Спорт-дайджест

Спорт, туризм

Перад адказным стартам
У пятніцу-нядзелю ў спартыўнай зале ДЮСШ прайшоў традыцыйны турнір па валейболе, прысвечаны памяці Пятра Акуцыёнка. У спаборніцтвах удзельнічалі спартсмены 1994-1995 і 1996-1997 гадоў нараджэння. Акрамя шумі-лінскіх валейбалістаў за перамогу змагаліся каманды з Бешанковіч і Глыбокага.
“Мы не ставілі задачу выйграць любой цаной”, — расказвае трэнер па валейболе А. Я. Завадскі.
Перад камандамі Анатоль Яўгенавіч паставіў канкрэтныя задачы, даў магчымасць кожнаму на пляцоўцы пагуляць, зразумела, што падчас спаборніцтваў наігрываліся гульнявыя сувязі і тактычныя камбінацыі.
Прыгожую гульню паказалі старэйшыя валейбалісты. Наша каманда была на галаву мацней і за глыбоцкіх, і за бешанкавіцкіх спартсменаў. Усе валейбалісты адыгралі на высокім узроўні, асабліва можна вылучыць Вячаслава Зайцава і Уладзіслава Парамянкова, у якіх на турніры атрымлівалася практычна ўсё. Гэты турнір стаў для каманды добрай рэпетыцыяй перад адказным стартам у Оршы, які пройдзе ў бліжэйшыя выхадныя.
Цікава было паназіраць і за валейбалістамі 1996-1997 гадоў нараджэння. Тым больш, што Анатоль Яўгенавіч “паэксперыментаваў” над складам каманды ў сустрэчы з валейбалістамі з Бешанковіч, пакінуўшы лідараў – Арцёма Масько і Пятра Лазуку (дарэчы, яны ігралі за каманду старэйшага ўзросту) на лаве запасных. Каманда гэтага ўзросту на турніры стала другой, у адсутнасць лідараў добра паказалі сябе Віталь Грузневіч і Антон Сілін. Як адзначыў трэнер, галоўнае было даць юным спартсменам дастаткова гульнявой практыкі з годнымі сапернікамі, а турнір – этап падрыхтоўкі каманды да стартаў у рэспубліканскай Дзіцячай лізе.
Біятлон
11-15 студзеня ў Раўбічах прайшлі Алімпійскія дні моладзі па біятлоне.
На спаборніцтвах паспяхова выступіла наша зямлячка Марыя Колесень. На рахунку спартсменкі тры медалі: залаты ў спрынце на 6 км і два бронзавыя (у гонцы праследавання на 7,5 км і індывідуальнай гонцы на 10 км). Па выніках спаборніцтваў у склад  юнацкай зборнай Беларусі па біятлоне абрана і Марыя Колесень. Зборная будзе адстойваць гонар краіны на юнацкім чэмпіянаце свету, які пройдзе ў Чэхіі, і на Алімпійскім фестывалі моладзі Еўропы.
Турнір
У мінулую суботу ў Віцебску прайшоў трэці абласны турнір па валейболе сярод жаночых і мужчынскіх каманд на прызы абкама прафсаюза работнікаў АПК.
У турніры добра паказалі сябе нашы валейбалісткі. Каманда, за якую выступалі Людміла Харкавец, Рыта Бяззубенка, Валянціна Бараноўская, Святлана Бельчыкава, Анжэла Шафірава, Валерыя Акуневіч і Алена Жыжова, заняла выніковае другое месца.
А вось мужчынская каманда на п’едэстал не трапіла, заняўшы выніковае пятае месца.
Настольны тэніс
15 студзеня прайшло першынство раёна па настольным тэнісе ў залік штогадовай спартакіяды сярод арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
У камандных спаборніцтвах прынялі ўдзел 10 каманд. Перамогу святкавалі тэнісісты раённага аддзела адукацыі (Антаніна Караленка, Пётр Ганушчанка і Уладзімір Кучко), другое месца ў обальскай каманды, трэцяе – у другой каманды РАА.
У асабістым заліку прызавыя тройкі сярод мужчын і жанчын наступныя: першае месца – Пётр Ганушчанка  і Марына Шніпава (абодва з РАА), другое – Руслан Насцюшкін (ДРБУ-204) і Жанна Якаўлева (лясгас), трэцяе – Дзмітрый Купрыянаў (асабісты залік) і Ірына Перамотава (ОКЗ).
Міні-футбол
У суботу спартыўная зала ветакадэміі прымала ўдзельнікаў камерцыйнага турніру па міні-футболе.
За перамогу змагаліся і дзве каманды з нашага раёна – ФК “Шуміліна” і каманда “Лаўжанскі-Лясгас”.  ФК “Шуміліна” на турніры заняў трэцяе месца (лепшымі на пляцоўцы былі Аляксей Джураеў і Максім Русецкі). Міні-футбалісты з “Лаўжан-скага-Лясгасу” сталі чацвёртымі.
“Зімовыя  забавы”
Пад такой назвай прайшоў у Обальскай СШ Дзень здароўя. Праграму гэтага мерапрыемства цалкам падрыхтавалі бацькі, асабліва шмат ідэй падала старшыня школьнага бацькоўскага камітэта Наталля Пятроўна Крыўко.
У Дні здароўя прынялі ўдзел вучні, настаўнікі школы і звыш 60 бацькоў, якія былі не толькі ўдзельнікамі стартаў, а і суддзямі. Перастрэлка снежкамі, забіванне шайбы, упрыгожванне ёлкі – конкурсы, які прайшлі на ўра. Цікавай атрымалася і віктарына для класных кіраўнікоў.
На мерапрыемстве былі ўручаны ўдзячныя лісты бацькам, чые дзеці сталі пераможцамі і прызёрамі раённых прадметных алімпіяд.
Завяршылася мерапрыемства агульным чаяпіццем.
Алесь СЛАВІН.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *