Аграрии Шумилинского района работают на будущий урожай

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Рамантуем трактары, плугі і сеялкі
У пачатку года тэмпы рамонту тэхнікі ў сельгасагранізацыях жадалі быць лепшымі. Але цяпер, на думку намесніка начальніка райсельгасхарчу В. В. Багаткі, работа актывізавалася. У прыватнасці, многія гаспадаркі закупілі запчасткі.
Трактарны парк раёна налічвае 251 трактар, у канцы мінулага тыдня было адрамантавана 83% тэхнікі. Спецыялісты райсельгасхарчу сцвярджаюць, што за гэты тыдзень рамонт падыдзе да фінішу. Усе трактары (за выключэннем тых, якія будуць працаваць на фермах раёна) выедуць на палеткі.
У раёне ёсць восем агрэгатаў для першай падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі. Машыны “Раса” і “Дзвіна” ўсе адрамантаваныя, яны хоць сёння гатовы выехаць на палеткі.
“З 38 пасяўных агрэгатаў пакуль што гатова 26, – працягвае В. В. Багатка. – Шчыльна працуем, каб паспець да пасяўной. Гатоўнасць плугоў па раёне складае 78%, раскідвальнікаў мінеральных угнаенняў – 82%”.
Васіль Васільевіч расказаў, што ў хвасце раённай зводкі па падрыхтоўцы тэхнікі – УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, ААТ “Ляжні” і “АграБаравінка”. А вось у ААТ “Лаўжанскае”, наадварот, вельмі пастараліся і паспяшаліся з рамонтам. І калі на мінулым тыдні мы пабывалі ў майстэрні гаспадаркі, тут кіпела работа. Механізатары завіхаліся ля трактароў, плугоў і сеялак. Галоўны інжынер М. М. Новікаў расказаў, што ў гаспадарцы два пасяўныя агрэгаты і сеялка “Лемкен”, што чызелі поўнасцю адрамантаваныя.
Па словах дырэктара ААТ “Лаўжанскае” А. А. Кавальчыка , глебаапрацоўчая тэхніка гатова на 95%. “Засталіся толькі дыскатары, але гэта дробязь у параўнанні з тым, што было зроблена, – кажа Аляксей Аляксеевіч. – Трактарны парк у нас вялікі, рамонту хапала. Наўрад ці справіліся б, калі б не надзейны механізатарскі калектыў. У нас ёсць і сталыя механізатары, многа і маладых. Дзякуй ім усім за разуменне, за работу ў выхадныя дні”.
У “Лаўжанскім” усяго 35 трактароў, нагрузка на адзін у час пасяўной немалая – 191 гектар, падлічылі эканамісты. На думку А. А. Кавальчыка,  работу падчас пасяўной  трэба будзе арганізаваць у дзве змены, бо толькі ўзараць трэба больш за тысячу гектараў палеткаў. А яшчэ з УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” перадалі сёлета 350 гектараў палеткаў паблізу вёскі Залужжа.

Вывозяць арганіку
У гэтым годзе ў раёне запланавана вывезці на палеткі 206 тысяч тон арганічных угнаенняў. У канцы мінулага тыдня выканалі толькі 58% запланаванага задання (вывезлі 119 тысяч тон).
За дзень па раёне вывозіцца каля тысячы тон арганікі. На гэтай рабоце задзейнічана больш за  дзесяць трактароў.
“Лепш за ўсіх работа па вывазу арганікі арганізавана ў КУСГП “Ульскі” (88% да патрэбнага),  ААТ “Прыазёрны мір” (68%), – кажа галоўны аграхімік раёна А. Я. Пушнякова. –  Гэтыя гаспадаркі даганяюць УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” (67%) і  ААТ  “АграБаравінка” (65%). У хвасце раённай зводкі –  КУСГП “Мішневічы ”(39% да патрэбнага) і СФГ “Раднік”  (27%).
Наш раён па вывазу арганікі ў сярэ-дзіне абласной зводкі. Тым не менш, не дадае нам гонару, што суседні – Гарадоцкі – намнога абышоў: на канец мінулага тыдня тут было вывезена 94% арганікі да патрэбнага.

Ідзе вапнаванне глебы
Вапнаванне кіслай глебы – важны агратэхнічны прыём павышэння эфектыўнай і патэнцыяльнай урадлівасці. На думку аграномаў, менавіта вапнаванне спрыяе росту ўраджайнасці і памнажае аддачу мінеральных угнаенняў, змяншэнню ў глебе колькасці цяжкіх металаў.
У нашым раёне вапнаваннем займаецца УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. У гэтым годзе трэба правапнаваць тры тысячы гектараў. З абласнога бюджэту на гэтыя мэты выдзелена 1,7 мільярда рублёў  – гэтых грошай  хопіць на вапнаванне паўтары тысячы гектараў. Увогуле кіслыя глебы – гэта праблема многіх гаспадарак, ўсяго ў раёне налічваецца 15 тысяч гектараў такіх земляў.   “Вапнаванне  праводзім  на падставе аграхімічнага абследавання сельскагаспадарчых угоддзяў, якое ладзіцца адзін раз у чатыры гады, – расказала галоўны аграхімік раёна А. Я. Пушнякова. – На падставе вынікаў абследаванняў складзена праектна-каштарысная дакументацыя на вапнаванне глебы. Гэтыя работы пачаты са студзеня. Напрыклад, за студзень у раёне было правапнавана 84 гектары, а за люты – 32. Гэта вельмі мала”.
На канец мінулага тыдня было апрацавана толькі 116 гектараў палеткаў. Тры агрэгаты з райаграсэрвісу працавалі па палетках розных гаспадарак. З даламітавай мукой, якую прывозяць з ААТ “Даламіт”, у раёне няма праблем – яе пастаўляюць без збояў.  Тады ж чаму вапнаванне ідзе  так марудна? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да вядучага агранома УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Д. У. Лазукі.
“Нашы механізатары працавалі ў  “Мішневічах” і “Сіроцінскім”, у ААТ “Лаўжанскае”, потым пераехалі на ўласныя палеткі, – расказаў Дзмітрый Уладзіміравіч. – Працуем не ў такім рытме, як хацелася б з-за таго, што не хапае тэхнікі. А цяпер дык і ўвогуле работы прыпынілі, бо на некаторых палетках трактары  буксуюць.  Як толькі крыху падсохне, зноў пачнем вапнаваць”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №19 ад 10.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *