Депутаты Шумилинского районного Совета подвели итоги работы за первый год

Президент

На сесіі раённага Савета дэпутатаў: Падвялі вынікі работы за першы год
На мінулым тыдні адбылася чарговая дванаццатая сесія раённага Савета дэпутатаў. На сесію былі запрошаны члены райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. У рабоце сесіі браў удзел старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны.
Са справаздачай аб сваёй рабоце, дзейнасці прэзідыума і стане спраў на падведамаснай тэрыторыі выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
“Прайшоў год, як прыступілі да работы мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га склікання. За гэты год у раёне захавалася вытворчая і сацыяльная інфраструктура. На 2015 год, завяршальны год пяцігодкі, трэба забяспечыць стабільную работу народнагаспадарчага комплексу раёна, выкананне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сёлета пройдзе Усебеларускі сход, на якім будуць падведзены вынікі пяцігодкі, будуць вызначаны задачы на наступны перыяд”, – адзначыла Ірына Мікалаеўна. Яна прадставіла дэпутацкаму корпусу разгорнуты аналіз па ўсіх паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, спынілася на найбольш праблемных пытаннях.  У дакладзе ў падрабязнасцях была прадэманстравана работа Саветаў дэпутатаў, выканаўчых органаў улады, мясцовага самакіравання з насельніцтвам, дадзены аналіз выканання праблем і пытанняў, якія ставілі людзі падчас падворных абходаў, сустрэч з дэпутатамі, “прамых ліній” і асабістых прыёмаў, якія праводзілі кіраўнікі раёна. Гэта работа дазваляе аператыўна вырашаць злабадзённыя праблемы, задавальняць жыццёвыя патрэбы насельніцтва.
З дакладам аб выкананні Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні памяці воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, і падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі выступіў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. У нашым раёне 52 воінскія пахаванні, 3 месцы масавага знішчэння мірнага насельніцтва. Усе гэтыя мясціны ўтрымліваюцца ў належным стане, за імі замацаваны арганізацыі, якія займаюцца добраўпарадкаваннем і доглядам за памятнымі мясцінамі. Вялікую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні вядуць установы адукацыі, раённая арганізацыя БРСМ.
Не спыняецца пошукавая работа: за 2007-2014 год знойдзены і перапахаваны астанкі 38 воінаў, 29 з іх – невядомыя. Хутка пошукавікі прыступяць да работы ў Каўлякоўскім сельсавеце.  Работа ў электронных базах дадзеных дазволіла ўстанавіць сотні імёнаў воінаў, якія загінулі на тэрыторыі нашага раёна, вядзецца работа па ўстаноўцы мемарыяльных пліт з новымі імёнамі. На ўтрыманне, рэканструкцыю і рамонт помнікаў штогод выдаткоўваюцца значныя сродкі. А. М. Зайцаў прапанаваў правесці раённы суботнік, а заробленыя сродкі накіраваць на рамонт памятных знакаў і воінскіх могілак.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар раённай гімназіі Л. У. Маладзечкіна расказала пра сваю работу як дэпутата, пра работу камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны і справах моладзі, якую яна ўзначальвае, пра стварэнне Маладзёжнай палаты Шумілінскага раёна.
Старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама У. А. Сядлоўскі паведаміў пра работу сельскага Савета дэпутатаў, сельвыканкама па пытаннях парадку дня, расказаў пра работу па захаванні і развіцці падсобных гаспадарак грамадзян.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Обальскага керамічнага завода П. І. Манак расказаў пра рэканструкцыю прадпрыемства, на якую дзяржава выдаткавала больш за 71 мільярд рублёў, і якую неабходна завяршыць у жніўні бягучага года, паведаміў пра існуючыя на прадпрыемстве цяжкасці.
На сесіі выступіў старшыня райвыканкама У. П. Куранны. “На абмеркаванне вынесены вельмі сур’ёзныя пытанні, якія звязаны з жыццём і работай кожнага – адзначыў кіраўнік раёна. – Зараз разгортваюцца веснавыя палявыя работы, сёлета будзе жорсткі рэжым эканоміі, каб правесці пасяўную ў сціслыя тэрміны. Будзе няпроста, але рэальна выканаць пастаўленыя задачы. Раённы бюджэт складваецца цяжка. Прычыны зразумелыя – стаіць на рэканструкцыі ОКЗ, нізкія надоі малака, ёсць пытанні па экспарце (вядомая эканамічная сітуацыя ў Расіі). А гэта ўсё складнікі раённага бюджэту. Таму попыт будзе з кожнага на ягоным працоўным месцы – за дысцыпліну, за тэхналогію, за вынікі работы.
У. П. Куранны падтрымаў прапанову аб правядзенні суботніка. Да 9 мая трэба навесці парадак на ўсіх памятных аб’ектах, паставіў задачу кіраўнік раёна. Ён расказаў пра планы па ўстаноўцы памятнага знаку ў гонар нашага земляка, аднаго з арганізатараў калгаснага руху, былога кіраўніка раёна Д. В. Мясаедава.
Па абодвух пытаннях былі прыняты грунтоўныя і канкрэтныя рашэнні.
Дэпутаты таксама ўнеслі некаторыя змяненні і ўдакладненні ў раённы бюджэт.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №23 ад 24.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *