Чаму так гавораць? Разважанні Мікалая Мароза

Духоўнае Общество

Шчасце не конь: у аглоблі не запражэш
Яму сніцца штосьці біблейскае, старое, як свет: вяз патрыярхальнага ўзросту, краявіды, якія сышлі з палатна Іванова. На заднім плане горы, а тут – пустыня і вада, якая абмывае ногі вандроўнікам.
Адкуль такі сон? Можа, гэта перад Вялікаднем, перад радаўніцай? А можа, хочацца яму такой жа ідыліі ў жыцці?
Маргінальны мужчына. Чамусьці здаецца, што гэта мужчына з тупым падбародкам, як у Шварцнэгера, і хрыпатым голасам, як у Лепса.
Крэатыўны мужчына. Гэта, па-мойму, Кіркораў ды Баскаў, можа, і Стас Міхайлаў. Хаця апошні занадта саладжавы. Моладзь яго не слухае.
Млеюць па ім  жанчыны бальзакаўскага ўзросту.
Ён адзінокі, як могілкавая капліца. І ўжо далёкі ад жыцця, ад таго прамежка часу, калі можна кахаць і быць каханым, калі можна браць ад жыцця слодыч і зведваць пакуты, боль і радасць, адчуваць, што ты і ў самоце не адзінокі.
Калі так, то ніколі не будзеш паходзіць на капліцу…
Чытаю: “Вось паказалася галоўка, вартая пэндзля Рафаэля”. Разважаю, хачу ўявіць яе, гэтую галоўку, і абавязкова “збіваюся” на ягоную “Мадонну ў крэсле”, дзе маладая жанчына з двума дзецьмі. У яе прыгожы тварык, які не смяецца, але ад яго зыходзіць жаночая цеплыня і нейкая святасць.
Жанчына з пакамечаным і спітым тварам праспявала песню на матыў “Мы на лодачцы каталіся…”, а затым пераключылася на  – “Я, бывала, усім…”.
Ёй здавалася, што яна сучасная, разняволеная, а на справе – фальшывая і непрыстойна-цынічная.
Войны – ад мужчын, якія любяць паляванне. На звяроў, на людзей. Іншым разам бачыш, якім агнём успыхваюць чарцяняты ў вачах мужчыны, калі ён бярэ ў рукі вінтоўку ці аўтамат. Быццам для таго ён і жыве, каб страляць і забіваць да сабе падобных.
Нехта сказаў: “Жыццё – гэта няволя”. Той “нехта”, відаць, меў на ўвазе, што мы з’яўляемся на свет і паміраем не па сваёй волі.
Той-сёй і жыццё пражывае не па сваёй. То пад абцасам у жонкі, то ўпадабляецца класу паўзуноў ці аднаклетачных.
Шчасце – не конь: у аглоблі не запражэш. А кожны з нас хоча быць шчаслівым, ставіць шчасце на другое пасля здароўя, а многія і на першае месца. І гэта пры тым, што далёка не ўсе здабываюць яго, па-руску кажучы, “в поте лица”. У сувязі з гэтым прыгадаў словы, якія маюць права на існаванне. “Шчасце – гэта калі ў хаце няма хворых,  у турме няма родных, сярод сяброў – няма гнілых”.
У жыцці, бывае, як на шахматнай дошцы. Кароль ходзіць толькі на адно поле, крок у яго хісткі, старэчы, затое каралева – маладая і энергічная, яна бегае і гарцуе па полі, не адчуваючы ні стомы, ні шкадавання.
Жонка для яго была мамай. То: “Ты шалік завязаў?”, то: “Кашуля пакамечаная, знімі, адпрасую!”, а нярэдка: ”Што рабіць, нічога ўжо не зменіш!”. Была мамай, а не жонкай.
Праз дзесяць гадоў яны развяліся…
Гісторыя і воля чалавека ідуць поплеч. І тая, і другая нярэдка паступаюцца прынцыпамі. Было ж, калі чалавек, камуніст, у якога адбіралі партыйны білет, лічыў сябе знішчаным маральна, ён быў ізгоем сярод людзей, а затым многія спальвалі свае білеты публічна. Было, што ўзводзілі пампезныя помнікі Леніну, Сталіну, а праз нейкі час руйнавалі іх. Шальмавалі вядомых зараз вучоных, пісьменнікаў, такі лёс чакаў і вялікі Савецкі Саюз.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №29 ад 14.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *