Посевная в Шумилинском районе набирает обороты

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Пасяўная набірае абароты
Хаця вясна і затаілася ў набрынялых і сонных пасля зімы пупышках дрэў, але ўсё ж такі выдае сябе жаўцізною падбелу, блакітам пралесак і гулам трактароў на палетках. З раніцы яны абуджаюць усё наваколле ААТ “Прыдзвінскі”: баранаваць глебу спяшаецца на палеткі Аляксандр Рыдачэнка, сеяць – Сяргей Бараноўскі, падвозіць зерне – Андрэй Каваленка.
На мінулым тыдні мы пабывалі ва ўрочышча Гаравыя. Тут сеялі зернебабовыя. “Пакуль што працуе толькі адна сеялка, бо зямля не паспявае так хутка высыхаць, – кажа дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў. – На палетках Прыдзвіння падсохла яшчэ ў канцы сакавіка – тады і пачалі пасяўную. Праўда, з-за дажджоў быў часовы перапынак, але цяпер работы зноў узнавіліся. Зараз сеем авёс з пялюшкай.  Пялюшка багатая на бялок, з гэтай сумесі мяркуем рабіць уласны камбікорм для жывёлы”.
Назіраем, як на невялікім полі ля будынка былой фермы ў Гаравых працуе сеялка. Калі Сяргей Бараноўскі (на здымку) пад’язджае на край поля, пытаемся ў яго пра асаблівасці сёлетняй пасяўной. Негаваркі мужчына сціпла адказвае: “Працую, як і кожны год. За дзень паспяваю засяваюць па 15-16 гектараў. Засыпаў у бункер з тону зерня – і наперад”.
Гаруча-змазачнымі матэрыяламі “Прыдзвінскі” забяспечаны. У. І. Дзятлаў расказаў, што гаспадарцы з рэспубліканскага рэзерву Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выдзелілі 49 тон паліва. Прычым, пайшлі на ўступкі: разлічыцца за яго трэба да красавіка будучага года.
У прыпар па палетках “Прыдзвінскага” будзе працаваць на шасцімятровым пасяўным агрэгаце вопытны сеяльшчык Юрый Літвінаў. Гатовы выехаць на падмогу і Юрый Аўчыннікаў – ён падчапляе да свайго МТЗ трохмятровую сеялку.  Механізатары зацікаўлены якасна апрацоўваць глебу і гэтак жа сеяць, бо кіраўніцтва гаспадаркі паабяцала матэрыяльную ўзнагароду. Напрыклад, на сеялцы “Лемкен” за якасную работу механізатар атрымае да  60% даплаты, падлічылі эканамісты. У гаспадарцы распрацаваны і ўмовы спаборніцтваў на сяўбе, згодна з якімі лепшыя механізатары таксама атрымаюць грашовыя прэміі.
Работы ў  “Прыдзвінскім” наперадзе непачаты край. У красавіку мяркуюць засеяць амаль тысячу гектараў зерневых і зернебабовых, 450 гектараў кукурузы. Дадаў работы і рапс – вымакла ці вымерзла каля сарака гектараў, іх будуць перасяваць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 14.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *