Трагические страницы истории Великой отечественной войны. Воспоминания очевидца.

Актуалии

“Ачуняла: немцы дабівалі раненых рыдлёўкамі…”
Раённая газета змясціла нядаўна нататкі з жалобнага мітынгу-рэквіема, прысвечанага 70-годдзю гераічнай гібелі жыхароў вёскі Лоўжа (зараз – вёска Пабеда), што ў Лаўжанскім сельсавеце. Ініцыятарам мітынгу быў В. М. Грузневіч, які жыве ў Віцебску, але родам з тых мясцін,  дзе ўчынілі фашысты ў кастрычніку 1942 года зверскія расправы над 18 яго землякамі, з іх чацвёра былі дзеткі. Віктар Міхайлавіч закончыў Лаўжанскую школу, у якой вучыліся ў свой час патрыёты, тыя, хто і па сённяшні дзень застаўся жывы ў нашай удзячнай памяці.
Рыхтуючы мітынг-рэквіем, В. М. Грузневіч запісваў успаміны сваіх землякоў – відавочцаў трагедыі, унікліва, драбок за драбочкам, збіраў звесткі пра  тыя памятныя падзеі ў архівах, у музеях рэспублікі. Так што ўспаміны – не мастацкі вымысел, не высокі пафас, а горкая і трагічная праўда жыцця ваеннага часу.
На маім рабочым стале – рукапіс В. М. Грузневіча,  праца чалавека, які шануе гісторыю, шчыра і беззапаветна любіць  сваіх землякоў. Усё гэта і стала важкай нагодай для публікацыі ў газеце сціслага пераказу рукапісу, дапоўненага вытрымкамі з успамінаў відавочцаў трагедыі.
Летам 1942 года ў раёне ствараюцца першыя партызанскія атрады. У жніўні мясцовыя лясныя мсціўцы разграмілі валасную ўправу, 5 кастрычніка  ў раёне могілак вёскі Вербялі партызаны знішчылі нямецкі карны атрад. Было забіта 5 немцаў, 4 паліцаі. Не абышлося без ахвяр і ў партызанскім атрадзе. Па-геройску гіне кулямётчык Клім Лапавухаў, смяртэльна ранены малады партызан Антон Грузневіч,   цяжка паранены камандзір роты  Васіль Хухракоў.  Паліцэйскі Д. Дудараў у кішэні пінжака Кліма знаходзіць пашпарт і здымак, паказвае дом, у якім жыве сям’я забітага – Волкавых. Немцы падпальваюць дом  Волкавых, а сям’ю адпраўляюць у Шуміліна, дзе і расстрэльваюць.
Дыверсіі партызан паслужылі прычынай для жудаснай расправы, якую  ўчынілі карнікі над мірнымі жыхарамі 15 кастрычніка 1942-га. У гэты дзень раніцой гітлераўцы акружылі вёску Лоўжа, выгналі з хат усіх людзей і заперлі ў драўляным будынку школы. Тут вяліся допыты, катаванні з тым, каб выпытаць у лю-дзей звесткі пра партызан.
Як гэта было, успамінаюць партызанкі З. І. Грузневіч і Г. І. Жарабцова,  тадышні ветфельчар калгаса “Чырвоная Лоўжа” А. М. Быкаў, а таксама Е. Ц. Галуза, Я. Б. Гушча, А. В. Лапо, партызан В. І. Хухракоў і шэраг іншых. Як сведчаць відавочцы, паліцэйскі Д. Дудараў падрыхтаваў спіс усіх партызанскіх сем’яў. Допыт вёў нямецкі камендант, людзей сартавалі: тых, хто падлягаў расстрэлу, адпраўлялі ў асобнае памяшканне.
Іх пагналі цераз дарогу, дзе яны і сустрэлі сваю смерць. Праўда, не ўсе, некалькі чалавек засталося ў жывых. Пасля першага залпа ў яму, выкапаную імі самімі ж, пападалі ўсе. Там былі і забітыя, і раненыя, і  тыя, хто ўпаў ад страху. “Ідучы на допыт, я не баялася, што мяне расстраляюць, – прызнаецца  З. І. Грузневіч. – Мне было страшна (дарэчы, тады дзяўчыне споўнілася 23 гады. – Аўт.), што з-за нас могуць расстраляць усю вёску. Калі б фашысты знайшлі брата на паддашку, а ён быў у партызанах, яны спалілі б наш дом,  пастралялі б усіх, каго сабралі ў школе…”.
Вечарам, як сцямнела,  немцы, баючыся партызан, з’ехалі. Тады ж сяльчане і пайшлі да месца расправы ў надзеі, што знойдуць некага жывым.
“Калі раздаліся першыя стрэлы, я ўпала разам з усімі, – расказвае Я. Б. Гушча. – Мяне прыціснулі, і я страціла прытомнасць. Ачуняла, зразумела, што ляжу на дне ямы і, быццам скрозь туман, бачыла,  як немцы дабіваюць раненых рыдлёўкамі. Мяне знайшлі Таццяна і Ганна Жарабцовы, якія аплаквалі ля месца расстрэлу сваю сястру Ефрасінню Матузаву…”.
Зверскія расправы над мірнымі жыхарамі мелі на мэце запалохаць людзей, адбіць у іх ахвоту ісці ў партызаны або трымаць з імі сувязь. Атрымалася ж усё наадварот. “Толькі за двое сутак пасля крывавай расправы над партызанскімі сем’ямі ў вёсцы Лоўжа, – успамінаў камандзір роты  партызанскага атрада імя Суворава  Ф. П. Мельнікаў, – у рады партызан улілося звыш 300 жыхароў навакольных вёсак…”.
Апошняя і самая агідная старонка ўспамінаў з нагоды гібелі людзей – пра Дзмітрыя Дударава. Пра гэтага здрадніка ўсе гавораць гнеўна і з болем. Пісар валасной управы, паліцэйскі, ён люта ненавідзеў савецкую ўладу, сваіх землякоў, якіх ён выдаў, якім здрадзіў як  нямецкі  паслугач. На допыце былі прад’яўлены Дударавым імёны 60 чалавек вёскі, успамінае ветфельчар калгаса А. М. Быкаў. А партызан атрада № 2 брыгады імя Кароткіна В. І. Хухракоў прыгадвае, як атрымаў заданне ад камандзіра роты партызанскага атрада схіліць на  службу партызанам Дударава. “У размове са мной Дудараў папрасіў,  каб я пачакаў дзянёк-другі, пакуль ён не дастане кулямёт з патронамі, не ўладзіць такія-сякія гаспадарчыя справы. Дамовіліся аб сустрэчы, аднак на сустрэчу Дудараў прыйшоў не адзін: фашысты  абстралялі партызан з засады, нашым з цяжкасцю ўдалося ўцячы».
У снежні 1943 года пад напорам наступлення Чырвонай Арміі паліцай уцёк разам з немцамі. Пасля вайны працаваў на адным з цагельных заводаў у г. Чкалаў (Арэнбург). У лютым 1953 года Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР вынесла здрадніку заслужаны прыгавор – расстрэл.
Пасля  гібелі жыхароў вёскі Лоўжа мінула больш за 70 гадоў. Але памяць пра гэтыя жахлівыя падзеі не сцерлася, яна жыве. І будзе жыць.
Публікацыю падрыхтаваў у друк Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №94 ад 27.11.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *