Что показал десант в Ковляковский сельсовет руководства района и специалистов районных служб?

Актуалии Общество Президент

Дарогі, дровы, дрэвы…

Такая форма работы з насельніцтвам, як выезд кіраўніцтва раёна і спецыялістаў раённых службаў у адзін з сельсаветаў, правядзенне там сустрэч і падворных абходаў, даўно прыжылася ў нашым раёне.

Гэта самы эфектыўны метад даведацца, пабачыць, як кажуць, на свае вочы, як жыве народ у глыбінцы, выявіць, якія праблемы яго хвалююць, падказаць, як аператыўна можна вырашаць на месцах пытанні. А яшчэ заадно перасцерагчы, папярэдзіць, праінфармаваць. У гэтай сувязі практычна ў кожнай рабочай групе прысутнічаюць не толькі прадстаўнікі ўлады, але і самых важных службаў – праваахоўных органаў, пажарнай і сацыяльнай службаў. Каўлякоўскі сельсавет у гэтым годзе стаў першым аб’ектам, куды  высадзіўся такі дэсант: за два дні чатыры групы наведалі ўсе без выключэння вёскі сельсавета, дзе сустрэліся з іх жыхарамі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, а разам з ёй в. а. начальніка РАУС Алег Калеснікаў і супрацоўнік аддзела Сяргей Кузняцоў, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Рыгор Жук, спецыяліст Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Шаціла, старшыня сельсавета Таццяна Дзятлава і адказны сакратар раённай газеты “Герой працы” Алена Карпушэнка адправіліся па маршруце Сінякова-Бокішава-Улазавічы-Духравічы-Стрэлкі-Пятніцкае-Івоніна.
Вёсачкі гэтыя вельмі маланаселеныя – у іх пастаянна пражывае не больш за 10 чалавек. Летам карціну крыху ўпрыгожваюць дачнікі. Сельсавет на летні сезон большае, па падліках работнікаў сельсавета, прыкладна на дзве сотні чалавек. Гэта многа, калі ўлічыць, што пастаянных жыхароў на ўвесь сельсавет пад 650 чалавек. І любоў дачнікаў зразумелая: мясціны тут дужа маляўнічыя, грыбныя і ягадныя, Дзвіна побач, азёр хапае, землі пясчаныя.
Варта адзначыць, што жыхары вёсак прадэманстравалі практычна 100-працэнтную яўку на сустрэчы з гасцямі з райцэнтра, не прыйшлі толькі некалькі чалавек па вельмі ўважлівых прычынах. А так у кожным населеным пункце атрымалася шчырая гаворка пра жыццё-быццё.
Старшыня райсавета расказала пра становішча спраў у раёне, пра работу раённых службаў, прадстаўнікі праваахоўных органаў і пажарнай службы закранулі пытанні асабістай бяспекі, папярэдзілі, як не стаць ахвярай злачынцаў, агню і розных надзвычайных сітуацый.
Якія праблемы ўзнялі вяскоўцы? Няшмат і па сутнасці. Рамонт дарогі да вёскі і па вёсцы прасілі зрабіць жыхары Сінякова, яны ж папрасілі разабрацца і з аварыйнымі дрэвамі. Жыхары вёскі Улазавічы просяць пасадзейнічаць у прадаўжэнні да іх вёскі маршрута аўтобуса Пятніцкае, які курсіруе па суботах і нядзелях, хаця б на летні перыяд. Бо пакуль у іх вёску аўтобус заязджае толькі адзін раз у тыдзень – у аўторак. “Дзяцей шкада, – казалі вяскоўцы, – ім у выхадныя ісці шмат прыходзіцца…”
Жыхары Пятніцкіх адчуваюць праблему з нарыхтоўкай дроў, маўляў, лясоў шмат, а з дрывамі не зусім зразумелая карціна.
Дзень работы з насельніцтвам у Каўлякоўскім сельсавеце не скончыўся. 20 сакавіка тут правядуць выязныя прыёмы намеснікі старшыні райвыканкама Віталь Коваль і Алег Быкаў, а таксама кіраўнік спраў Сяргей Белагалоў. 23 сакавіка на тэрыторыі сельсавета пройдзе Дзень прафілактыкі з наведваннем сацыяльна-вытворчых аб’ектаў і правядзеннем у будынку сельвыканкама пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку. 29 сакавіка адбудзецца падвядзенне вынікаў дня работы з насельніцтвам на рабочай нарадзе кіраўніка раёна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №21 ад 16.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *