Оздоровительные лагеря готовы принять детей

Актуалии Общество

Адпачыць, папрацаваць, набрацца сіл
Вось і пачаліся летнія канікулы. У двары, паркі, на вуліцы гарадоў і вёсак выплюхнулася сапраўдная хваля дзетвары. Пакуль дзеці з асалодай носяцца на веласіпедах, скачуць у “класікі”, ганяюцца за мячом. Яны вольныя, яны адпачываюць. Але, звычайна, гэтая воля хутка надакучвае, і  тады пачынае  цягнуць на “подзвігі”, ствараючы галаўны боль бацькам, настаўнікам, міліцыі.
Ва ўсіх установах адукацыі педагогі думаюць, што рабіць, каб нашы дзеці былі занятыя ўвесь час, каб адпачынак не стаў самотным для іх, і лета прайшло цікава і карысна.
Як расказаў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў, распрацаваны комплекс мерапрыемстваў для таго, каб заняць дзяцей і падлеткаў (а іх у нашым раёне 2055) у летні час. Кожная ўстанова адукацыі мае свой план дзіцячага адпачынку, які прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў самых розных напрамкаў – спартыўныя, забаўляльныя, пазнавальныя.
Асаблівая ўвага ў час канікулаў – дзецям, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, унутрышкольным кантролі, з сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы. У прыватнасці, у летні час будуць дзейнічаць чатыры валанцёрскія 9-дзённыя лагеры, дзе падлеткі (100 чалавек), пераважна з “групы рызыкі”, не толькі адпачнуць, а і па-працуюць на грамадскую карысць.
Акрамя таго, у школах прадугледжана работа 63 працоўных аб’яднанняў (атрадаў па добраўпарадкаванні, рамонтных брыгад і іншых), у якіх знойдуць занятак больш за тысячу школьнікаў. 82 вучні будуць працаваць па праграме другаснай занятасці, на рэалізацыю якой выдаткоўваецца 60 мільёнаў рублёў. Яны будуць шыць пасцельную бялізну, рамантаваць школьную мэблю, займацца ўпрыгажэннем школьных тэрыторый. Дзеці не толькі з карысцю правядуць вольны час, а і заробяць уласныя грошы.
Будуць працаваць і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. У прышкольных лагерах дзённага і кругласутачнага знаходжання змогуць адпачыць сёлета 950 дзяцей. Лагеры будуць працаваць у кожнай установе адукацыі: 21 – з дзённым знаходжаннем (650 дзяцей), на базе раённай гімназіі ў Лескавічах будзе працаваць у дзве змены (па 100 чалавек у кожнай) кругласутачны лагер “Пунсовы ветразь”.
Як патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама К. Д. Галуза, сёлета бюджэтная датацыя на кожнае дзіця складае 230 тысяч рублёў у лагерах з дзённым знаходжаннем. Бацькоўская плата (25%) – 57 500 рублёў. Грошы будуць выдаткоўвацца на харчаванне дзяцей. У валанцёрскіх лагерах датацыя – 235 тысяч рублёў, бацькоўская плата не бярэцца.
У лагер “Пунсовы ветразь”  кошт пуцёўкі для дзяцей, чые бацькі працуюць у бюджэтных і сельскагаспадарчых арганізацыях, складае 900 тысяч рублёў (605 тысяч – бюджэтная датацыя і 295 тысяч – бацькоўская плата). Для работнікаў іншых сфер вытворчасці кошт пуцёўкі ў залежнасці ад узросту дзіцяці — ад 1 мільёна 375 тысяч да 1 мільёна 425 тысяч рублёў (605 тысяч – бюджэтная датацыя, астатнія грошы ўносяць бацькі ці могуць за-плаціць прафсаюзы ці самі прадпрыемствы).
Застаецца спадзявацца, што нашы дзеці добра адпачнуць, падрастуць і з новымі сіламі прыйдуць у школу.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №45 ад 08.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *