У Беларусі матэрыяльную дапамогу да 70-годдзя Перамогі атрымаюць 46,5 тыс. чалавек на Br217,6 млрд

Новости

У Беларусі выплата матэрыяльнай дапамогі да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне пачнецца з 1 красавіка. На гэтыя мэты прадугледжана Br217,6 млрд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатоль Ражанец.[

Аднаразовую матэрыяльную дапамогу атрымаюць амаль 46,5 тыс. чалавек. Сродкі, запланаваныя на правядзенне выплаты, будуць пералічаны на рахункі камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, Мінабароны, МУС, КДБ. «Выплата будзе праводзіцца па месцы пенсіянавання грамадзян у красавіку бягучага года органамі, якія ажыццяўляюць выплату пенсій», — сказаў Анатоль Ражанец.

У адпаведнасці з указам нумар 126 «Аб аказанні матэрыяльнай дапамогі» яна будзе аказана дыферэнцыравана.

Так, матэрыяльная дапамога ў памеры Br10 млн прадугледжана для Герояў Савецкага Саюза, кавалераў ордэнаў Славы трох ступеняў, Герояў Сацыялістычнай Працы, удастоеных гэтага звання за заслугі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У памеры Br8 млн дапамога будзе аказана інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, якія прымалі ўдзел у абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, а таксама асобам, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.

Аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры Br3,5 млн акажуць узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады ВАВ; тым, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве абарончых збудаванняў, хто ствараў ваенныя аб’екты, абслугоўваў прыфрантавыя ўчасткі чыгунак і аўтамабільных дарог; блакаднікам Ленінграда; членам сем’яў ваеннаслужачых, партызанаў і падпольшчыкаў, якія загінулі або прапалі без вестак у час баявых дзеянняў у гады вайны (жонцы (мужу), якая не ўступіла (які не ўступіў) у новы шлюб, дзецям (у тым ліку ўсыноўленым) і іншым утрыманцам, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па ўказанай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам); інвалідам з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі і калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд ВАВ або з іх наступствамі; былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па гэтай падставе.

У чэрвені мінулага года да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адпаведнасці з указам нумар 54 была праведзена выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі 50,1 тыс. ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, на агульную суму Br235,9 млрд.

Аказанне матэрыяльнай дапамогі — чарговы крок па падтрымцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У Беларусі пастаянна ажыццяўляецца комплекс мер па ўзмацненні сацыяльнай абароненасці прадстаўнікоў старэйшага пакалення, павышэння якасці жыцця ветэранаў, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў.

У рэспубліцы вядзецца ўлік ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, створаны і пастаянна абнаўляюцца адпаведныя банкі даных. Ва ўсіх населеных пунктах, уключаючы самыя аддаленыя і маланаселеныя, праводзяцца абследаванні ўмоў жыцця ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, выяўляецца іх патрэбнасць у сацыяльнай падтрымцы. Усе заяўкі і просьбы, што паступаюць у час абследаванняў, а таксама звароты па дапамогу ўлічваюцца і выконваюцца ў адпаведнасці з зацверджанымі ў выканкамах, гарадскіх адміністрацыях, сельскіх выканкамах планамі мерапрыемстваў ва ўстаноўленыя тэрміны з прыцягненнем сродкаў мясцовых бюджэтаў. У 2014 годзе праведзена абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча 50,1 тыс. чалавек, па выніках якога ўсе просьбы і заяўкі аб аказанні дапамогі ў правядзенні рамонту жылых памяшканняў выкананы ў поўным аб’ёме.

Каардынацыю работы па абследаванні ўмоў жыцця і аказанні дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў кожным адміністрацыйным раёне ажыццяўляюць органы па працы, занятасці і сацабароне. Да выканання многіх просьбаў і пажаданняў ветэранаў падключаюцца ўстановы, арганізацыі і прадпрыемствы рэспублікі, дзе ветэраны працавалі да выхаду на пенсію.

Улічваючы асаблівы статус ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, да іх працоўнай пенсіі, назначанай у залежнасці ад працягласці працоўнага стажу і велічыні заработку перад выхадам на пенсію, устаноўлены адпаведныя павышэнні ў памеры ад 50 працэнтаў да 500 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. У якасці мер сацыяльнай абароны ветэранам ВАВ прадастаўлены розныя льготы. Мерапрыемствы па сацпадтрымцы ветэранаў вайны і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, ажыццяўляюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў цесным узаемадзеянні з ветэранскімі арганізацыямі: гэта і ўдзел у правядзенні абследаванняў умоў жыцця, аказанне канкрэтнай дапамогі, правядзенне патрыятычных і культурных мерапрыемстваў.

У Мінску жывуць два Героі Савецкага Саюза, якія атрымалі гэта высокае званне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — Мічурын Васіль Сяргеевіч і Кустаў Іван Ільіч, а таксама адзіны ў краіне кавалер ордэна Славы трох ступеняў Віктар Дзмітрыевіч Вятошкін.

У Беларусі, паводле даных на 1 студзеня 2015 года, пражывалі 17 тыс. 773 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. З іх 12 тыс. удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх 3,2 тыс. чалавек з’яўляюцца інвалідамі ВАВ.

На 1 студзеня бягучага года ў рэспубліцы налічвалася 4,8 тыс. чалавек, узнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады вайны, а таксама 300 чалавек, якія працавалі на аб’ектах проціпаветранай абароны, будаўніцтве абарончых збудаванняў, прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог.

У Беларусі на 1 студзеня было 79 чалавек, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах. У краіне жывуць больш за 600 чалавек, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда ў перыяд блакады і ўзнагароджаных медалём «За абарону Ленінграда», а таксама знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда».

Акрамя таго, у Беларусі налічваецца 847 інвалідаў з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з іх наступствамі. Членамі сем’яў загінуўшых воінаў і партызанаў з’яўляюцца 1,9 тыс. чалавек; былымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання — 25,9 тыс. чалавек.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *