Подворный обход: чем живёт в марте Сиротинский сельсовет

Актуалии

Вёскі сустракалі спевам птушак і веснавым настроем
На мінулым тыдні групы, у склад якіх уваходзілі спецыялісты райвыканкама, раённых службаў, дэпутаты сельскага Савета, старэйшыны,  праводзілі падворны абход на тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета. Група, з якой працаваў карэспандэнт раённай газеты, наведала вёскі Сянькова, Філіпенкі, Грабніца, Новазаронава, Грышаны, Дворышча, Чысці.
Вёскі сустрэлі нас веснавым настроем: некаторыя гаспадары ўжо навялі парадак на сваіх падворках, нават адрамантавалі пасля зімы пахіленую агароджу. Іншыя толькі збіраліся гэта зрабіць, бо на большасці агародаў яшчэ гразка.
У вёсцы Чысці, якая плаўна пераходзіць у Дворышча, небагата людзей. Тут
выказалі прэтэнзіі да вясковай дарогі, дакладней, да работнікаў лясгасу, якія так яе разбілі вялізнымі машынамі, што на легкавушцы забуксуеш.
Спакоем, спевам птушак і жоўтымі каташкамі на арэшніку сустрэла нас вёска Грышаны. Маленькая і ўтульная, яна раскінулася ўздоўж Заронаўскага возера. Менавіта яно  прыцягвае сюды дачнікаў і  турыстаў. Мясцовыя жыхары расказалі, што яшчэ адна сям’я выкупіла ў вёсцы ўчастак зямлі і збіраецца будаваць дом.
Як і ў Грышанах, у суседняй вёсцы – Новазаронава – людзі казалі, што асаблівых пытанняў няма: аўталаўка прыходзіць, пенсію прыносяць – і за гэта дзякуй. Праўда, месцамі дарогу да вёскі трэба паправіць.  У вёсках Філіпенкі і Грабніца, якія размешчаны побач, адразу было бачна, дзе жыве сапраўдны гаспадар. У яго і дровы акуратна складзеныя, і на падворку чысціня, і агароджа новая, і дом пафарбаваны. Сярод сялянскіх хат вылучаюцца прыгожыя дамы дачнікаў з металічнымі дахамі і высокімі агароджамі.
З усіх наведаных населеных пунктаў з добрага боку вылучаецца Сянькова. У тым сэнсе, што тут жывуць вялікай дружнай сям’ёй. Гэта зусім не значыць, што тутэйшыя вяскоўцы ўсе родзічы адзін аднаму. “У нас так прынята: каму магу  – дапамагу, – кажа старэйшына Е. С. Лявонава. – Я вось выйшла ў калонку за вадой, а сусед Мікалай Крапівенцаў падхапіў бітон  і дапамог мне. Жывём мы вельмі дружна. Бывала, нават вячэру не гатую: суседзі прынясуць юшкі, іншы раз я іх пачастую блінамі”.
У аграгарадку Слабада людзі вельмі прасілі ўзнавіць рэйс аўтобуса Віцебск-Слабада. Дарэчы, такую ж просьбу выказалі і ў Грабніцы: набліжаецца дачны сезон, а не ва ўсіх жа віцяблян ёсць уласныя машыны. У Слабадзе выказвалі падзякі загадчыцы мясцовага ФАПа  Н. М. Прыгодзіч за добрую работу. Былі таксама задаволены работай прадуктовага магазіна райспажыўтаварыства, у які тры разы на тыдзень прывозяць віцебскі хлеб. Вяскоўцы прасілі аднавіць работу прамтаварнага магазіна – усё ж аграгарадок вялікі, і не хочацца за рознымі гаспадарчымі дробязямі ездзіць у раён.
Усе пытанні, якія ўздымалі жыхары вёсак, былі запісаны і накіраваны для выканання ў адпаведныя службы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №21 ад 17.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *