Учит, как жить безопасно

Безопасность Новости Общество

Сёння, 19 студзеня, Беларусь у 25-ты раз адзначае Дзень ратавальніка. У Шумілінскім райаддзеле па надзвычайных сітуацыях працуе супрацоўнік, які прысвяціў служэнню ў радах ратавальнікаў крыху больш за 25 год — гэта інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю маёр Вадзім ПІВАВАРАЎ.

Вадзіма Піваварава ў нашым раёне добра ведаюць многія. Інспектар – часты госць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, у дзіцячых садках і школах, на сельскіх і бацькоўскіх сходах. 4 гады ён вучыць жыхароў раёна таму, як зрабіць жыццё больш бяспечным.

А наогул у службе ратавання Вадзім Віктаравіч працуе з 1996 года. Хоць спачатку віцебскі хлопец звязваць сваё жыццё са службай не планаваў і закончыў пасля школы вучылішча, дзе атрымаў прафесію разьбяра, сталяра, цесляра. Тым не менш і сёння не можа адным словам патлумачыць, якой сілай яго зацягнула ў год заканчэння ПТВ ва ўпраўленне МНС, дзе ён папрасіўся на работу байцом. Праз год малады ратавальнік паступіў завочна ў Камандна-інжынерны інстытут МНС (цяпер Універсітэт грамадзянскай абароны) па спецыяльнасці «пажарная тэхніка і бяспека». Праз 4 гады стаў начальнікам каравула ПАРП № 1 Суража, там жа атрымаў званне лейтэнанта. Пасля былі пасады інспектара прапаганды, работа ў Чашніцкім РАНС, у Віцебскім абласным цэнтры бяспекі. Зімой 2019 годзе ён перавёўся ў Шуміліна.

Цяпер жа Вадзім Півавараў кажа, што за 25 гадоў работы ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары і найперш удзячны богу, што абмежаваў яго ад сустрэчы з дзіцячай смерцю на пажарах. Хоць сітуацыі былі розныя, у тым ліку даволі складаныя.

Прапаганда бяспекі жыццядзейнасці і прафілактычная работа – адно з асноўных напрамкаў работы інспектара. Выступленні ў працоўных калектывах, прафілактычныя мерапрыемствы для дзяцей, выступленні на сельскіх сходах – гэта далёка не ўсё, чым займаюцца спецыялісты сектара. У год МНС праводзіць больш за 10 маштабных акцый, у рамках якіх інспектары распрацоўваюць уласны план і праводзяць уласныя мерапрыемствы. Напрыклад, заўсёды ярка і шырока праходзяць у Шуміліне злёты юных ратавальнікаў-пажарных, Адзіныя дні бяспекі з удзелам усіх аварыйных службаў раёна, прафілактычныя акцыі, конкурсы і іншыя ініцыятывы МНС.

Работа інспектара групы прапаганды – гэта пастаянны рух. Сёння – сумесны рэйд з рэдакцыяй, заўтра – падворны абход, паслязаўтра – сельскі сход, індывідуальная работа. Кожны дзень – новая задача. Прафілактычная работа ахоплівае ўсе катэгорыі насельніцтва, ад малых да пенсіянераў. Таму галоўная яе асаблівасць – умець працаваць з любой аўдыторыяй. На думку Вадзіма Піваварава, самая складаная і самая ўдзячная катэгорыя – дзеці, асабліва малыя. Інспектар ладзіць з імі не проста гутаркі, ён праз інтэрактыў і гульні вучыць правілам бяспечных паводзін, бо так надзейней і эфектыўней.

Самае галоўнае, адзначае інспектар, што гэта не проста веды, якія дапамагаюць быць людзям усебакова развітымі, яны дапамагаюць захоўваць жыццё і здароўе.

За сумленную і адказную работу ў працоўнай кніжцы інспектара Вадзіма Піваварава – нямала запісаў аб узнагародах і заахвочваннях, у ліку якіх ёсць Ганаровыя граматы МНС і медаль «За бездакорную службу III ступені».

Інспектар выхаваў сабе змену – старэйшы сын Аляксандр пайшоў па слядах бацькі, закончыў Універсітэт грамадзянскай абароны і ўжо выкладае ва ўніверсітэце. Бацька, безумоўна, ганарыцца, ёсць працяг адданага служэння справе, неабходнай і вельмі важнай у нашым грамадстве.

Лічбы і факты

У 2023 годзе інспектар Вадзім Півавараў арганізаваў і правёў 4 раённыя конкурсы, 128 мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі, 47 мерапрыемстваў у месцах выязнога гандлю і масавага знаходжання людзей, 37 выступленняў у працоўных калектывах.

На праводзімых мерапрыемствах мерам пажарнай бяспекі праінструктаваў 1263 чалавекі.

У рамках правядзення пажарна-прафілактычнай работы абследаваў 403 домаўладанні.

За 2023 год падрыхтаваў у газету 110 прафілактычных артыкулаў, 8 тэматычных выпускаў («Служба 101» і «Азбука бяспекі»).

Алена КАРПУШЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *