В Шумилино прошла августовская конференция педагогов района

Актуалии Образование

Развіццё сістэмы адукацыі: даступнасць, якасць, эфектыўнасць
У пятніцу, 26 жніўня, у раённым цэнтры культуры прайшла канферэнцыя педагогаў Шумілінскага раёна. З дакладам “Стратэгічныя арыенціры развіцця адукацыі: даступнасць, якасць, эфектыўнасць” выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова. Напярэдадні новага навучальнага года педагогі абмеркавалі вынікі сваёй работы ў мінулым годзе, вызначылі задачы і перспектыўныя напрамкі дзейнасці ў го-дзе надыходзячым.
Жнівеньская канферэнцыя педагогаў Шумілінскага раёна пачалася традыцыйным прывітаннем выхаванцаў дзіцячага сада №1. Дзеці старанна і шчыра чыталі ўдзячныя вершы настаўнікамі і выхавальнікам, падарылі ім паветраныя шары з пажаданнямі надзей і поспехаў у новым навучальным годзе, здзяйснення ўсіх мараў, любові і павагі ад вучняў. Добрыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў педагагічнай працы, якія прысутнічалі ў зале, ім былі ўручаны падарункі.
Грунтоўны аналіз работы школ і дзіцячых садоў раёна, пазашкольных і выхаваўчых устаноў зрабіла начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму. Як адзначыла Валянціна Васільеўна, існуючая структура ўстаноў адукацыі раёна здольная забяспечыць даступнасць якаснай і эфектыўнай адукацыі для ўсіх катэгорый дзяцей і накіравана на выкананне сацыяльнага заказу дзяржавы і грамадства.
Дашкольная адукацыя
Сістэма дашкольных устаноў раёна ў мінулым годзе ўключала 7 ясляў-садоў,  6 дзіцячых садоў, 8 вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-школу, у якіх выхоўвалася 859 дзетак. У рамках аптымізацыі з 1 верасня будзе закрыта адна дашкольная група і адзін дзіцячы сад. Ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй – 81,8% (па вобласці – 74%, па краіне – 73,7%).
У дашкольных установах працуе 122 педагогі, але вышэйшую адукацыю дашкольнага профілю маюць толькі 11%. Толькі 15 выхавальнікаў (11%) маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Дакладчык адзначыла педагогаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці сучасныя педагагічныя тэхналогіі, служаць станоўчым прыкладам у рабоце: А. М. Красоўская (Шумілінскі яслі-сад №1), Т. В. Карпенка і В. І. Касцючэнка (Шумілінскі яслі-сад №2), Н. А. Сцяпанава і К. В. Рабушава (Шумілінскі яслі-сад №3), А. В. Гарлачова (Светласельскі яслі-сад).
Агульная сярэдняя адукацыя
Сістэма агульнаадукацыйных устаноў складаецца з 17 школ рознага ўзроўню, у якіх вучылася ў мінулым годзе 1855 вучняў (у 2014/2015 годзе – 1841), паведаміла В. В. Мянькова. Сёлета ў школы раёна прыйдзе 1912 вучняў. Па аптымізацыі школьнай сеткі з 1 верасня будуць закрыты 2 школы, 3 – рэарганізаваны. Эканамічны эфект аптымізацыі за 4 месяцы 2016 года складзе 1,85 мільярда рублёў (да дэнамінацыі), гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.
У школах раёна ўвага надаецца рабоце з адоранымі вучнямі. Начальнік аддзела назвала педагогаў, якія паказваюць стабільныя вынкі ў падрыхтоўцы вучняў да рэспубліканскіх алімпіяд – больш за два дзясяткі прозвішчаў з  11 устаноў адукацыі. Дыпломы трэцяй ступені на абласным этапе заваявалі вучні, падрыхтаваныя настаўнікамі Шумілінскай РГІ – М. К. Арловай (біялогія), В. М. Бяляевай (руская мова) і СШ №1 г. п. Шуміліна – С. У. Гаралевіч (матэматыка). Па выніках абласнога этапу алімпіяды Шумілінская РГІ заняла трэцяе месца ў вобласці сярод сельскіх раёнаў.
Па выніках вучэбнага года якасць ведаў склала 51,7%, 5 вучняў 9 класа атрымалі пасведчанні з адзнакай (2 –Шумілінская РГІ, па 1 – СШ №1 г. п. Шуміліна, Башнеўская СШ і Язвінская д/с-БШ), 20 выпускнікоў 11 класа ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі, 5 – атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. 40,8% выпускнікоў устаноў адукацыі раёна паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
В. В. Мянькова агучыла вынікі рэйтынгу ўстаноў адукацыі, які вызначаўся па 37 паказчыках: лепшай прызнана Обальская СШ, на другім месцы – Мішневіцкая СШ, на трэцім – Сабадская д/с-СШ.
Дакладчык вызначыла асноўныя задачы сістэмы сярэдняй адукацыі, якія маюць на ўвазе павышэнне якасці адукацыі з улікам індывідуальных і творчых здольнасцяў вучняў, іх прафесійных намераў, адукацыйных запытаў і сацыялізацыі.
Спецыяльная адукацыя
Рознымі формамі спецыяльнай адукацыі ў раёне ахоплена 258 дзяцей. У мінулым навучальным годзе ўдалося ахапіць сістэмай спецыяльнай адукацыі ўсіх дзяцей з псіха-фізічнымі асаблівасцямі. Гэтая сістэма будзе развівацца праз аптымізацыю сеткі класаў інтэграванага навучання, удасканаленне сістэмы выяўлення і ўліку асоб з АПФР, павышэнне якасці адукацыйных паслуг.
Работа па Дэкрэце №18
Па выкананні патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” праводзіцца пэўная работа, адзначыла кіраўнік раённай сістэмы адукацыі. На 1 жніўня на ўліку ў сацыяльна небяспечным стане стаіць 210 дзяцей са 106 сямей. 8 дзяцей з 4 сямей маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Асноўная прычына нядобранадзейнасці – п’янства бацькоў, адзначыла выступоўца. З красавіка 2016 года ўзнавіў работу дзіцячы дом сямейнага тыпу, у якім зараз выхоўваецца 5 дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Былі вызначаны задачы сістэмы адукацыі па прадухіленні сацыяльнага сіроцтва, а таксама па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці.
Выхаваўчая работа
Прыярытэтным напрамкам выхаваўчай работы ў раёне застаецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх акцыях і мерапрыемствах, даглядаюць воінскія пахаванні, дапамагаюць ветэранам вайны і працы. Актыўна дзейнічаюць у школах пярвічныя арганізацыі БРСМ (13 пярвічак, 362 члена), піянерская арганізацыя, цімураўскі і валанцёрскі рух.
У рамках працоўнага выхавання па праграме другаснай занятасці працавалі 87 вучняў з 7 школ раёна, асвоена 250 млн. рублёў.
Асаблівая роля ў выхаваўчым працэсе належыць раённаму цэнтру дзяцей і моладзі, у 85 аб’яднаннях якога займалася 863 дзіцяці не толькі з райцэнтра, але і з 9 сельскіх школ раёна.
Развіваць сістэму выхаваўчай работы належыць педагогам раёна і ў наступным навучальным годзе.
Педагагічныя кадры
Ва ўстановах адукацыі раёна працуе 357 педагогаў, з якіх 93,5% маюць вышэйшую адукацыю. 20,1% настаўнікаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 50,4% – першую. Педагогі раёна ажыццяўляюць у сваёй рабоце 2 рэспубліканскія інавацыйныя праекты (Шумілінская РГІ і Обальская СШ), 6 – абласных, 16 – раённых.
Фізкультурна-аздараўленчая работа
Аналіз гэтага напрамку дзейнасці ўстаноў адукацыі дазваляе гаварыць пра пэўныя поспехі. Цэнтральным звяном у рабоце застаецца Шумілінская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. У гэтай установе займалася 247 вучняў. В. В. Мянькова падзякавала трэнеру па валейболе А. А. Паршыкаву і трэнеру па барацьбе П. В. Ганушчанку.  Выхаванцы А. А. Паршыкава выйгралі 4 з 6 абласных першынстваў, сталі пераможцамі рэспубліканскай дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі. Барцы П. В. Ганушчанкі станавіліся чэмпіёнамі Беларусі і Віцебскай вобласці, уваходзяць у зборную Рэспублікі Беларусь.
Добраўпарадкаванне
У мінулым навучальным годзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ выдаткавана 22,9 мільёна рублёў. На бягучы рамонт устаноў адукацыі затрачана 149 мільёнаў, на капітальны – 1,63 мільярда (ФСК). Большасць устаноў адукацыі з’яўляецца ўзорам парадку і ландшафтна-кветкавага афармлення. Па выніках прыёмкі ўстаноў адукацыі былі адзначаны Мікіціхінская СШ, Слабадская д/с-СШ, Добрынская д/с-ПШ, Шумілінская РГІ; сярод дашкольных устаноў – Мікіціхінскі яслі-сад, Крывасельскі дзіцячы сад, Шумілінскія яслі-сады №2 і №4. Кіраўнік аддзела выказала словы падзякі шэфам, якія ўсебакова дапамагаюць установам адукацыі.
*   *   *
Ва ўстанове адукацыі перасякаюцца інтарэсы дзяцей, бацькоў, педагогаў, выхавальнікаў, іншых работнікаў. Трэба ўсім разам зрабіць усё, каб дзіцяці было камфортна, бяспечна і добра, зрабіць усё дзеля аднаго – асобы дзіцяці, адзначыла напрыканцы выступлення В. В. Мянькова.
На канферэнцыі выступілі кіраўнікі, педагогі ўстаноў адукацыі.
Загадчыца дзіцячага сада №2 Н. В. Дзмітрэнка адзначыла, што сучасныя дзеці валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, думаюць інакш, дзейнічаюць інакш: будучае нараджаецца сёння, і задача педагогаў у тым, каб дапамагчы ва ўсебаковым развіцці дзіцяці.
І. Л. Саўчанка, настаўніца пачатковых класаў СШ №1 г. п. Шуміліна, расказала пра выкарыстанне веб-квестаў, іншых сучасных методык і гаджэтаў у навучальным працэсе.
Настаўніца рускай мовы раённай гімназіі В. М. Бяляева пачала з прытчы пра семачка, з якога можа вырасці любы плод, галоўнае – у якія рукі яно трапіць. Яна спынілася на сістэме работы з адоранымі вучнямі, якая склалася і якую удасканальваюць педагогі гімназіі.
Намеснік дырэктара Мішневіцкай СШ па выхаваўчай рабоце І. А. Галабурда падзялілася сістэмай работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, рабоце па праекце “Нашчадкі Перамогі”.
Т. Л. Мамыка, намеснік дырэктара Обальскай СШ па вучэбнай рабоце, расказала пра выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у навучальным працэсе. Школа з’яўляецца лідарам раёна ў інфарматызацыі, інфармацыйныя тэхналогіі задзейнічаны ў вучэбнай, выхаваўчай, адміністрацыйнай дзейнасці.
Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава паставіла перад педагогамі задачу матывацыі моладзі ў вучобе, выбары прафесіі, выхаванні, завастрыла ўвагу на праблемах сістэмы адукацыі. Ірына Іванаўна вызначыла аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі, як жыццёвую неабходнасць, як спосаб павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў (у нашым раёне на аднаго вучня выдаткоўваецца амаль на 25% больш сродкаў, чым ў сярэднім па вобласці, на 60% больш, чым па рэспубліцы).
І. І. Шалахава падзякавала кіраўнікам, педагогам, работнікам устаноў адукацыі за работу, пажадала поспехаў у новым навучальным годзе, ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама метадысту раённага цэнтра дзяцей і моладзі Т. М. Мураўёвай і Падзяку старшыні райвыканкама дырэктару Обальскай СШ  І. А. Чарнічэнцы. Кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія сталі пераможцамі рэйтынгу, чакаў прыемны сюрпрыз – Ірына Іванаўна ўручыла А. М. Пузікавай, П. У. Спірыдонаву і І. А. Чарнічэнцы сертыфікаты на набыццё ноўтбукаў для іхніх школ.
Граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама работнікаў устаноў адукацыі ўзнагародзіла начальнік аддзела В. В. Мянькова.
Завітаў на педагагічную канферэнцыю кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па Гарадоцкай выбарчай акрузе №21 В. В. Міраш. Ён павіншаваў педагогаў з надыходзячым Днём ведаў, пажадаў здароўя, дабрабыту і добрых вучняў.
Завяршылася мерапрыемства канцэртам, падрыхтаваным навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Цудоўнае танцавальнае шоу шумілінскім педагогам падарыў танцавальны калектыў Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №68 ад 30.08.2016 г.



2 комментария по теме “В Шумилино прошла августовская конференция педагогов района

  1. Приносим извинения. Но была информация, что первый.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *