А вы знаете, каким должен быть подарок к 8 Марта?

Духоўнае Общество

Якім павінен быць падарунак на 8 сакавіка?
Пачнём з таго, што падарунак на 8 сакавіка найперш павінен БЫЦЬ. І тут важна не ўпусціць з-пад увагі ні каханых, ні дачок-сясцёр, ні бабуль, ні калег. Лепш напісаць спіс, бо “разлічвацца” за дрэнную памяць выйдзе куды даражэй, чым букет цюльпанаў у свята.
Але відавочна, што пра жаночы дзень вы памятаеце. Тым больш, што рэгулярныя напамінанні, якія пачаліся недзе 24 лютага, не пакідаюць ніякай магчымасці ў гэтыя два тыдні думаць пра нешта іншае.
Якім жа павінен быць падарунак? 45,5% апытаных намі ў групе “УКантакце” лічаць, што сімвалічным, і толькі 9,1%, што дарагім. Сапраўды, гэта ж не дзень нараджэння, урэшце. Але думаецца, што ніводная жанчына не пакрыўдзіцца на пярсцёнак, дарагія туфлі ці футра. А наогул – усё няважна. Важна толькі адно: калі вы прытрымліваецеся бюджэтнага варыянту падарунка, у якасці сюрпрызу не выбіраць напольныя вагі, дэзадарант ці крэм ад маршчын. Усё астатняе жанчына неяк вытрывае і нават зможа парадавацца.
Іншае пытанне, для каго вы падбіраеце падарунак. 27,3% апытаных упэўнены, што ад гэтага многае залежыць. Наўрад ці калегі-жанчыны спадзяюцца атрымаць ад супрацоўнікаў індывідуальныя падарункі: зразумела, што і без таго гэта карпаратыўнае віншаванне – сапраўднае выпрабаванне для мужчын. Адначасова дагадзіць Марыне Сямёнаўне, заслужанаму бухгалтару, і рамантычнай, не абцяжаранай жыццём сакратарцы – няпроста. Але мужчыны неяк спраўляюцца. Галоўнае – прыдумаць урачыстую прамову і пастарацца, каб яна слова ў слова не паўтарала мінулагоднюю.
Пэўная частка рэспандэнтаў (8,2%) лічыць, што падарунак да 8 Сакавіка мае права быць практычным. Хай сабе. Толькі хочацца, каб гэта не былі антымаскітная сетка, набор інструментаў ці патэльня. Ну, хіба толькі калі яна сама вас аб гэтым  папросіць.
А пакуль мы – у прадчуванні. І як бы мы, жанчыны, ні стараліся рэальна глядзець на рэчы, чакаем мы заўжды нечага асаблівага.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №18 ад 06.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *