С 15 мая на Шумилинском озере начал работу спасательный пост

Безопасность Новости Общество

Хай вада прыносіць толькі радасць

З 15 мая на Шумілінскім возеры пачаў работу ратавальны пост, матросы Аляксандр Емяльянаў і Іван Шаўчэнка працуюць з 10.00 да заходу сонца. Адзінай задачай матросаў-ратавальнікаў з’яўляецца папярэджанне няшчасных выпадкаў людзей на акваторыі пляжу.

Аляксандр Шарафутдзінаў і Аляксандр Емяльянаў праводзяць
прафілактычную гутарку з падлеткамі на беразе Шумілінскага возера.

Работнікі раённай арганізацыі Таварыства ратавання на водах сумесна з супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях пастаянна вядуць прафілактычную работу з адпачываючымі, праводзяць рэгулярна акцыі па бяспечным адпачынку на ва-дзе, падчас якіх асаблівая ўвага надаецца дзецям.
«Хачацца падкрэсліць, што непаўналетнім нельга адным знаходзіцца на вадаёмах, – адзначае старшыня раённай арганізацыі Таварыства ратавання на водах Аляксандр Шарафутдзінаў. – Купацца дзецям дазволена толькі пад кантролем дарослых. Але гэта правіла некаторыя забылі: з пачатку работы паста ўжо вынесены папярэджанні 20 непаўналетнім. Паважаныя дарослыя, памятайце, што бяспека вашых дзяцей у вашых руках. Не дапусціце трагедый на вадзе!».
Адпраўляючыся да вадаёмаў, памятайце, што вада прыносіць не толькі радасць, але і можа быць крыніцай непапраўнай бяды. Па інфармацыі таварыства, з пачатку купальнага сезона на вадаёмах вобласці патанулі двое дзяцей.
Каб пазбегнуць гэтага, выконвайце наступныя правілы:
для купання выбірайце бяспечныя або спецыяльна адведзеныя месцы, дзе чыстая вада, роўнае дно, невялікая глыбіня, няма моцных плыняў і віроў;
пачынаць купацца трэба ў сонечнае зацішнае надвор’е, пры тэмпературы паветра 20–25 градусаў, вады 18–20 градусаў;
пасля ежы можна купацца не раней чым праз паўтары гадзіны;
не рэкамендуецца ўваходзіць у ваду ва ўзбуджаным стане ці пасля фізічных нагрузак;
не ўмеючы плаваць (ці дрэнна плаваючы), не заходзьце ў ваду вышэй пояса;
не заплывайце за буйкі, якімі абазначаюць акваторыю пляжу;
не падплывайце блізка да суднаў, якія праплываюць побач;
не заплывайце далёка ад берага, разлічвайце свае сілы на зваротны шлях;
не знаходзьцеся доўга ў вадзе – гэта можа прывесці да пераахаладжэння арганізма і выклікаць сутаргі;
падчас плавання і гульняў на вадзе не падавайце лжывых сігналаў бедства;
не скачыце ў ваду з лодак, мастоў, прычалаў і іншых збудаванняў;
не карыстайцеся пры купанні дошкамі, самаробнымі прыладамі;.
не знаходзьцеся доўгі час на сонцы – гэта можа прывесці да цеплавога ўдару.
«Раённая арганізацыя Таварыства ратавання на водах жадае кожнаму добрага адпачынку на вадзе, – кажа Аляксандр Шарафутдзінаў. – І хай застануцца толькі добрыя ўспаміны, не азмрочаныя непрыемнымі выпадкамі на вадаёмах».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №44 ад 11.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *