Шумилинский районный союз военных моряков отмечает своё 20-летие

Новости Общество

Раённаму саюзу ваенных маракоў – 20 год

У 1993 годзе ў Мінску быў створаны Беларускі саюз ваенных маракоў. Праз 4 гады, 23 красавіка 1997 года, утварыўся Шумілінскі раённы савет Беларускага саюза ваенных маракоў (ШРС БСВМ). Старшынёй арганізацыі быў абраны капітан 2 рангу А. Л. Бычкоў. Ён узначальвае арганізацыю і да сённяшняга дня. Сёлета маракі адзначаюць 20-годдзе з дня ўтварэння арганізацыі.
“Ключавую ролю ў гады станаўлення сыграла памяць пра нашага героя-земляка, капітана 3 рангу Анатоля Мацвеевіча Іспянкова, які загінуў пры выкананні воінскага доўгу на атамнай падводнай лодцы “Камсамолец” у 1989 годзе, –  расказвае Анатоль Бычкоў. – Мы пазнаёміліся з яго роднымі і кожны Дзень ваенна-марскога флоту пачынаем з мітынгу на магіле героя ў Язвіне”. Ужо некалькі год раённы савет удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні міжраённых турніраў па вольнай барацьбе памяці А. М. Іспянкова і загінуўшых членаў экіпажа падводнай лодкі “Камсамолец”, якія арганізуе школьны сябра героя-падводніка Анатоль Каваленка.
Цеснае супрацоўніцтва ўстаноўлена з абласной арганізацыяй БСВМ. Наогул, маракі часта сустракаюцца, збіраюць сродкі на важныя справы, такія, як, напрыклад, устаноўка помнікаў і памятных знакаў. Вядуць актыўную патрыятычную работу. У прыватнасці, сваёй галоўнай задачай Анатоль Леанідавіч і члены арганізацыі лічаць абавязак перадаць маладому пакаленню эстафету служэння Айчыне. Дзеля гэтага наладжваюцца сустрэчы са школьнікамі, на якіх актывісты ШРС БСВМ расказваюць дзецям пра асаблівасці марской службы, прыводзяць прыклады самаадданага служэння Радзіме.
Былых маракоў заўжды можна бачыць на мітынгах і ўрачыстасцях з нагоды Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, іншых важных для кожнага беларуса святах.
Летапіс арганізацыі зафіксаваў усе найбольш значныя падзеі развіцця арганізацыі. Вось, напрыклад,  27 ліпеня 2008 года быў урачыста адкрыты памятны знак на Шумілінскім возеры, пабудаваны прычал, што стала пачаткам уладкавання Шумілінскай ваенна-марской  базы. У 2010 годзе памятны знак атрымаў назву “Марскі камень”. З гэтага ж года ўстаноўлены сяброўскія кантакты з Віцебскім аддзяленнем ГА “Беларускае казацтва”. У сакавіку 2012 года ШРС БСВМ удзельнічаў у акцыі “Марское братэрства – непарушнае”, якую арганізаваў Саюз падводнікаў Расіі.

У чэрвені 2012 года праведзены турзлёт “Шатры Маланкі” ва ўрочышчы Рабычына Мішневіцкага сельсавета. З той пары такія турзлёты ладзяцца штогод. У ліпені 2012 года А. Л. Бычкоў удзельнічаў у адкрыцці памятнага знака “Маракам Беларусі ад удзячнай Расіі” на Лініі Сталіна. У 2014 годзе адбылася паездка ў Пінск на святкаванне 95-годдзя Дняпроўскай Ваеннай Флатыліі. У 2015 годзе акцыя памяці беларускіх падводнікаў прайшла ў Маскве і Віцебску. 21 сакавіка 2015 года шумілінскія маракі ўдзельнічалі ў адкрыцці памятнай дошкі на будынку школы №8 у Віцебску ў гонар капітана 3 рангу А. М. Іспянкова. А летам 2015 года быў пабудаваны шасцівёсельны ял “Падводнік Іспянкоў”. Гэтым жа летам – памятны паход у гонар Заходне-Дзвінскай рачной ваеннай флатыліі 1919-1920 ад Полацка да Верхнядзвінска. У кастрычніку на Шумілінскім возеры быў пастаўлены элінг, у якім захоўваецца ял. А летам,  на Купалле, маракі з радасцю катаюць на ім дзяцей.
Сёння арганізацыя налічвае 65 чалавек. І. С. Васілевіч, І. В. Сушанаў, В. В. Прыходзька, У. П. Шкулаў, Т. А. Шкулава, В. А. Міраненка, Ю. В. Іспянкоў, М. І. Андрэеў, С. П. Басаў, В. І. Пудаў, В. М. Янчанка, С. А. Каваленка, А. І. Краўцоў, С. Л. Лось, Л. В. Шаўцова, І. К. Штуро – вось касцяк раённага савета Беларускага саюза ваенных маракоў, людзі, што прымаюць найбольш актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах і акцыях, вядуць патрыятычную работу сярод моладзі.
Мы  віншуем маракоў Шуміліншчыны з юбілеем іх арганізацыі, жадаем поспеху ва ўсіх добрых пачынаннях на карысць раёна і краіны. Спадарожнага вам ветру!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 20.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *