Как справляются со снегом шумилинские транспортники

Актуалии

Дарогі чысцяць, а пра развароты забываюцца
Снежная зіма надала праблем усім, але больш за ўсё камунальным і дарожным службам. Непасрэдна ад іх работы залежаць і транспартнікі. Даставіць своечасова тавары ў магазіны ці пакупнікам, давезці пасажыраў – задача ў складаных метэаўмовах нялёгкая.
Аб рабоце аўтобуснай станцыі вядзем размову з начальнікам аўтастанцыі “Шуміліна” М. Л. Багданавым.
Як расказаў Мікалай Леонтьевіч, за ўвесь зімовы час зрываў у рабоце аўтобуснай станцыі не было, выконваліся рэйсы па ўсіх маршрутах. Бывалі часам спазненні, асабліва калі аўтобус вяртаецца з ранішняга маршруту, пакуль не ўсе дарогі расчышчаны. Але ў цэлым дарожныя службы нядрэнна спраўляюцца са снегам.
Работнікі аўтобуснай станцыі расказалі, што галоўныя дарогі расчышчаюць аператыўна. Больш складаная абстаноўка на аддаленых маршрутах. На дарогах з малым рухам аўтатранспарту ўтварылася снежна-лёдавае пакрыццё, якое немагчыма выдаліць, пясчана-солевая падсыпка раз’ядае яго нераўнамерна, таму на дарогах ямы і аўтобусам цяжка праязджаць. Цяпер такая абстаноўка на Казьяншчыне, а таксама паміж вёскамі Гародна і Пятніцкія.
Яшчэ адна праблема – развароты для аўтобусаў у канцавых пунктах маршрутаў. Дарожнікі не ўлічваюць, што грувасткі аўтобус не можа развярнуцца на вузкай вясковай дарозе. Вадзіцелю прыходзіцца заднім ходам ехаць часам не адзін кіламетр. Няма развароту, напрыклад, у Лескавічах. У Чаронцы аўтобус забуксаваў, калі паспрабаваў развярнуцца. Добра, што выпадкова праязджаў трактар – ён і выцягнуў.
На самой аўтастанцыі, як расказаў яе кіраўнік, снег расчышчае па дагаворы тэхніка УП ЖКГ, ды і суседзі са службы быту, калі ёсць патрэба, не адмаўляюць.
Безумоўна, канчатковую адзнаку транспартнікам выстаўляюць пасажыры. Варта заўважыць, што і ў складаных умовах надвор’я транспартнае забеспячэнне на здавальняючым узроўні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *