Мова ад А да Я: скланяць – не скланяць

Актуалии Образование Общество

Скланяць – не скланяць
У кожнага з нас вельмі трапяткое стаўленне да свайго імя, імя па бацьку, прозвішча. І нас вельмі абурае, нават, крыўдзіць, калі раптам прыходзіцца адчуваць няўважлівасць да такіх важных атрыбутаў нашай асобы. Мы ў рэдакцыі час ад часу сутыкаемся з тым, што не ўсе гатовы ўспрымаць беларускі варыянт свайго прозвішча, асабліва яго формы. Хаця трэба прызнаць, што ў тэорыі і практыцы падачы прозвішчаў ёсць шэраг спрэчных пытанняў. Справа ў тым, што напісанне склонавых канчаткаў прозвішчаў рэгламентавалася ў “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” аж у 1959-ым годзе. Відавочна, што даўно наспела неабходнасць удакладнення гэтых нормаў. Тым не менш, сёння мы павінны падпарадкоўвацца правілам, якія не былі адменены і дзейнічаюць, паколькі ў новай рэдакцыі беларускага правапісу 2008 года адсутнічае раздзел, прысвечаны скланенню ўласных імёнаў.
Прозвішчы, якія паходзяць ад назваў прадметаў жаночага роду з асновай на -г, -к, -х і маюць ненаціскны канчатак -а, набываюць склонавыя канчаткі ў залежнасці ад полу асобы. Жаночыя прозвішчы скланяюцца, як адпаведныя назоўнікі жаночага роду першага скланення з адпаведнай асновай, мужчынскія – як рознаскланяльныя назоўнікі мужчынскага роду з адпаведнай асновай: Д. Анастасіі Грэчцы, Мікалаю Грэчку; Т. Анастасіяй Грэчкай, Мікалаем Грэчкам.
Прозвішчы, якія паходзяць ад назваў прадметаў жаночага роду на -а (апроч прозвішчаў на г, к, х з ненаціскным канчаткам -а), скланяюцца незалежна ад полу асобы, як назоўнікі жаночага роду з адпаведным тыпам асновы: Д. Андрэю (Марыі) Сініцы, Т. Андрэем (Марыяй) Сініцай.
Прозвішчы з націскным канчаткам -а (-я) тыпу Крапіва, Каляда, Вярба скланяюцца, як назоўнікі агульнага роду (тыпу сірата): Д. Веры (Лёню) Вярбе, Т. Верай (Лёнем) Вярбой.
Сярод прозвішчаў на ненаціскныя -а, -я, што не суадносяцца з назвамі канкрэтных прадметаў, скланяюцца толькі тыя, якія абазначаюць асоб мужчынскага полу: Д. Лазуку Анатолю, Т. Лазукам Анатолем; але Д. Лазука Ганне, Т. Лазука Ганнай.
Мужчынскія і жаночыя прозвішчы  на -аў(-ав), -еў (-ев), -оў (-ов), -ёў (-ёв), -ін, -ын маюць змешаны тып скланення: Н. Іван Сакалоў, Ганна Грышына; Р. Івана Сакалова, Ганны Грышынай; Д. Івану Сакалову, Ганне Грышынай; В. Івана Сакалова, Ганну Грышыну; Т. Іванам Сакаловым, Ганнай Грышынай; М. (пры) Івану Сакалову, Ганне Грышынай.
Не скланяюцца:
– прозвішчы на націскны галосны: Крыўко, Масько, Кралько;
– прозвішчы на -ых (-іх): Чарных, Фаміных;
– жаночыя прозвішчы, якія заканчваюцца на зычны: Догель, Касцюк, Коўзан, Нячай, Аляшкевіч, Ліўшыц, Шах, Сцепанец;
– жаночыя прозвішчы з ненаціскным канчаткам -а, -я, якія не суадносяцца з назвамі прадметаў: Батура, Лазука, Бандарэнка, Анацка.
Як бачым, для таго, каб не памыліцца, даволі часта трэба ведаць, суадносіцца ці не суадносіцца прозвішча з назвамі прадметаў, а гэта, згадзіцеся, не заўжды проста. Напрыклад, на першы погляд, паміж прозвішчамі Саладуха і Васёха няма розніцы, у тым сэнсе, што мы можам лёгка праскланяць іх па адным тыпе. Але, зазірнуўшы ў тлумачальны слоўнік, мы даведаемся, што саладуха – гэта салодкая страва з густазаваранай жытняй мукі. Слова ж “васёха” не суадносіцца з назвай прадмета. А гэта мае прынцыповае значэнне, калі мы збіраемся скланяць гэтыя прозвішчы (чытайце правіла вышэй). Атрымліваецца:  Р. Наталлі Саладухі, Наталлі Васёха, Д. Наталлі Саладусе, Наталлі Васёха і г. д. Існуе і шмат іншых супярэчнасцяў, а хацелася б, каб напісанне прозвішчаў было строга рэгламентавана і не выклікала пытанняў. Для таго, каб яно паўнавартасна  выконвала свае грамадскія і прававыя функцыі. Але гэта тэма для цэлай навуковай працы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 70 ад 08.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *