К профессиональному празднику — Дню спасателя

Общество

Сямейны падрад Віславухавых
Ірына Аляксееўна і Юрый Уладзі-міравіч Віславухавы – адзіная сямейная пара, якая працуе ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях.
Юрый – вадзіцель пажарнага аўтамабіля, за рулём васемнаццаць гадоў. “Мае абавязкі – акуратна і хутка давезці пажарных да месца здарэння, – гаворыць Юрый Віславухаў. – Як гаспадар выратавальнай машыны, поўнасцю адказваю за яе. Тэхніка з набранымі ў цыстэрну трыма тонамі вады заўсёды стаіць напагатове”.
Вадзіцель сам рамантуе машыну, кожны месяц праходзіць тэхабслугоўванне.
Ірына не тушыць пажары, яна працуе старшынёй групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, душой і сэрцам заўсёды на самых адказных участках, куды выязджае яе муж. Вядома, хвалюецца. Так было і паўтара тыдня таму, калі выязджалі на пажар у Губіцу. З-за вялікага снегу машына не даехала да палаючага дома. Юрыю прыйшлося размотваць каля трохсот метраў пажарнай рукаўнай лініі, каб падаваць ваду. Перажываў за згублены час.
Ірына закончыла Бранскі будаўнічы тэхнікум, зараз заканчвае Мінскі камандна-інжынерны інстытут. Яе будучая спецыяльнасць – інжынер па папярэджанню ліквідацый надзвычайных сітуацый.
Ірына і Юрый Віславухавы разам дома і на рабоце. “Але ж не надакучыла, – смяюцца яны. – На службе кожны займаецца сваёй справай. А ў сям’і агульныя клопаты – дом, агарод, дачка-студэнтка Марыя”. Дарэчы, хутка Віславухавы святкуюць юбілей – дваццаць гадоў сумеснага жыцця, з чым мы іх і віншуем. Але найперш – і іх, і ўсіх пажарных – з прафесійным святам!
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 18.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *