Ни в одном доме не было ёлки

Общество

Ні ў адной хаце не ўбачылі ёлку…
Дзевяць рэйдавых груп райвыканкама ў пераднавагоднія дні аб’ехалі нядбайныя сем’і. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў перад рэйдам нагадаў пра неабходнасць праверыць спраўнасць пячнога ацяплення і электраправодкі, наяўнасць дроў, уцепленасць дзвярэй і акон.
Разам са старшым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. М. Селязнёвай, псіхолагам ДУА “Шумілінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр” І. М. Джураевай карэспандэнт раённай газеты  едзе наведваць сем’і Мікалаёўскага сельсавета. Пачалі аб’езд з а.-г. Кардон, тут наведалі дзве сям’і. У адной з іх няма дроў: у выпадку вялікіх маразоў іх хопіць максімум на тыдзень. А вось гаспадар другой сям’і паклапаціўся пра дровы – купіў прычэп цуркамі. “А яшчэ  сусед дазволіў разабраць мне стары хляўчук, вось пілую бярвенні, – пахваліўся мужчына, якога сустрэлі на вуліцы за работай. – У доме зрабіў кораб, у які схаваў электраправады, зайдзіце паглядзіце”. Паглядзелі. Сапраўды, цяпер месца злучэння правадоў ізалявана ад сцяны і шпалераў. Гаспадару засталося толькі памяняць батарэйкі ў пажарным апавяшчальніку. Не перашкодзіла б і прыбрацца ў кватэры, павыціраць тое чорнае павуцінне, якое здалёк можна зблытаць з электраправадамі.
Сям’я, якую наведалі ў Кардоне, пасля восеньскай праверкі сацыяльнай службы мясцовай школы паспела назапасіць дроў – напэўна, хопіць на зіму. А вось у гаспадара з вёскі Андрэева дроў кот наплакаў. Яшчэ адна сям’я з гэтай жа вёскі сустрэла нас беспарадкам у хаце. Захламленасць ля печкі – гэта рызыка пажару. Ёсць такая рызыка і ў спальным пакоі, дзе падчас нашага прыходу палілася грубка. Агонь, нібыта просячыся на волю, так і зыркаў праз шчыліну над дзверцамі.  ”Вось толькі перад вашым прыходам кавалак ад грубкі адваліўся, – апраўдвалася гаспадыня. – Заўтра адрамантую, гліна ў мяне ёсць”.
Трымаем шлях у Мішкавічы. Сям’я, якую наведалі, выправіла палову раней указаных недахопаў: прыбіла перадтопачны ліст толькі ля грубкі. Апраўдваліся, што для пліты не знайшлі такога ліста. Але калі ў наступны раз з праверкай прыедуць работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, то сям’і прыйдзецца ўжо плаціць штраф.
Дарэчы, у ніводнай з наведаных сем’яў мы не ўбачылі прыбранай ёлкі. А дзецям так хочацца казкі…
Апошняя сям’я на нашым шляху – у Ізгародзішчы. На пліце варыцца бульба, у хаце свежавымытая падлога.  А гаспадыня тым часам завіхалася ля дроў. Галоўнае, што яна не злоўжывае спіртнымі напіткамі,  стараецца дзеля дзяцей і сям’і.
Вось бы ўсе праблемныя сем”і раптам сталі адказнымі ды клапатлівымі. Найперш да сваіх дзетак.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №102 ад 31.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *