўні, калі Валерый зноў жа быў на канікулах у Кардоне. Ён патэлефанаваў Зінаідзе з просьбай аб спатканні. Строгая маці дазволіла дачцэ запрасіць кавалера ў Язвіна. А ў лютым 1974 года адбылося вяселле.

Пасля вучылішча Валерый Жандараў прыехаў служыць туды, адкуль і пайшоў – у Печы, камандзірам роты рамонту танкаў. З маладым лейтэнантам была побач і жонка з малой дачкой.

– Першыя гады службы былі самыя цяжкія. Адбываецца станаўленне афіцэра. Выхадных няма. Дамоў прыязджаў толькі пераначаваць. Пасля была Акадэмія бранятанкавых войск у Маскве, новае назначэнне і далейшая служба. Але мяне дома заўжды чакалі, і гэта была самая моцная падтрымка, – успамінае Валерый Іванавіч.

– У нашай сям’і галоўнае правіла – усё рабіць разам, – падхоплівае размову Зінаіда Якаўлеўна. – Былі перыяды, калі і Валерый мяне падтрымліваў, браў на сябе клопаты. І зараз мы ўсё робім разам: у агародзе працуем, пчол даглядаем, рамантуем. Усе важныя пытанні вырашалі і вырашаем разам на сямейнай нарадзе.

Зінаіда Жандарава таксама пайшла на вайсковую службу – медыкі і ў арміі патрэбныя. Прапаршчыку Жандаравай прыходзілася і ў палявых вучэннях удзельнічаць, і на бранятэхніцы ездзіць.

Разам з мужам, якога вайсковая служба і кар’ерны рост перакідвалі з адной часці ў другую, з аднаго горада ў другі, пераязджала, асвойвалася на новым месцы. Прыйшлося жыць і ў інтэрнатах, і ў гасцініцах, і на прыватных кватэрах.

Дарэчы, Жандаравы заснавалі і ваенную дынастыю. Дачка Наталля пасля заканчэння медуніверсітэта таксама абрала вайсковую службу, годна адслужыла і выйшла ў адстаўку ў званні падпалкоўніка.

У 90-я гады пачаліся складанасці: пачала скарачацца армія, асабліва танкавыя войскі, здарыўся развал СССР. Палкоўнік Валерый Жандараў пайшоў у адстаўку з пасады намесніка камандзіра 5-га гвардзейскага армейскага корпуса. Зноў паўстаў выбар: куды далей?

Але так здарылася, што прыйшлося вярнуцца на радзіму ў Шумілінскі раён. Пераехалі ў Язвіна, дзе жыла маці Зінаіды Якаўлеўны. А тут адразу паступіла прапанова ад тагачаснага старшыні райвыканкама на пасаду намесніка дырэктара УП ЖКГ. Сваю грамадскую актыўнасць Валерый Іванавіч не пакінуў і зараз. Ён узначальвае раённую арганізацыю «Белару-скага саюза афіцэраў», якая з’яўляецца адной з лепшых у краіне. Напярэдадні сямейнага юбілею прыйшла і яшчэ адна прыемная навіна – указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Іванавіч Жандараў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *