Как живётся детям в Обольском приюте

Образование Общество

“Я пажыву тут і хутка паеду дадому!”
– Я  вось пажыву тут яшчэ крыху і хутка паеду дадому!
– Да мяне мама прыязджала, прывезла цукерак!
– А я вельмі-вельмі хачу дадому!
Такія выказванні пачулі з вуснаў выхаванцаў ў Обальскага прытулку. Зараз тут сямёра дзетак. У кожнага  – свой лёс і боль. У адной дзяўчынкі маці памерла, у другой – захварэла, а блізкіх родзічаў няма, вось і ўладкавалі дзіця ў прытулак. Але часцей за ўсё ў прытулак дзеці трапляюць з-за п’янства бацькоў.
Усяго за мінулы год у Обальскім прытулку пабывалі 52 дзіцяці. Прычым, летась 31 дзіця вярнулася ў свае біялагічныя сем’і.
“Вельмі прыемна, калі бацькі ў рэшце рэшт разумеюць, што дзіця даражэй за разгульны лад жыцця і за гарэлку, – гаворыць загадчыца прытулку Т. І. Карташова. – Многія становяцца на шлях выпраўлення. Як, напрыклад, сям’я са Слабады. Маці тут закадзіравалася, уладкавалася на работу. Часта ёй тэлефануем, яна з задавальненнем расказвае пра дзяцей. Ды і ад настаўнікаў чуем добрыя словы пра бацькоў і дзяцей.
У Шуміліне ёсць сям’я, якой вярнулі дзіця амаль тры гады таму. Абстаноўка ў сям’і стабільная. Думаем, гэта дзяўчынка больш не трапіць у прытулак”.
А некаторыя дзеці ў прытулку адчуваюць сябе намнога лепш, чым дома. Напрыклад, прывезлі ў прытулак дзяўчынку з адной вёскі, дык яна ніяк наесціся не магла, бо столькі рознай ежы дома яна не бачыла. Па словах сацыяльнага педагога прытулку Т. С. Лузгіной, выхавальнікам  прыйшлося вучыць дзяўчынку элементарнаму –  чысціць зубы, засцілаць ложак, сачыць за знешнім выглядам.
А яшчэ адна дзяўчынка, калі ляжала ў бальніцы, увесь час плакала і прасілася: “Забярыце мяне ў прытулак!” Так, тут створаны добрыя ўмовы для пражывання і выхавання дзяцей, але ж трапляць сюды не пажадаеш нікому. Дзіцяці нідзе не будзе так камфортна, як у сям’і, упэўнены выхавацелі Обальскага прытулку. Вядома, яны маюць на ўвазе нармальную сям’ю. А калі бацькам усё ж даражэй гарэлка – іх пазбаўляюць правоў. У такім выпадку для дзіцяці стараюцца знайсці прыёмную сям’ю. Так, у мінулым годзе 11 дзяцей былі ўладкаваны ў прыёмныя сем’і. Прычым, усе яны – у нашым раёне.
“На Шуміліншчыне нямала добрых і чулых людзей, з’явілася нямала жадаючых узяць чужое дзіця ў сваю сям’ю, – кажа Таццяна Іосіфаўна. – Нават чарга ёсць. Вось і нядаўна адна жанчына з Шуміліна ўзяла на выхаванне адразу дваіх дзетак”.
Дарэчы, са снежня мінулага года Обальскі прытулак стаў структурным падраздзяленнем Шумілінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра”. Цяпер прытулак разлічаны ўсяго на 14 дзетак, гэта, на думку спецыялістаў, дазволіць больш якасна займацца выхаваннем і знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага з падапечных.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *