Лесник Барсуков

Общество

“Лес ачышчае душу”
Іван Ягоравіч Барсукоў, ляснік Шумілінскага лясніцтва, пра сваю работу можа расказваць гадзінамі. Бачна, што чалавек улюбёны ў сваю прафесію.  І дырэктар Шумілінскага лясгасу І. Я. Папок назваў І. Я. Барсукова адным з лепшых леснікоў раёна.
“Лес ачышчае душу, здымае адмоўныя эмоцыі, – кажа  Іван Ягоравіч.  – Тут лёгка дыхаецца і вельмі прыгожа”. І ляснік стараецца, каб у ягоным абходзе быў парадак. Перш за ўсё ахоўвае лес. За трынаццаць гадоў работы лесніком рознае бывала:  здаралася, лавіў, як кажуць, за руку браканьераў, спыняў незаконныя высечкі, тушыў лясныя пажары. І пасля кожнага такога выпадку ўздыхаў з палёгкай: дзякуй Богу, што захаваў лес і звяроў.
Кожны год Іван Ягоравіч аглядае свой абход з тым, каб ведаць, дзе высякаць, а дзе садзіць. “Па плану кожную вясну разам з брыгадай саджаем 30 гектараў саджанцаў розных дрэў, – з асаблівай гордасцю кажа І. Я. Барсукоў. – За дзень на кожнага прыходзіцца па 700-800 дрэўцаў. Гэта зрабіць не так і лёгка. Затое пасля ганарымся. Сосны, пасаджаныя мной трынаццаць гадоў таму, дасягнулі ў вышыню амаль трох метраў”.
Іван Ягоравіч ужо трыццаць гадоў з’яўляецца членам таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Больш таго, узначальвае Сіроцінскую паляўнічую дачу – тэрыторыю лясных угоддзяў, куды прыязджаюць не толькі з розных гарадоў Беларусі, але і з Італіі і Польшчы. Пытаемся, ці складана сумяшчаць дзве, на першы погляд, такія  розныя пасады: з аднаго боку, ахоўваць лес, а з другога – паляваць на дзікую жывёлу і вучыць гэтаму іншых. “Ды не, –  усміхаецца Іван Ягоравіч. – Галоўнае ўсё рабіць па законе і паляваць на тых птушак і звяроў, на якіх дазволена. А адстрэл некаторых відаў, асабліва драпежных, у якойсьці меры нават карысны для жывёльнага свету”.
І. Я. Барсукоў ведае лес як свае пяць пальцаў. Кажа, што сёлета лес радуе багатым ураджаем журавін, а вось, грыбы, напэўна, будуць толькі ў другой палове верасня. Але сёння хвалюе лесніка зусім іншае: некаторыя жыхары раёна на легкавушках, конскіх калёсах коньмі вывозяць у лес смецце. Такога дзікунства Іван Ягоравіч не прымае і вядзе з гэтым бязлітасную барацьбу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *