В деревне Клётчино Шумилинского района сгорел дом и хозпостройки из-за бездумного подпаливания травы

Актуалии Безопасность Общество

Людзі, што вы робіце?!
Вясна ў гэтым годзе прыйшла нечакана рана. Цёплае сухое надвор’е стала знакам для навядзення парадку на прысядзібных участках. Нагадаем, што правіламі пажарнай бяспекі дазваляецца кантралюемае спальванне смецця на сваім зямельным участку. Пры гэтым пляцоўка павінна быць акружана ачышчанай ад мінеральнага слоя глебы паласой не менш 0,25 метра. Спальваць адыходы можна пры слабым ветры і пры захаванні наступных адлегласцяў: 15 метраў – ад будынкаў, 20 м – ад ляснога масіву, 30 м ад месцаў, дзе складзіруюцца сена ці салома.
Але ж такіх правілаў прытрымліваюцца далёка не ўсе. Некаторыя па-ранейшаму маюць звычку паліць траву. Клубы дыму  і агню можна ўбачыць уздоўж палёў, лугоў, абочын дарог.  Выпальванне сухой расліннасці ў Беларусі забаронена законам. Згодна з арт.15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за гэта пагражае штраф ад 10 да 40 базавых велічынь. А за распальванне кастроў у забароненых месцах прадугледжана  папярэджанне або штраф да 12 базавых велічынь. У гэтым годзе адміністрацыйны пратакол складзены на загадчыцу фермы Грабніца, якая падпаліла ля фермы сухую траву і пайшла дадому. Жанчыне прыйдзецца заплаціць штраф памерам у 10 БВ (1мільён 800 тысяч рублёў).
Як паказвае жыццё, практычна кожны год вясеннія палы прыводзяць да няшчасных выпадкаў. Так, у мінулым годзе ў выніку выпальвання сухой расліннасці ў рэспубліцы зарэгістравана 3204 пажары. У агні загінулі пяць чалавек, прычым у чатырох выпадках людзі выпальвалі сухую расліннасць на сваіх прысядзібных участках. Ужо сёлета загінулі два чалавекі ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях.
Вясеннія палы штогод наносяць сур’ёзны ўрон і навакольнаму асяроддзю: парушаецца прыродны баланс, агонь знішчае жывёлу, гнёзды птушак, абядняецца відавы састаў лугавой расліннасці. У месцах, дзе адбыліся палы, не будзе ранейшага разнатраўя, а паселіцца бур’ян.
У час вясенняй ўборкі нельга таксама спальваць пластыкавыя бутэлькі (яны выдзяляюць таксіны),  фарбаваную драўніну (большасць фарбаў утрымлівае свінец), гумавыя вырабы, старую мэблю. Трэба памятаць, што пры гарэнні ўсе гэтыя матэрыялы выдзяляюць небяспечныя для здароўя рэчывы.
Тым, хто любіць адпачываць на прыродзе, не перашкодзіць нагадаць: нельга пакідаць пасля сябе непатушаныя кастры, акуркі, шкляныя бутэлькі і іншае смецце. Калі вы ўбачылі, што гарыць трава, трэба неадкладна патэлефанаваць у РАНС 101 або 112.
У сакавіку супрацоўнікі РАНС выязджалі тушыць палаючую траву больш за паўсотню разоў. З-за бяздумнага выпальвання сухой травы нядаўна ў Клётчыне згарэў дом і дзве гаспадарчыя пабудовы. А 18 сакавіка ў в. Філіпенкі згарэлі два дачныя дамы.
А. САСНОВІЧ, начальнік РАНС.
Надрукавана ў №22 ад 20.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *