Культпоход в театр Якуба Коласа с Натальей Черниченко

Духоўнае

Дзікае паляванне на коласаўскай сцэне
Думаецца, што невыпадкова прэм’ера спектакля “Дзікае паляванне караля Стаха” па аднайменнай аповесці выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча “здарылася” менавіта сёлета. У 2015-ым Уладзімір Сямёнавіч мог бы справіць сваё 85-годдзе. Але нам выпала спраўляць без яго, і вельмі хочацца верыць, што мы, сучаснікі, дастойныя той бясцэннай спадчыны, якую пакінуў пісьменнік.
Творчасць У. Караткевіча – асаблівая. Вытанчаная, высакародная, інтэлігентная. Інтэлектуальная, але, у той жа час, простая і зразумелая. Не, ён не даказваў годнасць Беларусі і беларусаў, ён умеў напісаць так, што станавілася зразумела – гэта ёсць ісціна абсалютная, і яна не патрабуе агаворак і доказаў. Як зразумела, што трэба дыхаць для таго, каб жыць. Так я адчуваю. Ён бясконца любіў сваю краіну і людзей. Гэта ясна, калі ты прачытаў хаця б адзін з яго твораў.
Дарэчы, артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з асаблівым трапятаннем ставяцца да творчасці земляка. Яны надзвычай таленавіта ўвасабляюць яго спадчыну, адушаўляюць герояў, прачытваюць і ўмела транскрыбіруюць літаратурныя вобразы. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Леаніды не вернуцца на зямлю”, “Званы Віцебска”, “Ладдзя роспачы”… І вось цяпер – “Дзікае паляванне караля Стаха”. Як камплімент, як нізкі паклон і ўдзячнасць.
У прадчуванні спектакля было вельмі цікава і ў той жа час крыху трывожна: наколькі поўна коласаўцам удасца ўвасобіць містычна-дэтэктыўную атмасферу самой дзеі,  насцярожаную, прасякнутую трагічнымі прадчуваннямі атмасферу маёнтка Балотныя Яліны, раскрыць вобразы канца XIX стагоддзя так, каб яны былі блізкія і зразумелыя сучасніку. Сёння (нават не сёння, гэта думка прыйшла, калі артысты прымалі ўдзячныя апладысменты залы) мне здаецца, што зрабіць гэты спектакль па-іншаму – немагчыма. Ва ўсялякім  выпадку, лепш – не атрымаецца. І гэта не тое, што пры мінімуме, а амаль пры адсутнасці дэкарацый. Не ўпэўнена, але мне здаецца, што гэта цуд. Для сябе неяк па-іншаму я не магу гэта патлумачыць. Спектакль быццам атрымаў бласлаўленне аўтара. Яго адчулі і Юрый Лізянгевіч (інсцэніроўка і пастаноўка), і Святлана Макаранка (сцэнаграфія і касцюмы), і Дзіяна Юрчанка (пластыка і харэаграфія), і Аляксандр Крыштафовіч (музычнае афармленне), і ўсе артысты – і маладыя, якіх, падалося, большасць, і карыфеі сцэны. Хітры, упэўнены ў сваёй бяскарнасці Дубатоўк (Віктар Дашкевіч) і яго прыспешнікі, сумленны, прасякнуты высакароднымі ідэаламі Андрэй Беларэцкі (Дзмітрый Каваленка), кволая, напужаная, расчараваная ў людзях і жыцці Надзея Яноўская (Юлія Крашэўская) – усе артысты былі натуральна пераканаўчымі і ў той жа час – недасягальна іншапланетнымі. Асабіста мяне скарыў малады артыст Уладзіслаў Жураўлёў, што іграў Андрэя Свесціловіча. Падалося, быццам на сцэну выйшаў сам Караткевіч.
Упэўнена, што спектакль будзе мець поспех. Ён заўжды застанецца актуальным для тых, каго хвалюе лёс беларускасці, нацыянальнай годнасці, сваёй гісторыі; не пакіне раўнадушнымі тых, каму па душы інтрыгі, расследаванні, напал эмоцый.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №29 ад 14.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *