Поздравление с Воскресением Господним. Расписание пасхальных богослужений в Шумилинском районе

Актуалии Духоўнае

Хрыстос Уваскрэс – Сапраўды Уваскрэс!
Дарагія браты і сестры, усе праваслаўныя хрысціяне Шумілінскага раёна!
З вялікай радасцю віншую вас з гэтым Вялікім святам – з Вялікаднем! “Свята святаў і ўрачыстасцяў урачыстасць” – такія словы мы  чуем на велікоднай службе ў час спеваў велікоднага канона. Свята Уваскрэсення Хрыстовага важней за любое свята і больш значнае за любую падзею.
У гэты дзень усё чалавецтва, кожны з нас,  атрымалі надзею на ратаванне, бо  Хрыстос Уваскрэс і дараваў нам жыццё вечнае ў царстве нябесным. У Вялікадні – уся сутнасць хрысціянства, увесь сэнс нашай веры.
Дарагія браты і сестры, жадаю Вам з радасцю і благавеннем правесці велікодную седміцу! Нясіце радасць аб Уваскрэслым Ратавальніку сваім родным і блізкім! Няхай мір і любоў усталююцца ў вашых сем’ях! Божага вам блаславення, ды ўмацуе вас Гасподзь, ды будзе ж Яму слава на векі вечныя! Амін!
Протаіерэй Феадор ПУЧЫНСКІ, благачынны цэркваў Шумілінскай акругі.
Расклад святочных богаслужэнняў
11 красавіка, субота
Асвячэнне велікодных страў у вёсках раёна: 17.00 – в. Вялікія Ляжні, 17.30 – в. Мішкавічы, 18.00 – в. Андрэева, 18.30 – в. Мікалаева, 19.00 – в. Кардон, 20.00 – в. Добрына, 21.00 – Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы (в. Сураўні).
У храмах Афанасія Брэсцкага (г. п. Шуміліна), Сергія Раданежскага (в. Лескавічы), Ануфрыя Вялікага (г. п. Обаль) у 23.30 пачнецца хрэсны ход, пасля – усяночная, велікодная ютрань і Божая Літургія, па заканчэнні – асвячэнне кулічоў.
12 красавіка, нядзеля
У Храме Успення Прасвятой Багародзіцы (в. Лоўжа) у 00.00 пачнецца хрэсны ход, пасля – усяночная і Божая Літургія, па заканчэнні – асвячэнне кулічоў.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *