Шумилинщина спортивная – спорт дайджест

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

“Абаронца Айчыны”
Пад назвай, вынесенай у загаловак, на мінулым тыдні ў Обалі ўпершыню ў раёне прайшоў фізкультурна-спартыўны комплекс па зімоваму мнагабор’ю сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі. Свае каманды на спаборніцтвы выставілі 12 школ раёна.
Першы этап спаборніцтваў – стральба з пнеўматычнай зброі. І хаця большасць каманд прыехала са сваімі вінтоўкамі, вынікі не былі бліскучымі. Магчыма, не змаглі спартсмены прызвычаіцца да асвятлення ціра Обальскай СШ, а, мабыць, і занадта перахваляваліся перад стартам. Затое ў падцягванні вучні паказалі добрыя вынікі.
Асноўны старт свята – лыжныя гонкі на 5 км. Менавіта гэты від і прыносіў найбольшую колькасць балаў у агульнакамандную скарбонку.
Па выніках спаборніцтваў сярод сельскіх школ аднолькавую колькасць ачкоў набралі каманды раённай гімназіі (Дзяніс Максімаў, Арцём Бандарэнка; настаўнік фізкультуры С. П. Вашадок) і Амбросавіцкай школы (Арцём Чаплінскі, Аляксей Шустроў; А. М. Ласянкоў). Па дадатковых паказчыках перамогу атрымала гімназія. Трэцяе месца ў хлопцаў з Мікіціхінскай СШ (А. Я. Асташонак). Сярод гарадскіх школ перамогу святкавалі обальскія спартсмены (Аляксандр Барсукоў, Павел Папкоў; П. В. Ганушчанка, К. В. Шаракоў).
Па выніках раённых спаборніцтваў сфарміравана каманда для ўдзелу ў абласным фізкультурна-спартыўным комплексе “Абаронца Айчыны”.
Супраць дэпрэсіі — трэнажор
Як пазбегнуць зімняй дэпрэсіі і ў добрай фізічнай форме сустрэць вясну? Такое пытанне мы адрасавалі інструктару ФСК “Здароўе” Пятру Пятровічу РУДОВУ.
— На мой погляд, лепш за ўсё змагацца з зімняй дэпрэсіяй у трэнажорнай зале. Атлетычная гімнастыка не толькі ўмацоўвае здароўе, але і дае эмацыянальны ўздым. Што, згадзіцеся, зімой вельмі важна. Акрамя гэтага, трэнажоры дазволяць вам сустрэць вясну ў добрай фізічнай форме. Заняткі праходзяць у панядзелак, сераду і пятніцу з 18.00 да 21.00. Кошт даступны.
Вольная барацьба
22-24 студзеня ў Віцебску прайшоў міжнародны турнір па вольнай барацьбе. Акрамя спартсменаў з Беларусі за перамогу змагаліся барцы з Расіі і Малдовы.
Выхаванцы Пятра Ганушчанкі тройчы ўздымаліся на п’едэстал: у вагавой катэгорыі 42 кг другім стаў Вадзім Грачухін, трэція месцы заваявалі Уладзіслаў Грачухін (46 кг) і Кірыл Чухноў (42 кг).
Валейбол
У канцы мінулага тыдня Орша прымала ўдзельнікаў Алімпійскіх дзён моладзі па валейболе сярод юнакоў 1994-1995 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах выступалі каманды з Оршы, Шуміліна, Віцебска, Полацка і Бешанковіч.
У першай сустрэчы наша каманда, якую трэніруе А. Я. Завадскі, ва ўпартай барацьбе прайграла аршанскім валейбалістам.  Затое ўсе астатнія сустрэчы пераканаўча выйгралі.  У выніку – другое месца. Лепшую гульню на пляцоўцы паказалі Дзмітрый Суханаў і Уладзіслаў Парамянкоў. У склад зборнай вобласці трапілі Дзмітрый Суханаў і Вячаслаў Зайцаў.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *