К теме абортов. Интервью районной газете даёт иерей Вадим Яско

Духоўнае Общество

Бог дае дзяцей, дае і на дзяцей
Пагаварыць на такую не толькі сацыяльна, але і духоўна важную тэму, як аборты, мы запрасілі іерэя Вадзіма Яско.
– Колькі існуе гэта праблема, столькі ж і спрачаюцца паміж сабой тыя, хто сцвярджаюць, што аборт – гэта забойства, і тыя, хто ўпэўнены, што гэта ўсяго медыцынская аперацыя, што ніякага чалавека яшчэ няма, а таму забойствам аборт лічыць нельга. Што скажаце вы?
– Калі мы наогул размаўляем пра забойствы, то мае сэнс зразумець, што ўваходзіць у гэта паняцце. Ці можна прымяніць гэты тэрмін, скажам, да жывёл? Вядома, можна, але з іншым акцэнтам.
Наогул, на Русі ўжывалі выдатнае слова – душагубства. І нічога далей тлумачыць не трэба было. Гэта ёсць пазбаўленне жыцця істоты адухоўленай. Чалавечая душа – бессмяротная, а час, які яна праводзіць на зямлі, падораны для таго, каб уступіць ва ўзаеміны з Богам, і перапыняць гэты час нікому нельга. У кожным з нас ёсць вобраз Бога, а падобных сабе Бог забіваць забараняе. Не забі – гаворыць адна з запаведзяў.
З другога боку, ці з’яўляецца яшчэ толькі зародак у поўнай меры чалавекам, ці адухоўлены ён, і ці можна адносна яго прымяніць тэрмін “забойства”? Гэта пытанне вырашалася яшчэ ў старажытнай царкве, калі ж у чалавеку з’яўляецца дух, і якім чынам. Дык вось, правіламі Усяленскіх сабораў было ўстаноўлена, што дух, вобраз Божы, даецца чалавеку пры зачацці. Душа чалавечая нараджаецца ад бацькоў (гэта зараз называецца генетыкай), але пры гэтым, Гасподзь аб кожнай новай душы нясе апеку, асаблівым чынам уплывае на яе, што праяўляецца ў тым, што ўсе мы “Я”, і другога такога “Я” ў свеце няма. А значыць, перапыненне цяжарнасці на любой стадыі – забойства. Гэта слова не ўжываюць толькі для таго, каб згладзіць негатыўнае ўражанне.
– Так, часта можна чуць, што аборт – звычайная жаночая справа, што гэта бывае адзіны выхад для сям’і і іншага выйсця няма.
– Усё мае духоўную падаплёку. Нас сёння стараюцца пераканаць у тым, што паняцця “грэх” – няма. Нармальна – усё, усё натуральна. Але ёсць аб’ектыўная ісціна: усе мы створаны Богам, і ён з’яўляецца апошняй інстанцыяй, якая вызначае ЎСЁ. Калі Боскі пачатак будзе выдалены – гэты свет рассыплецца ў прах. Чалавек можа прызнаваць, можа не прызнаваць устаноўленых законаў, але незалежна ад яго ўспрыняцця гэтыя законы дзейнічаюць. Ніхто ж не адкрыў нічога новага. Не забі – значыць, не забі, і ўсё. І наогул, сёння ж тэхніка дазваляе бачыць, як пужаецца дзіця ў час аборту, як спрабуе схавацца – яно  ўжо ўсё разумее. А мы працягваем сябе падманваць і адмаўляць відавочнае.
– Калі гаварыць пра чалавека, які прыйшоў да царквы, то можна меркаваць, што ў яго не ўзнікне пытання: рабіць аборт ці не. Але ж такіх нямнога. У той жа час ёсць нейкія сацыяльныя механізмы. Як вы ставіцеся да таго, каб забараніць аборты заканадаўча?
– Я ведаю, што ўсе забароны заўжды ўтвараюць падводныя цячэнні. Ёсць пагроза ўзнікнення нелегальных абортаў. Магчыма, гэта неяк і вырашыла б праблему, але толькі часткова.
Я думаю, перш за ўсё трэба весці асветніцкую работу, адукоўваць людзей духоўна. І найперш – у сям’і. Калі дзіцяці з малых гадоў чуе, што забіваць нельга, то ён ніколі не дазволіць сабе парушыць Божыя законы і калі вырасце. Трэба выхоўваць дзяцей асабістым прыкладам. Але сёння складваецца так, што выхоўваюць камп’ютар і тэлевізар, а ніяк не бацькі. Адсюль і праблемы, у тым ліку і тыя, пра якія мы з вамі гаворым. Сёння трэба тлумачыць людзям наступнае: вы, вядома, можаце рабіць, што захочаце, але законы, якіх  вы не прызнаеце, дзейнічаюць. Як і ў крымінальным кодэксе. Няведанне не вызваляе ад адказнасці.
– Але бывае, калі гаварыць пра раннія аборты, што менавіта сям’я падштурхоўвае на гэты крок. І звычайна, ёй, сям’і, гэта ўдаецца.
– І ў чым корань – у матэрыяльнай неўтаймаванасці. Самы распаўсюджаны аргумент: вы не зможаце дзіця вырасціць. Але ж пачакайце, колькі прыкладаў ёсць, калі дзеці нараджаліся ў вайну, адразу пасля вайны – і нічога, выраслі выдатнымі людзьмі. Так было ў сем’ях і майго бацькі, і маёй маці. І галадалі пасля вайны, і цяжка было, але ж… І сёння гаварыць пра тое, што цяжка расціць дзяцей – гэта проста нелагічна.
– Магчыма, не кожнаму хочацца абцяжарваць сваю свабоду?..
– Але ж свабоду варта правільна разумець. Нават камуністы не змаглі адыйсці ад хрысціянскага разумення гэтага паняцця. Свабода – гэта ўсвядомленая неабходнасць. А сёння пад паняццем свабоды часцей разумеецца усёдазволенасць. А свабода ёсць толькі ў выбары: уступаць ва ўзаеміны з Богам ці працівіцца яму. Іншага няма. І калі чалавек гэта ўсвядоміць, тады і жыццё наладзіцца. Мы свабодныя ў выбары, але несвабодныя ў наступствах. Калі мы з Богам – наступствы адны, калі не – іншыя. І калі мы гаворым пра непажаданых дзяцей, мы парушаем яшчэ адно Божае настаўленне. Гасподзь сказаў: “Пладзіцеся і размнажайцеся”. І даўно заўважана, як бы ні было цяжка, калі людзі захоўваюць дзяцей, у іх хуценька ўсё наладжваецца, яны заўжды атрымліваюць дапамогу. Гэта я на асабістых прыкладах магу пацвердзіць. Нездарма кажуць: Бог дае дзяцей, дае і на дзяцей.
– Калі ідзе гаворка пра аборты, то, як правіла, маюцца на ўвазе жанчыны, але і  мужчыны, пэўна, не менш вінаватыя?
– Так, гэта можна расцэньваць, як саўдзел у забойстве. Вядома, калі мужчына ведаў і спрыяў таму, каб жанчына пайшла на аборт.
Напрыканцы нашай гутаркі хачу расказаць гісторыю. Да аднаго свяшчэнніка прыйшла цяжарная, у якой ужо было пяцёра дзетак. Не змагу, кажа вырасціць, складанае жыццё, пайду на дзетазабойства. На што той адказаў: “Давай зробім так. Вось гэтаму дзіцяці тры гады, давай заб’ем яго. Яно хрышчонае, адразу трапіць на нябёсы. А гэта – нараджай. Дзяцей зноў будзе пяцёра…” Не трэба і гаварыць, што жанчына ўміг зразумела ўвесь жах свайго намеру.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *