К Дню учителя в Шумилинском районе провели чествование лучших педагогов

Актуалии Образование

Граматы, падзякі, сюрпрызы…
Напярэдадні Дня настаўніка райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з аддзелам адукацыі арганізаваў у СШ № 1 свята для сённяшніх і былых педагогаў.
Дзень настаўніка – гэта свята асаблівае, вельмі добрае і цёплае. Напэўна, няма такога чалавека, якія б не быў удзячны свайму настаўніку, адзначыў у сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П. У. Спірыдонаў. Пётр Уладзіміравіч назваў у сваёй прамове лепшых дырэктараў школ раёна, настаўнікаў, выхавальнікаў, ухвальнае слова сказаў пра сямейныя настаўніцкія дынастыі, павіншаваў усіх са святам і пажадаў здароўя і цярпення, поспехаў у рабоце.
Яркі агеньчык педагагічнага таленту не заслоняць ніякія жыццёвыя хмары.  І як бы ні было цяжка настаўніку, заўсёды дапамагае ягоная жыццёвая мудрасць і душэўная дабрыня. І настаўнікі дабіваюцца значных поспехаў, доказ таму – тыя шматлікія граматы аддзела адукацыі, якія на свяце атрымалі многія педагогі. А вось у дырэктара Мікіціхінскай школы В. М. Асташонак  больш важкая ўзнагарода – грамата ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Г. Ф. Раманенка сказала ўхвальнае слова пра тых настаўнікаў, якія ўзначальваюць прафсаюзныя арганізацыі школ раёна, заўсёды ўмеюць выслухаць чалавека, зразумець і дапамагчы яму. Галіна Філіпаўна ўручыла граматы райкама прафсаюза лепшым старшыням прафсаюзных ячэек школ раёна. А Аляксандр Іванавіч Буйноў, які на гэтай грамадскай пасадзе больш за дваццаць гадоў, атрымаў грамату Віцебскага абласнога камітэта  прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Прыехалі на свята ў Шуміліна і госці. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Чыгуначнага раёна г. Віцебска Надзея Рыгораўна Іўлева падзякавала шумілінцам за добрую прафсаюзную работу і ўручыла П. У. Спірыдонаву грамату ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
І яшчэ адзін прыемны сюрпрыз чакаў настаўнікаў у гэты дзень. Н. Р. Іўлева прыехала ў Шуміліна разам з хорам работнікаў педагагічнай працы “Натхненне”, ініцыятарам стварэння якога сама і з’яўляецца. Хор даволі малады –  створаны тры гады назад, але рэпертуар песень, можна сказаць, на любы густ. Удзельнікі хору з хлебам-соллю віталі настаўнікаў і ветэранаў педагагічнай працы Шумілінскага раёна. Ну, а віншавалі песнямі. Шчыра і таленавіта.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *