Доска почёта Шумилинского района: Ирина Низович

Актуалии Общество Экономика

Каб лячыць чалавецтва
Ірына Віктараўна Нізовіч працуе ветэрынарным фельчарам больш за два дзясяткі гадоў. Працуе адказна, з душой, за што кіраўніцтва ДЛПУ “Шумілінская раённая ветэрынарная станцыя” і прапанавала яе кандыдатуру на раённую Дошку гонару.
Сама з Мінскай вобласці, расла ў працавітай сям’і, дзе заўсёды трымалі цэлы двор жыўнасці: дзве каровы, свінаматку, тры-чатыры парасяці, гусей, кур, качак…
Адсюль выцякае яе разуменне жывёлы. А без разумення які ты лекар? Калі ты правільна вызначыш дыягназ, кажа Ірына, лячэнне хутка дасць плён, жывёла пойдзе на папраўку, і тады ты адчуваеш сябе на вышыні. Адчуваеш гонар за сваю прафесію і разумееш, чаму акадэмік Іван Паўлаў сцвярджаў, што медыцынскі ўрач лечыць чалавека, а ветэрынарны – чалавецтва.
Якую жывёлу складаней лячыць? Дробную, адказвае ветфельчар. Цяжка лячыць катоў і сабак, асабліва пародзістых, з каровамі і свіннямі прасцей. Яна ўспамінае, што не так даўно толькі ў Шуміліне было чатыры статкі кароў, а цяпер толькі жменька засталася. Затое бяздомных катоў і сабак — процьма. Чалавека ж цягне да жывёлы, вось ён і заводзіць сабе Мурку ці Шарыка, а потым нацешыцца і вон, лепш бы карову займеў – бяздомных кароў не бывае.
Звычайны рабочы дзень ветэрынарнага фельчара складаецца з лячэбна-прафілактычных працэдур на грамадскіх статках, выездаў па выкліках прыватных гаспадароў, напісання розных папер. Асаблівых праблем у рабоце яна не адчувае. Праблемы рашае Іван Уладзіміравіч (І. У. Галуза – кіраўнік Шумілінскай раённай ветэрынарнай станцыі – аўт.), усміхаецца Ірына Віктараўна і дадае, што з кіраўніком ёй пашанцавала.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №4 ад 13.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *