Женщинам Шумилинского района подарили праздник

Актуалии Общество

“Жанчына іграе шмат роляў, і ўсе яны – галоўныя…”
Сёлета жанчынам пашанцавала: каляндар “выбраў” нядзелю для 8 Сакавіка, а таму святкаваць пачалі яшчэ ў пятніцу. У гэты дзень прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва прымалі віншаванні ад калег-мужчын, у паветры лунала атмасфера інтрыгі і радаснага прадчування, 6 сакавіка ў раённым цэнтры культуры прайшлі і афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды Дня жанчын.
Шчырыя словы віншаванняў усім жанчынам Шуміліншчыны адрасаваў намеснік старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў: “Жанчына іграе шмат роляў, і ўсе яны – галоўныя. Прырода шчодра надзяліла вас душэўнай прыгажосцю, чуласцю, разуменнем, цярпеннем і мудрасцю”. Менавіта мацярынскія любоў і клопат, вера ў свайго дзіцяці валодаюць чароўнай сілай мець працяг у такіх заваяваннях і перамогах дзяцей, якімі могуць ганарыцца не толькі бацькі, блізкія людзі, але і ўвесь раён, уся краіна. Пад гучныя апладысменты залы на сцэну паднялася маці Ганны Сола – Алена Пятроўна Сола (на здымку з В. Ц. Мяньковым).
Зусім нядаўна спартсменка заваявала залаты медаль і стала чэмпіёнкай у эстафетнай гонцы на юніёрскім чэмпіянаце свету. І прыгожы букет для маці – як камплімент, як “дзякуй” за дачку, за яе дасягненні, якія праславілі Шумілінскі раён на ўвесь свет.
Зразумела, што падтрымка мацярынства і дзяцінства заўжды мае вялікую аддачу, важную як для пэўнай канкрэтнай сям’і, так і для рэгіёна, усёй краіны. А таму  ўлады пастаянна заклапочаны рэалізацыяй праграм,  накіраваных на ўмацаванне базавых сямейных каштоўнасцяў, аказанне дапамогі шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям, павышэнне якасці адукацыйных і медыцынскіх паслуг.
І нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці сённяшняга дня, маштабы такой работы не скарачаюцца, заўважыў В. Ц. Мянькоў. Як прыклад, права на так званы мацярынскі капітал пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей. “Радуе, што паказчык нараджальнасці ў нашым раёне стабільна высокі: у мінулым годзе нарадзілася 196 немаўлят, прычым, у 26-ці сем’ях на свет з’явілася трэцяе дзіця, у дзевяці – чацвёртае, у дзвюх – пятае і ў дзвюх – шостае дзіця” – падлічыў Васіль Цімафеевіч.
Не адмяняючы і ніяк не паслабляючы свайго абавязку па выхаванні дзяцей, стварэнні сямейных каштоўнасцяў, жанчыны дабіваюцца высокіх вынікаў і ў прафесіі. Традыцыйна напярэдадні 8 Сакавіка, у знак глыбокага прызнання жанчыны і садзейнічання яе поўнай рэалізацыі, ганаровае званне “Жанчына года Шуміліншчыны” прысвойваецца шасці нашым зямлячкам, якія праявілі свае здольнасці і таленты ў розных сферах. Для іх – словы віншаванняў, кветкі і самыя шчырыя апладысменты.
Жанчыны могуць  быць сучаснымі і незалежнымі, самастойнымі і ўпэўненымі ў сабе, але ўсе без выключэння прагнуць сямейнага шчасця і кахання. Самымі лірычнымі пачуццямі быў прасякнуты святочны канцэрт, які прайшоў пад гучныя апладысменты да краёў напоўненай глядацкай залы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №19 ад 10.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *