З падзякай і новымі пытаннямі

Актуалии Президент

З падзякай і  новымі пытаннямі
Практычна палова ўсіх званкоў на “прамую лінію”, якую праводзіла ў суботу старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, тычылася рамонту дарог і вуліц у раёне.
Так, старэйшына вёскі Масцішча Г. І. Палынская дзякавала старшыні Обальскага сельвыканкама М. А. Будневічу, які дапамог прывезці адыходы цэглы. Імі вяскоўцы самастойна засыпалі буйныя ямы на вуліцы, і цяпер просіць прывезці гравію, каб давесці дарогу да ладу. Таксама падсыпаць гравіем дарогу прасіў жыхар вуліцы Новая ў Язвіне.
А вось з вуліцы Паддубнай у Обалі выказалі шчырую падзяку раённым уладам і асабіста старшыні райвыканкама У. П. Куранному за аператыўнае вырашэнне пытання з водаправодам, які адрамантавалі ўвосень. Пасля рамонту трэба давесці да парадку дарожнае пакрыццё на вуліцы. Ірына Мікалаеўна растлумачыла, што рамонт вуліцы запланаваны і будзе зроблены ўкладкай шчэбеню.
Два тэлефонныя званкі былі з вуліцы Ударнай у райцэнтры. Адна з жыхарак вуліцы скардзілася, што пасля падсыпкі шчэбеню па вуліцы дрэнна хадзіць. Ёй патлумачылі, што хутка шчэбень прыкачаюць  катком і пакрыццё стане роўнае, а класці асфальт, як жадала заяўніца, пакуль няма сродкаў. Другая жанчына з гэтай вуліцы прасіла расчысціць вадаадводны канал ад смецця і кустоўя, бо ён перастаў выконваць сваю функцыю і падтоплівае яе агарод. Гэты запыт накіраваны ў адпаведныя службы для рашэння.
З вёскі Лажок вельмі прасілі аднавіць работу крамы ў вёсцы Дубраўскія, маўляў, ёсць і чалавек, які згодны працаваць у краме. Пытанне вядомае раённым уладам, яно на кантролі ў старшыні сельвыканкама, пастаўлена перад райспажыўтаварыствам. Калі кадравае пытанне вырашыцца, то сельская крама будзе працаваць.
З вёскі Сіроціна прасілі дапамагчы разабрацца з платай за тэлефон: падключылі пакет паслуг “Універсал” – думалі, будзе зручна, а атрымалі галаўны боль. Пытанне накіравана ў раённы вузел электрасувязі, каб спецыялісты дапамаглі заяўніцы разабрацца з гэтай праблемай.
Дарэчы, многія пытанні, якія ставяць жыхары раёна падчас «прамых ліній», вядомы ўладам, знаходзяцца на кантролі, яны ўключаны ў планы работ на бягучы год і будуць вырашацца на працягу года. Зразумела, што кожнаму хочацца хутчэй вырашыць сваю ўласную праблему, але часам трэба і пачакаць.
Правядзенне тэлефонных “прамых ліній” дапамагае, як кажуць, трымаць руку на пульсе злабадзённых праблем і рашаць хвалюючыя людзей пытанні. Такая практыка прызнана станоўчай, таму новая рэдакцыя Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці жыццядзейнасці насельніцтва”, якая была зацверджана ўказам кіраўніка дзяржавы №135 ад 23 сакавіка бягучага года, прадугледжвае абавязковае правядзенне прыёмаў грамадзян і “прамых ліній” кіраўніцтвам мясцовых органаў улады.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *